Пасля выбараў у Беларусі пачынаюцца замаразкі – прагноз надвор’я на тыдзень


На гэтым тыдні ў Беларусі пахаладае. У першай палове тыдня яшчэ захаваецца цёплае сырое надвор’е з тэмпературным фонам, на 4–6 градусаў вышэйшым за кліматычную норму. Але бліжэй да канца працоўнага тыдня тэмпература апусціцца да кліматычнай нормы, а на ўсходзе краіны – будзе на 1–3 градусы ніжэй за норму.

Паводле Белгідрамету, у аўторак без істотных ападкаў, толькі ўдзень месцамі на ўсходзе невялікія дажджы. У асобных раёнах слабы туман. Уначы ад мінус 1 да плюс 7, удзень ад 3 градусаў цяпла на ўсходзе да 12 на паўднёвым захадзе краіны.

У сераду таксама без істотных ападкаў, толькі ноччу і раніцай на паўднёвым усходзе невялікія ападкі, у асноўным дождж. Ноччу і раніцай месцамі туман. Ноччу 1-7 градусаў цяпла, на ўсходзе пры праясненнях да мінус 2. Удзень – 2 – 9 градусаў вышэй за нуль, на паўднёвым захадзе да 11.

У чацвер без істотных ападкаў. Ноччу і раніцай слабы туман. Удзень месцамі парывісты вецер. Ноччу на ўсходзе краіны да мінус 1 градуса, удзень на паўднёвым захадзе да плюс 9.

У пятніцу-нядзелю пераважна без ападкаў, толькі ў асобных раёнах на захадзе краіны невялікія кароткачасовыя дождж і мокры снег, слабы галалёд. Уначы 1-8 градусаў марозу, на ўсходзе да мінус 10. Удзень да плюс 5 на захадзе.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў