У Менску адначасова прайшлі дзве перадвыбарчыя акцыі. «Моладзевы блок» зладзіў пікет на вуліцы Зыбіцкай, а на Плошчы Свабоды адбылася «Сустрэча свабодных людзей», якую ў межах перадвыбарчага пікету кандыдаткі ў дэпутаты Алены Талстой зладзілі актывісты «Еўрапейская Беларусь» і каманда Міколы Статкевіча. Акцыя «Еўрапейскай Беларусі» завершылася на плошчы Незалежнасці каля будынку ЦВК.
20:00 Яўген Афнагель падзякаваў усім, хто далучыўся да акцыі «Еўрапейскай Беларусі». У акцыі ўзялі ўдзел каля 100 чалавек.
19:55 Удзельнікі акцыі, якія былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты, спалілі свае пасведчанні аб рэгістрацыі.
19:50 Больш за сотню чалавек падыйшлі да будынку ЦВК.
19:42 Калона выйшла на плошчу Незалежнасці. Удзельнікаў акцыі вітаюць аўтамабілісты
19:40 Да шэсця далучыўся адзін з лідараў БХД Павел Севярынец.
19:30 Калона актывістаў Еўрапейскай Беларусі рушыць па праспекту Незалежнасці ў бок ЦВК.
18:00 На Плошчы Свабоды ў межах перадвыбарчага пікету кандыдаткі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алены Талстой праходзіць акцыя «Сустрэча свабодных людзей».
Удзельнікі акцыі «Моладзевага блоку» сцвярджаюць, што хочуць прыцягнуць увагу ўладаў на пытанні, якія хвалююць моладзь.
Адна з найважнейшых праблемаў, якая хвалюе ўдзельнікаў акцыі (і бачная на плакатах) – закон «аб адтэрміноўках».
Раней «Моладзевы блок» ужо падымаў праблематыку тэрміновай службы і неабходнасць рэфармавання войску з дапамогай перформансу.
Сёння ў Беларусі завяршаецца выбарчая кампанія.
17 лістапада ў Беларусі пройдуць выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу VII склікання.
«Моладзевы блок» – нефармальнае аб’яднанне актывістаў кампаніі #Учебаважнее, «Задзіночання Беларускіх Студэнтаў» (ЗБС) і грамадскага руху Legalize Belarus. Мэта групоўкі – рэформы і змены ў заканадаўстве на карысць беларускай моладзі.
ДД belsat.eu