Памёр савецкі дысідэнт і праваабаронца Уладзімір Букоўскі


Савецкі і расейскі дысідэнт, праваабаронца і пісьменнік Уладзімір Букоўскі памёр 27 кастрычніка ў Вялікай Брытаніі на 77 годзе жыцця. Як паведамляе цэнтр, названы яго імем, у яго спынілася сэрца ў больніцы Кембрыджу.

Букоўскі нарадзіўся ў 1942 годзе. У 14 гадоў стаў перакананым праціўнікам камунізму, а ў 17 за ўдзел у выданні рукапіснага часопісу быў выключаны са школы. У 1960 годзе ён стаў адным з арганізатараў рэгулярных сходаў моладзі ля помніка Маякоўскаму ў Маскве. Тады ж быў адлічаны з Маскоўскага ўніверсітэту.

ВІДЭА
Дысідэнт Уладзімір Букоўскі: За падтрыманне Гарбачовым анексіі Крыму трэба адабраць у яго Нобэлеўскую прэмію міру
2016.05.31 15:55

У траўні 1963 ён быў упершыню арыштаваны за спробу размножыць кнігу «Новы клас» югаслаўскага іншадумца Мілавана Джыласа. Быў накіраваны на прымусовае лекаванне ў Ленінградскую псіхіятрычную лякарню. У 1965 годзе зноў затрыманы і шпіталізаваны за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы «мітынгу галоснасці».

У трэці раз арыштаваны за арганізацыю дэманстрацыі пратэсту супраць арышту іншых дысідэнтаў у 1967 годзе на Пушкінскай плошчы ў Маскве. За гэта ён быў прыгавораны да трох гадоў калоніі. Пасля вызвалення ў 1970 годзе стаў адным з лідараў дысідэнцкага кола ў Маскве.

5 студзеня 1972 года Уладзіміра Букоўскага асудзілі на 7 гадоў зняволення і 5 ссылкі. Але ў снежні 1976-га савецкія ўлады абмянялі яго на лідара камуністычнай партыі Чылі Луіса Карвалана.

У Вялікай Брытаніі Букоўскі скончыў Кембрыджскі ўніверсітэт, быў адным з арганізатараў байкоту Алімпійскіх гульняў у СССР у 1980 годзе. Стаў адным са стваральнікаў і прэзідэнтам міжнароднай антыкамуністычнай арганізацыі «Інтэрнацыянал супраціву». Займаўся вызваленнем савецкіх салдат з палону ў Афганістане.

У красавіку 1991 Уладзімір Букоўскі ўпершыню пасля высылкі наведаў Маскву. Удзельнічаў у працэсе ў «справе КПСС» у Канстытуцыйным судзе Расеі. У 2004 годзе ён стаў сузаснавальнікам грамадска-палітычнага «Камітэту 2008: Свабодны выбар» разам з Гары Каспаравым, Барысам Нямцовым, Уладзімірам Кара-Мурзой малодшым ды іншымі.

У 2007 годзе Букоўскі быў вылучаны кандыдатам у прэзідэнты Расеі, але не быў зарэгістраваны. У 2014 годзе консульскі аддзел расейскай амбасады ў Лондане адмовіўся выдаць яму новы расейскі пашпарт.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў