Палітыкі без палітыкі. Як «Гавары праўду» правяла свой «Форум новых людзей»


У канферэнц-зале менскага гатэлю «Пекін» 1 снежня некалькі сотняў чалавек сабраліся на форум грамадскага аб’яднання «Гавары праўду». На парадку дня гучалі самыя розныя пытанні – ад спорту да адукацыі. Сярод спікераў – мясцовыя актывісты, фітнес-трэнерка і былы міністр замежных справаў ГДР. Belsat.eu папрысутнічаў на форуме і даведаўся, пра што гаварылі ўдзельнікі.

Форум грамадскага аб’яднання «Гавары праўду».
Фота: Belsat.eu

«У Беларусі магчыма дыскутаваць не толькі ў Фэйсбуку»

Зала на 500 асобаў запоўненая амаль цалкам. Сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў сцвярджае, што зарэгістраваліся больш за 400 чалавек. Пасля рэгістрацыі ў фае кожнаму ўдзельніку выдаюць бэйдж і фірмовы блакнот з асадкай. Таксама ўсе ахвотныя маглі бясплатна ўзяць газеты «Народная воля» і «Свободные новости плюс». На сцэне – крэслы для прамоўцаў, расстаўленыя на фоне вялікіх банераў з лозунгам па-расейску: «Мы услышим каждого». Ён пераклікаецца з «Услышу каждого» часоў перадвыбарнай кампаніі Віктара Януковіча.

Мадэраваць форум узяўся вядомы ўкраінскі журналіст Андрэй Кулікоў, які сёлета ў красавіку быў мадэратарам на гістарычных дэбатах на стадыёне ў Кіеве паміж Пятром Парашэнкам і Уладзімірам Зяленскім. Ён адмыслова прыляцеў у Менск на запрашэнне Дзмітрыева. Апошні кажа, што раней ніколі не супрацоўнічаў з Куліковым, а запрасіць яго вырашыў, бо натхніўся «стадыёнам» і захацеў паказаць, што «ў Беларусі магчыма дыскутаваць не толькі ў Фэйсбуку».

Фота: Belsat.eu

Адкуль у цёмныя часы бярэцца надзея?

На пачатку з прывітальным словам выступіў Маркус Мэкель, міністр замежных спраў ГДР у 1990 годзе.

– Мы сёння не будзем казаць пра вялікую палітыку, пра Лукашэнку – гэта не наша справа, – адразу заявіў нямецкі сацыял-дэмакрат.

Маркус Мэкель, міністр замежных спраў ГДР у 1990 годзе.
Фота: Belsat.eu

Замест гэтага нямецкі палітык прапанаваў пагаварыць пра тое, «адкуль у цёмныя часы бярэцца надзея». Мэкель прыгадаў, як у свае 12 год ва Усходнім Берліне пачуў праз сцяну выступ Марціна Лютэра Кінга перад заходнеберлінскай публікай: «Я пачуў, як ён сказаў: «Памятайце, па той бок сцяны таксама жывуць людзі, якіх любіць Гасподзь».

– Быць любімым Богам – значыць імкнуцца да свабоды. Часам некаторыя народы абвінавачваюць у тым, што яны недастаткова імкнуцца да свабоды, але я кажу, што гэта няпраўда. Усе мы, дзе б мы ні жылі – у Еўропе, Амерыцы, Беларусі – роўныя і вартыя павагі, – звяртаецца Мэкель да слухачоў.

Фота: Belsat.eu

Машына для «хуткай», дваравая спартакіяда і мемарыяльная дошка

Пасля натхнёнай прамовы нямецкага палітыка акцэнт форума рэзка змясціўся на справы, якімі актывісты «Гавары праўду» займаюцца ў сваіх рэгіёнах. Вольга Павук з вёскі Рудабелка Акцябрскага раёну Гомельскай вобласці распавядае, як з паплечнікамі сабрала 170 подпісаў за тое, каб улады набылі рэанімабіль для мясцовага шпіталю. Спачатку ім адмовілі, бо ў вёсцы мала насельніцтва, але праз некаторы час усё ж выдзелілі з бюджэту 95 тысяч рублёў на новую машыну «хуткай» з абсталяваннем. Актывістка з Рэчыцы Таццяна Ласіца дамаглася ўсталявання ў горадзе мемарыяльнай дошкі ў гонар народнага артыста СССР Капеляна, а былая фітнес-трэнерка Наталля Наважылава хваліцца, што зладзіла «дваравыя спартакіяды». У пацверджанне на экране дэманструюць кадры трэніроўкі пад песню «Яшчэ ня вечар».

Фота: Belsat.eu

Пасля прысутным прапанавалі задаць пытанні. Людзі цікавяцца, чаму задачы ў «Гавары праўды» не глабальныя. Што яны разумеюць пад «глабальнымі задачамі» – не ўдакладняюць.

Дзмітрыеў: «Мы вызначыліся з кандыдатам у прэзідэнты»

Сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў у размове з карэспандэнткай belsat.eu адзначыў, што мэта форуму – не абмяркоўваць будучую прэзідэнцкую кампанію, а «вырваць людзей з дэпрэсіі».

Сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.
Фота: Belsat.eu

– Пасля гэтак званых выбараў [у Палату прадстаўнікоў. – Belsat.eu] мы хацелі сабраць людзей і сказаць ім: «Не будзьце ў дэпрэсіі, не грызіце сябе!» Так, пэўная частка грамадства ў апатыі, але многія гатовыя дзейнічаць, і мы дзелімся сваім досведам. Для нас было важна вырваць людзей з дэпрэсіі, каб у наступны год зайсці, не памятаючы пра тое, як нас падманваюць, а паказаць, што мы шмат чаго робім і дасягаем, – кажа палітык.

Разам з тым, ён падкрэслівае: «Гавары праўду» вызначалася з кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2020 году, але на форуме гэта вырашылі не анансаваць.

– Агучванне кандыдатаў мы вырашылі адкласці, бо наперадзе святы. Назваць цяпер чалавека, а потым месяц вадзіць карагоды вакол ялінкі? Рашэнне ўнутры «Гавары праўду» ужо прынятае, проста агучым тады, калі будзем гатовыя адразу ж пачаць кампанію. Мы не пойдзем ні ў якія кааліцыі, ні на праймарыз, і мы ўпэўненыя, што збяром неабходныя 100 тысяч подпісаў, – дадае Дзмітрыеў.

Абноўлена
Менск мітынгуе. «Еўрапейская Беларусь» каля ЦВК, «Моладзевы блок» на Зыбіцкай
2019.11.16 17:53

Паводле Дзмітрыева, на сённяшні дзень у «Гавары праўду» каля тысячы чальцоў па краіне. Таццяна Караткевіч, сустаршыня «Гавары праўду», адзначыла, што за тры гады, пасля папярэдняй парламенцкай кампаніі, «ГП» правяла 8 форумаў у розных рэгіёнах.

– Мы можам пахваліцца, што так, мы не занялі першае месца на выбарах, але вынік працы ёсць і гэта значыць – мы ўплываем, – кажа экс-кандыдатка ў прэзідэнты.

Таццяна Караткевіч, сустаршыня «Гавары праўду».
Фота: Belsat.eu

«Для міленіялаў – не той фармат»

У перапынку паміж панэлямі форуму людзі ў фае частуюцца сандвічамі з гарбатай. Спрэчак пра палітыку і выбары не чуваць. З рэгіёнаў прыехалі, у асноўным, удзельнікі сталага ўзросту. Але ёсць і моладзь. 26-гадовы Павел прыйшоў у «ГП» па прапанове сябра пасля таго, як пабыў сёлета назіральнікам на выбарах.

«Калі топіш за праўду – адчуваеш катарсіс», – лаканічна тлумачыць хлопец. Ён кажа, што для яго было непрынцыпова, «да якой апазіцыйнай арганізацыі далучыцца».

26-гадовы Павел (справа) прыйшоў у «ГП» па прапанове сябра.
Фота: Belsat.eu

Форум новых людзей наведалі і сябры Моладзевага блоку Алана Гебрэмарыям і Данііл Лаўрэцкі. На пытанне, што яны тут робяць і ці падтрымліваюць цяпер «Гавары праўду», кажуць: «Тусуемся».

«Шчыра кажучы, для міленіялаў гэта ўжо не той фармат…», – расчаравана ўздыхае Лаўрэцкі.

Hавiны
Найбагацейшыя і найбяднейшыя кандыдаты ў дэпутаты ў Менску: хто яны?
2019.11.06 16:15

Пасля перапынку прамоўцы са сцэны кажуць і пра неабходнасць развіцця фермерскіх гаспадарак, і пра праблемы ў адукацыі, і разважаюць, як падняць заробкі ў рэгіёнах. Выключна па-беларуску прамаўляў толькі адзін выступоўца, бо працоўнай мовай ад пачатку выбралі расейскую. Эксперт з Украіны пытаецца ў залі, якія асацыяцыі выклікае ў тых слова «Украіна».

«Сала», «свабода слова», «слуга народу» – выкрываюць з натоўпу.

Пазней хвілін дваццаць людзі напоўніцу выкарыстоўваюць магчымасць выказацца ў адкрыты мікрафон. Гавораць пра ўсё запар, некаторыя выходзяць па некалькі разоў. Сканчаецца гэты паток заклікам дзядулі «вярнуцца да вучэння Леніна», пасля чаго Дзмітрыеў і Караткевіч лаканічна завяршаюць імпрэзу, яшчэ раз нагадаўшы, што нікога «не заклікаюць да рэвалюцыі». У калонках грае песня Віктара Цоя «Мы ждём перемен».

Кацярына Андрэева Belsat.eu

Стужка навінаў