Пяць падабенстваў паміж пратэстамі-2020 і супрацівам 1861 года


Беларусам уласціва выступаць і адстойваць свае правы са старажытных часоў. Найчасцей змагаліся за лакальныя правы – цэхавых арганізацыяў, асобных катэгорый грамадзянаў (напрыклад, габрэяў). На Гарадзеншчыне рух супраць дзяржаўнай улады ўпершыню адзначаюць у 1861 годзе. Ён насіў выключна мірны характар і стаў важным крокам на шляху да рыхтавання ўзброенага супраціву падчас паўстання Каліноўскага. Гэты рух ахапіў усе пласты грамадства: ад работнікаў і рыбакоў да дактароў, настаўнікаў і мясцовых чыноўнікаў. Шмат актыўных удзельнікаў гэтага руху бралі ўдзел у паўстанні 1863 года.

Штуршком да пачатку масавых акцыяў у 1861 годзе сталіся расстрэлы царскімі войскамі мірных патрыятычных дэманстрацыяў у Варшаве 15 лютага і 28 сакавіка. Пачаўся рух салідарнасці з ахвярамі: спачатку ў Варшаве ды іншых польскіх гарадах, затым – у Беларусі і Літве.

Паміж пратэставым рухам 1861 года і сённяшнімі падзеямі ў Беларусі шмат супольнага. Шукаем паралелі разам з гарадзенскім гісторыкам, кандыдатам гістарычных навук Алесем Радзюком.

Паралель першая: роля жанчын

Як і сёння, выключную ролю ў тых падзеях адыгралі жанчыны. Яны выступалі як ініцыятаркі і непасрэдныя ўдзельніцы, натхнялі іншых на барацьбу. У спісе паліцмайстра, які адзначаў найбольш актыўных удзельнікаў пратэстаў, пад першым нумарам была Ажэшка, жонка былога маршалка кобрынскага дваранства.

Жаночы марш. Менск, 26 верасня 2020 г.
Фота: Аліса Ганчар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Паралель другая: Цеханоўскі і Ціханоўскі

Пад нумарам тры ў спісе паліцмайстра значыўся доктар Цэлясцін Цеханоўскі. У 1863 годзе Кастусь Каліноўскі прызначыў яго паўстанцкім начальнікам Горадні. Тут яго ў тым жа годзе арыштавалі і саслалі ў Сібір.

Блогера і палітычнага вязня Сяргея Ціханоўскага, як вядома, у 2020 годзе таксама арыштавалі ў Горадні.

Сяргей Ціханоўскі ў Горадні. 30 траўня 2020 г.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Паралель трэцяя: колеры як сімвал і барацьба ўладаў супраць іх

Сёлета бел-чырвона-белае спалучэнне колераў стала лакмусаваю паперкаю прыналежнасці да пратэставага руху. Супраць гэтых колераў вядзецца вайна з боку ўладаў. У 1861 годзе была падобная сітуацыя, толькі з іншым колерам – чорным. Людзі паўсюдна насілі чорнае, каб выказаць жалобу па забітых падчас варшаўскіх падзеяў. Так апраналіся найперш жанчыны.

Чорний одяг як символ протесту
Чорний одяг як символ протесту

Паралель чацвёртая: рэакцыя ўлады (забароны, звальненні, арышты)

Царскія ўлады імкнуліся рознымі сродкамі здушыць рух супраціву гарадзенцаў. Пастаянна выходзілі прадпісанні забараніць нешта, напрыклад, выкананне рэлігійна-патрыятычных гімнаў (як тут не згадаць сёлетняй забароны выконваць гімн «Магутны Божа»). Аднак эфект ад забаронаў быў цалкам супрацьлеглым таму, на які яны былі разлічаныя. Гарадзенскі губернатар Шпеер паведамляў віленскаму генерал-губернатару: «Я папярэджваў служачых, папярэджваў ксяндзоў… У касцёле спевы не толькі не зменшыліся, але, наадварот, павялічыліся».

Варшаўскі расстрэл 1861 года

Зразумеўшы, што прадпісаннямі і забаронаю на сітуацыю не паўплываць, адміністрацыя перайшла да больш радыкальных крокаў: звальнялі чыноўнікаў, якія найбольш актыўна бралі ўдзел у пратэстах, высылалі актыўных асобаў у аддаленыя губерні Расейскай імперыі.

Акцыі гарадзенцаў ды іншыя праявы грамадскага непадпарадкавання прывялі гарадзенскія губернскія ўлады ў роспач. Яны не ведалі, што рабіць з непакорлівымі гараджанамі, і звярнуліся да царскіх уладаў. На пачатку жніўня яны перайшлі ў контрнаступленне, план якога быў распрацаваны ў Санкт-Пецярбурзе і прадугледжваў цэлы комплекс рэпрэсіяў у дачыненні ўдзельнікаў пратэстаў: штрафы, арышты, стварэнне адмысловых паліцэйскіх судоў, выкарыстанне войска ды іншае.

Для ўзмацнення адміністрацыйнага рэсурсу ў Горадні змяняюць гарадзенскага губернатара: у верасні замест Івана Шпеера ставяць губернатарам дзейнага генерал-маёра, камандуючага войскамі Аляксандра Дранякіна, чалавека з рэпутацыяй жорсткага, бязлітаснага выканаўцы, вядомага тым, што патапіў у крыві сялянскія выступы ў Пензенскай губерні. Гарадзенцы ж зладзілі «ўрачыстыя праводзіны» старога губернатара Шпеера, які фактычна быў вымушаны ўцякаць з Горадні: на выездзе з гораду ягоную карэту закідалі пяском і абсвісталі.

Уладзімір Каранік у Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

У жніўні 2020 года з мэтаю здушыць вольную Горадню ўлады здымаюць кіраўніка Гарадзеншчыны Уладзіміра Краўцова і ставяць на ягонае месца экс-міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка. Пасля гэтага прызначэння пачалося закручванне гаек ува ўсіх сферах.

Паралель пятая: формы мірнага пратэсту (спяванне песень, збор грошай рэпрэсаваным, маршы, напісанне скаргаў, дваравыя фэсты)

Гарадзенцы, стала зазнаючы ціск прэвентыўных, забаронных і рэпрэсіўных захадаў, шторазу знаходзілі адказ гэтым выклікам.

Асноўнаю формаю пратэсту гарадзенцаў у 1861 годзе былі спевы забароненых уладамі рэлігійна-патрыятычных гімнаў. У асноўным гэта адбывалася ў касцёлах: у святынях забароненыя песні выконваліся на матыў штодзённых малітваў. Месцам выканання сталі таксама прыватныя кватэры, вуліцы ды нават могілкі (у 2020 годзе актыўна спяваліся беларускія песні ў гандлёвых цэнтрах і на вуліцах).

Найбольш масавая і рэзанансная акцыя адбылася ў Горадні 14 жніўня 1861 года ў адказ на ўзмацненне рэпрэсіяў: гарадзенцы планавалі шматтысячны марш ад Фарнага касцёлу ў Ружанасток (Царства Польскае).

Гэта выклікала сапраўдны перапалох мясцовых уладаў. Губернатар Шпеер асабіста і праз паліцыю неаднаразова папярэджваў пробашча Фарнага касцёлу Юльяна Маеўскага пра недапушчэнне працэсіі. Той ігнараваў папярэджанні. Тады губернатар пастанавіў дзейнічаць на апярэджанне: загадаў зачыніць Фарны касцёл. У адказ на гэта ў святыні пачалося ўсяночнае набажэнства. Губернатар у тэлеграме віленскаму генерал-губернатару Назімаву фактычна прызнаў уласную няздольнасць даць рады і быў гатовы ўжыць вайсковую сілу супраць пратэстоўцаў.

З Горадні штодня адсылаліся тэлеграмы ў Вільню аб падзеях, што адбыліся за суткі

З Вільні прыйшло прадпісанне: развесці мост на Нёмне, каб не даць людзям прайсці, ачапіць войскамі цэнтральную Саборную (сёння – Савецкую) плошчу і навакольныя вуліцы, арыштоўваць найбольш дзёрзкіх.

У другой палове дня працэсія з некалькіх соцень чалавек пакінула касцёл і аказалася аточаная з усіх бакоў узброенымі вайскоўцамі. Сітуацыя напалілася, губернатар бегаў па плошчы, але на развіццё падзеяў ужо не мог уплываць. Толькі дзякуючы вытрымцы ксяндза Маеўскага і камандуючага войскамі не дайшло да сутыкненняў ды кровапраліцця. Пратэстоўцы прайшліся некалькі разоў па ачэпленай плошчы, праспявалі гімны, і на гэтым усё скончылася.

У пратэстах бралі ўдзел не толькі каталіцкія, але і праваслаўныя святыні. Напрыклад, улетку 1861 года гарадзенцы збіраліся каля сценаў Каложскай царквы, каб скласці ўрачыстую прысягу. Праваслаўныя вернікі таксама далучаліся да пратэстаў.

Гэтая маніфестацыя зрабілася адною з прычынаў увядзення 22 жніўня ваеннага становішча ў Беластоку і Горадні. На дапамогу паліцыі прыйшлі вайскоўцы, уводзілася крымінальная адказнасць цывільных асобаў паводле законаў ваеннага часу. Аднак гарадзенцы працягвалі праяўляць крэатыўнасць.

Так, у адказ на забарону выходзіць з дому пасля 21:00 без ліхтара гараджане пачалі ладзіць гульні з ліхтарамі на плошчы. У адказ на ўвядзенне вайсковага пастою гарадзенцы пачалі масава пісаць калектыўныя скаргі ў Сенат.

Звальненні і высылкі выклікалі акцыі салідарнасці з пакаранымі пратэстоўцамі. Адна з найбольш масавых акцыяў адбылася ў ваколіцах Горадні. Паводле розных звестак, у ёй узялі ўдзел ад 300 да 1000 чалавек. Акцыя была звязаная з высылкаю ў Тамбоўскую губерню афіцэра Пскоўскага пяхотнага палка Вольскага за актыўны ўдзел у адной з маніфестацыяў у Беластоку. Гарадзенцы крычалі «Ура!», «Няхай жыве Вольскі!», падкідвалі ў паветра капелюшы, а таксама падтрымалі ссыльнага грашыма.

Удзельнікі агульнаграмадзянскага маршу «За свабоду». 16 жніўня, 2020 г. Горадня.
Фота: Васіль Малчанаў / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Збор грошай, стварэнне грамадскіх касаў узаемадапамогі былі галаўным болем царскіх уладаў, супраць якога яны так і не знайшлі сродкаў. Такою дапамогаю займаліся пераважна жанчыны. Частка сабраных грошай ішла на падтрыманне ахвяр рэпрэсіяў, частка пайшла на патрэбы будучага паўстання.

Улетку 1861 года адбылося маштабнае пікетаванне палацу губернатара з патрабаваннем вызваліць арыштаванага напярэдадні актыўнага завадатара антыўрадавага руху, чыноўніка губернскага кіравання Віктара Лебеля. У Фарным касцёле падчас выканання забароненых гімнаў ён пагразіў пальцам аднаму з паліцэйскіх прыставаў, які імкнуўся зафіксаваць усіх, хто спяваў. За гэта быў арыштаваны. Дэманстрацыя каля палацу так напалохала губернатара, што ён выклікаў дзве роты ўнутранай варты, і толькі ўмяшанне конных жандараў прымусіла гараджанаў разысціся.

Увосень 1861 года на авансцэну выходзіць вучнёўская моладзь. Пратэсты перакідваюцца ў гарадзенскую гімназію. Гімназісты ладзяць «кашачыя канцэрты»: не даюць праводзіць заняткаў шумам і свістам.

Акрамя гэтага, праводзяцца вулічныя сустрэчы з гарбатаю, пачастункамі і танцамі – як сёння ў гарадскіх дварах.

1861 год – час, калі ў Горадні ўпершыню з’яўляецца нелегальная літаратура. Сёння людзі масава карыстаюцца тэлеграм-чатамі для каардынацыі дзеянняў. Тады ж гэтую функцыю выконвалі першыя нелегальныя газеты, якія масава распаўсюджваюцца ў горадзе. Былі газеты, адрасаваныя расейскай арміі, з заклікам падтрымаць у гэтай барацьбе беларусаў, палякаў і літоўцаў. Былі звароты да мясцовага насельніцтва: «Гутарка старога дзеда», «Гутарка двух суседзяў». У 1863 годзе, калі сюды прыязджае Каліноўскі, у Беластоку пачынаюць выдаваць «Мужыцкую праўду».

Пратэставы рух у канцы 1861 года ацішэў і прыняў новыя формы рыхтавання да ўзброенай барацьбы, каб праз два гады выбухнула паўстанне Каліноўскага. Адною з прычынаў таго, што царскім уладам так доўга не ўдавалася перамагчы беларусаў, была згуртаванасць і крэатыўнасць апошніх. Беларусы дэманстравалі сапраўдную еднасць і выступалі як адзінае «мы», былі гатовыя бараніць сваіх і дапамагаць ахвярам рэпрэсіяў.

Саша Праўдзіна belsat.eu

Стужка навінаў