Пасля 26 содняў арышту на свабоду выйшаў медык Андрэй Вярбіцкі


Жыхары Магілёва ладзілі акцыі на яго падтрыманне.

Андрэй Вярбіцкі пад ІЧУ у Магілёве. Фота belsat.eu

26 кастрычніка ў медыка Андрэя Вярбіцкага адбыўся трэці суд за ўдзел у мірных акцыях пратэстаў. Два папярэднія прысудзілі яму 12 і 14 содняў арышту. Сёння і Андрэй і ягоныя сваякі чакалі прыкладна такога ж выраку, але нешта пайшло не так. Суддзя Аксана Ратнікава пакарала Вярбіцкага штрафам у 20 б.в., дзякуючы чаму ён нарэшце выйшаў на свабоду.

«Я думаў, што мне накінуць яшчэ 10 содняў, але рады, што гэтага не адбылося. Цяпер няма асаблівых думак, хочацца толькі хутчэй дадому, да сям’і дабрацца. Хачу павіншаваць дачку з Днём народзінаў, які прайшоў, пакуль я быў на соднях», – сказаў Андрэй на выхадзе з ізалятара.

Hавiны
«Ударылі па галаве, селі на плечы». Сёння з больніцы выходзіць магілёвец, які пацярпеў на нядзельным маршы
2020.09.30 11:20

Увесь час Андрэй не быў адзін – ён сядзеў у камерах з такімі ж арыштаванымі, як і сам – па ч.1. парт. 23.34 КаАП.

Сакамернікі і расказалі Андрэю, што на волі людзі масава ладзяць акцыі на яго падтрыманне. Людзей кранула гісторыя незнаёмага для іх Вярбіцкага праз асаблівую жорсткасць і цынічнасць з боку сілавікоў.

Магілёўскія партызаны робяць фота ў падтрымку Андрэя Вярбіцкага

27 верасня Андрэя Затрымалі на пратэсце ў Магілёве. Яму разбілі галаву, з-за чаго ён патрапіў у больніцу. Праз пару дзён міліцыянты забралі яго проста з судова-медыцынскай экспертызы і змясцілі ў ізалятар да суду. Там Андрэй застаўся на 26 содняў.

«У ізалятары было нармальна, у адрозненні ад Ленінскага РАУС. Ёсць там чалавек, які атрымлівае асалоду ад усяго гэтага. Усе тры мае эпізоды былі вядомыя загадзя і можна было скласці пратаколы адразу па трох, а ён, замест гэтага, дасылаў у суд справы па адной. Чаму да мяне было такое стаўленне, не ведаю. Магчыма таму, што я вырашыў не сведчыць супраць сябе, што мне дазваляе рабіць 27 арт. Канстытуцыі», – сказаў Андрэй Вярбіцкі перад тым, як пайсці дадому.

Логіку ў судовых выраках за ўдзел у мірных мітынгах пратэсту зразумець сапраўды цяжка. Аднаму аб’ядноўваюць у адну справу па 3-4 пратаколы і даюць штраф, а Андрэю Вярбіцкаму давалі содні асобна за кожны пратакол. Хоць трэці суд і скончыўся штрафам, але і з ім было не ўсё добра. Суд прайшоў амаль патаемна – ён распачаўся на паўгадзіны раней, чым было пазначана ў раскладзе і таму ўсе ахвочыя змаглі патрапіць толькі на распаўсюд выраку.

Hавiны
Медыка, якому разбілі галаву на пратэстах у Магілёве, судзілі другі раз
2020.10.14 12:45

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў