«Парвем дачку ад вуха да вуха». Школьніца паскардзілася Пуціну на маленькі заробак маці – на сям'ю пасыпаліся пагрозы


Жыхары вёскі Томсіна Пскоўскай вобласці зацкавалі 12-гадовую Таісію Перчыкаву і ейную маці Алену пасля таго, як дзяўчынка напісала ліст прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну ды паскардзілася на нізкі заробак маці. Пра гэта піша «Радыё Свабода» і «Медуза».

Ліст Пуціну дзяўчынка напісала летась у снежні ўпотай ад маці і адправіла яго праз форму на сайце Крамля. У ім яна паскардзілася на маленькі заробак мамы (12 000 расейскіх рублёў – каля $ 185) і на тое, што адзіную школу ў Томсіна – зачынілі. У лісце дзяўчынка папрасіла падарыць ейнай маці мотаблок або міні-трактар для агароду.

У студзені 2019 года камітэт сацыяльнай абароны Пскоўскай вобласці паведаміў, што дапамагчы сямʼі «не ўяўляецца магчымым».

Пасля артыкулу на «Радыё Свабода» пра жыццё Перчыкавых ім пачала паступаць дапамога – сямʼі дасылалі пасылкі з дзіцячымі рэчамі і канцылярскімі прыладамі, а на банкаўскую карту ўдалося сабраць каля 90 000 рублёў ($ 1385). Адзін з фондаў падарыў Таісіі ноўтбук.

Таісія Перчыкава

Пасля гэтага Перчыкавых пачалі цкаваць – у інтэрнэце і ў вёсцы. Знаёмыя Таісіі перасталі размаўляць з ёй, а ў раённых пабліках ва «УКантакце» сямʼю асуджалі за просьбы аб дапамозе.

У лютым з Таісіяй звязаліся з акаўнту незнаёмага хлопчыка. У перапісцы ён сказаў, што дзяўчынка прыгожая і ён хацеў бы з ёй сустракацца. Невядомы папрасіў яе даслаць «аголеныя фатаграфіі», паабяцаўшы, што нікому іх не пакажа. Дзяўчынка даслала яму здымак, пасля чаго акаўнт хлопчыка выдалілі, а фотаздымак Таісіі, паводле ейнай маці, распаўсюдзілі па ўсіх раённых пабліках. Маці напісала заяву ў паліцыю, цяпер, паводле яе, вырашаецца пытанне аб узбуджэнні справы паводле артыкулу аб распаўсюдзе дзіцячай парнаграфіі.

У лютым Алене Перчыкавай патэлефанавалі з незнаёмага нумара і пагражалі – «калі ты не разумееш з першага разу, у наступны дачку парвуць ад вуха да вуха». Пасля гэтага Таісія стала баяцца выходзіць з дому. На жанчыну таксама пачалі скардзіцца на працы, і 13 сакавіка яна звольнілася. «Медуза» піша, што Перчыкавым пагражаюць на вуліцах.

Маці Таісіі. Фота – svoboda.org

Паводле мясцовага жыхара Сяргея, які адмовіўся называць сваё прозвішча, у вёсцы «усім цяпер цяжка жывецца». Ён дадаў, што аднавяскоўцы правільна зрабілі, паставіўшы сямʼю на месца. Іншая жыхарка вёскі даведалася ад сваёй дачкі, што Таісія «тая яшчэ выскачка», і яе «правучылі па заслугах». Цяпер Алена шукае новы дом, каб зʼехаць з Томсіна.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў