Памёр вядомы беларускі эканаміст Леанід Заіка


У Менску памёр эканаміст і палітолаг Леанід Заіка. Пра гэта «Белсату» паведамілі яго сваякі.

У Леаніда Фёдаравіча быў каронавірус, меркавана, і ўскладненне пасля хваробы. Гэтай ноччу ў яго спынілася сэрца.

У яго застаўся 16-гадовы сын, якога Леанід Фёдаравіч пасля смерці жонкі выхоўваў адзін.

Пра час і месца пахавання паведамяць пазней.

Леанід Фёдаравіч Заіка – вядомы беларускі эканаміст. Нарадзіўся ў 1948 годзе ў Горадні.

У 1970 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (зараз Беларускі эканамічны ўніверсітэт). Кандыдат эканамічных навук, дацэнт.

Выкладаў ва ўніверсітэтах Беларусі, чытаў навучальныя курсы і знаходзіўся на навуковай працы ў Вышэйшай Школе Эканомікі (Берлін), Народным Універсітэце Кітая (Пекін), Маскоўскім Дзяржаўным Універсітэце (Расея), Інстытуце эканамічнага развіцця (Вашынгтон), Санкт-Пецярбургскім універсітэце (Расея), Кіеўскім (Украіна) і Ташкенцкім (Узбекістан) універсітэтах.

У 1991-1994 гг. займаў пасады загадчыка кафедры, прарэктара Нацыянальнага інстытута гуманітарных навук, дэкана эканамічнага факультэту Еўрапейскага Гуманітарнага універсітэту.

З 1992 года кіраваў праектамі Сусветнага банка па макраэканамічнай палітыцы ў Беларусі.

1996-1999 гг. – член Савета па эканамічным развіцці Савета міністраў Рэспублікі Беларусь.

2000-2002 гг. – член Экспертнага Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

З 1997 года кіраваў Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Аналітычны цэнтр “Стратэгія”».

У 2000 годзе быў навуковым рэдактарам Нацыянальнай справаздачы аб чалавечым развіцці Рэспублікі Беларусь, узначальвае Навукова-кансультатыўны Савет ПРААН у Беларусі па падрыхтоўцы Нацыянальных справаздач.

Распрацоўшчык праграмы «Стратэгія для Беларусі» (1999-2000 гг.), шэрагу законапраектаў.

Навуковы кансультант, эксперт шэрагу міжнародных арганізацый, аўтар і навуковы рэдактар шматлікіх кніг і публікацый у Беларусі і за мяжой.

Леанід Заіка рэгулярна каментаваў эканамічную сітуацыю ў недзяржаўных медыях Беларусі, у тым ліку на «Белсаце».

Нашыя шчырыя спачуванні сваякам і блізкім.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў