«Патрэбныя лекі і лісты на роднай мове». Палітвязень з Горадні даслаў першы ліст з СІЗА


Палітвязень Яўген Разнічэнка даслаў ліст з менскага СІЗА №1 уладальніку гарадзенскай крамы «Адметнасць» Сяргею Верамеенка і папрасіў яго распаўсюдзіць.

Гарадзенца Яўгена Разнічэнка затрымалі ў Горадні ў ноч з 29 на 30 траўня. 29 траўня ён прысутнічаў на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай у кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі. Падчас патасоўкі, якая адбылася на Савецкай плошчы, супрацоўнік міліцыі ўпаў на рукі Яўгена. Гарадзенец яго акуратна паклаў на плітку.

Фота: Belsat.eu

Перад затрыманнем Разнічэнка паспеў запісаць галасавое паведамленне і размясціў яго ў Тэлеграм-чаце «Страна Для Жизни». Ён паведаміў, што міліцыянт апынуўся ў яго на руках, але ён яго не біў.

«Хутчэй за ўсё, паспрабуюць прышыць «крыміналку». Калі я перастану выходзіць на сувязь, хлопцы, разумейце, што гэта правакацыя з боку спецслужбаў», – сказаў Яўген Разнічэнка.

Фота: Belsat.eu

Ліст ад Яўгена Разнічэнкі прыйшоў уладальніку гарадзенскай крамы «Адметнасць» Сяргею Верамеенка 23 чэрвеня. Гарадзенец адпраўляў яго 11 дзён таму з СІЗА (6 чэрвеня). У лісце палітвязень дзякуе ўладальнікам крамы за салідарнасць і просіць дапамогі.

«Думак у галаве не шмат, больш слёз пры напісанні лістоў. Хочацца вас прасіць, каб як мага больш людзей даведаліся пра тое што адбывалася ў той дзень і пачалі дасылаць свае лісты як гэта было ў Горадні. Бо на сённяшні дзень не хапае людской падтрымкі і было б яшчэ пажадана, каб гэтыя лісты былі як мага больш на роднай мове. І па магчымасці дасылаць прэсу», – прыводзім поўную цытату з ліста Яўгена.

Таксама палітвязень просіць дапамагчы яму з лекамі, бо ў яго сям’і зараз іншыя праблемы. Яўгену патрэбна мазь ад псарыязу: украінская «Бетасалик» або расейская «Белосалик». У месяц яму трэба 4−5 такіх цюбікаў.

Фота: Belsat.eu

Яўгену Разнічэнка 35 гадоў. Да вясны 2020 года гарадзенец працаваў у Маскве будаўніком. Вымушаны быў вярнуцца ў Горадню, бо памёр ягоны бацька. Назад у Расею мужчына ўжо выехаць не змог – закрылі мяжу з-за каронавіруса. У родным горадзе Разнічэнка ўладкаваўся будаўніком і стаў палітычным актывістам. Першы раз гарадзенца асудзілі 8 траўня – яму далі пяць содняў арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў падтрымку аўтара блога «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага.

Баляслаў Журакоўскі, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў