Найбагацейшыя і найбяднейшыя кандыдаты ў дэпутаты ў Менску: хто яны?


Belsat.eu склаў спіс 10 самых багатых і 10 самых бедных кандыдатаў у дэпутаты, якія вылучаюцца ў Палату прадстаўнікоў у горадзе Менску. Нагадаем, што агулам у сталіцы было зарэгістравана 123 кандыдаты ў дэпутаты.

Найбагацейшыя

Самы багаты кандыдат у дэпутаты ў Менску – сябра Ліберальна-дэмакратычнай партыі Святлана Яцына.

Святлана Яцына.
Фота: vybary2019.by

60-гадовая жанчына – індывідуальны прадпрымальнік, яе агульны даход за 2018 год склаў 362 318,95 рублёў (больш за $ 177 тыс. у год – у сярэднім $ 14,75 тыс. штомесяц). Яцына задэкларавала таксама жылы дом, два зямельных участка, дзве паловы жылых дамоў і дзве паловы зямельных участкаў, аўтамабіль, а таксама 15 % долі ТАА «Ф’ЮЧА ТЭХНОЛАДЖЫЗ».

Другое месца ў спісе таксама займае прадстаўнік ЛДП – Дзмітрый Дашкевіч.

Сябра ЛДП Дзмітрый Дашкевіч.
Фота: vybary2019.by

Яму 38 гадоў, ён прадпрымальнік – дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю «Дашкевіч-Буд». Агульная сума гадавога даходу 273 597,25 рублёў ($ 134 тыс.). Акрамя таго, ва ўласнасці Дашкевіч мае 2 кватэры, зямельны ўчастак і капітальны будынак.

Прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), 31-гадовы Андрыян Дыбоўскі займае трэцяе месца ў нашым спісе.

Андрыян Дыбоўскі.
Фота: vk.com/andriasik

Ён прадпрымальнік, з’яўляецца 100-адсоткавым уласнікам ТАА «СЛАЎНА ГРУП МНСК» і начальнікам аддзелу продажаў ТАА «КлінМі». За год ён зарабіў 171 621,32 рублёу ($ 84 тыс.).

Паплечнік Дыбоўскага, старшыня БСДП (Г) Ігар Барысаў летась зарабіў 149 124, 40 рублёў ($ 73 тыс.).

Ігар Барысаў.
Фота: facebook.com/ihar.barysau

Ён працуе памочнікам дырэктара прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Камяніт». У асабістай уласнасці мае 1/2 долі кватэры ў Менску.

Сябра Камуністычнай партыі Беларусі, старшыня грамадскага аб’яднання «Ліга камуністычнай моладзі» Станіслаў Траймак зарабіў за 2018 год 135 364,78 рублёў (больш за $ 66 тыс.). Гэта, імаверна, самы нечаканы ўдзельнік нашага спісу. Траймак не бізнесовец, ён – галоўны эканаміст дзяржаўнага прадпрыемства «БудМедыяПраект» (прадпрыемства распрацоўвае тэхнічную дакументацыю і выдае пасведчанні на будаўнічую прадукцыю, аказвае выдавецкія і паліграфічныя паслугі).

Станіслаў Траймак. Фота прадстаўлена актывістам

Для параўнання: 25-гадовы Траймак зарабіў летась амаль удвая больш чым намеснік гендырэктара МАЗа Аляксандр Гранкоўскі (72, 9 тыс. рублёў) або старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка (72,1 тыс. рублёў) і амаль у тры разы больш чым суддзя Вярхоўнага суду Святлана Любецкая (44,1 тыс. рублёў)!

Шостае месца займае Марына Лянчэўская – кіраўнік сакратарыята старшыні праўлення ААТ «Беларусбанк».

Улётка Марыны Лянчэўскай.
Фота: belsat.eu

Агульная сума яе гадавога даходу склала 120 439,35 рублёў ($ 59 тыс). 48-гадовая жанчына таксама мае ва ўласнасці кватэру плошчай 130,1 кв.м., легкавы аўтамабіль і акцыі статутнага фонду.

Дыпламат Андрэй Савіных зарабіў у 2018 годзе 8561,32 рублёў і 46 038 еўра. То бок агульны даход склаў больш за $ 55 тыс.

Улётка кадравага дыпламата, былога амбасадара ў Турцыі Андрэя Савіных.
Фота: belsat.eu

Летась Савіных быў амбасадарам Беларусі ў Турцыі, а цяпер ён – старшы дарадца упраўлення Еўропы галоўнага ўпраўлення Еўропы і Паўночнай Амерыкі МЗС. У маёмасці мае таксама кватэры ў Менску.

На восьмай пазіцыі яшчэ адзін сюрпрыз: бюджэтніца Аксана Арлова зарабіла 99 435,05 рублёў (больш за $ 48 тыс.).

Кандыдатка ў дэпутаты Аксана Арлова.
Фота: vybary2019.by

Яна сябра КПБ і дырэктарка дзяржаўнай сацыяльна-педагагічнай установы адукацыі «Дзіцячы гарадок Ленінскага раёну» (фактычна гэта дзіцячы дом, прытулак для дзяцей-сірот). Таксама Арлова мае ва ўласнасці кватэру ў Менску і зямельны ўчастак у Менскай вобласці.

Сябра Савету Рэспублікі, старшыня «Белай Русі» Генадзь Давыдзька за мінулы год зарабіў 83 082, 94 рублёў (больш за $ 40 тыс.).

Hавiны
Геі, пенсіянеры і ворагі дзяржаўнасці: пра што Давыдзька гаварыў на сустрэчы з выбарнікамі
2019.11.05 14:17

Акрамя таго, у асабістай уласнасці экс-кіраўніка «Белтэлерадыёкампаніі» знаходзіцца аднакватэрны жылы дом у Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці і зямельныя ўчасткі ў Менску і ў Бабруйскім раёне.

Сябра Партыі БНФ, старшыня Менскай абласной арганізацыі абароны спажыўцоў Васіль Астроўскі за 2018 год зарабіў 78 222,65 рублі (больш за $ 38 тыс.).

Васіль Астроўскі.
Фота: vybary2019.by

Ён прадпрымальнік, уласнік фірмы «ОстКом-Адзігітрыя» і «ГосСла» (абодве працуюць у сферы транспарту). Мае ва ўласнасці шмат нерухомасці: кватэры плошчай 85,1 кв.м. і 95,39 кв.м., два жылыя дамы (66,7 кв.м. і 44,8 кв.м.), ½ долі жылога дома (79,6 кв.м.), два зямельныя надзелы (0,1165 га і 0,2500 га) і ½ долі зямельнага надзела (0,1382 га), а таксама гараж (19,2 кв.м.) і 4 аўтамабілі.

Адзначым цікавую акалічнасць. Як вынікае з дэкларацыяў дзейных дэпутатаў, якія збіраюцца пераабірацца на новы тэрмін, шараговы сябра Палаты прадстаўнікоў (то бок не кіраўнік адной з камісіяў, не спікер і не намеснік спікера) зарабляе за год толькі каля 39 тысяч рублёў. Старшыня парламенту – 72 тысячы. Такім чынам, удзельнікі спісу топ-10 самых багатых кандыдатаў, у выпадку абрання ў парламент, рызыкуюць шматкроць знізіць свае заробкі.

Найбяднейшыя

У Аланы Гебрэмарыям за 2018 год наагул ніякага даходу не задэкларавана. Летась яна была яшчэ студэнткай, не працавала, даходаў і маёмасці не мае.

Алана Гебрэмарыям.
Фота: facebook.com/alana.mariam.71

Як адзначаецца ў інфармацыі ЦВК, 22-гадовая Алана «знаходзіцца на ўтрыманні бацькоў».

Другое месца знізу займае Павел Драгілеў, рамеснік і сябра БСДП (Г). За 2018 год ён зарабіў толькі 300 рублёў – то бок у сярэднім 25 рублёў у месяц.

Павел Драгілеў.
Фота: vybary2019.by

Але пры гэтым Драгілеў ва ўласнасці мае кватэру плошчай 54,58 кв.м., два легкавыя аўтамабілі і нават маторнае судна.

Трохі больш зарабіла вядомая грамадская актывістка Наталля Гарачка-Басалыга – 418, 61 рублёў.

Наталля Гарачка-Басалыга.
Фота: Belsat.eu

У якасці месца працы Гарачкі-Басалыгі пазначана ТАА «Кліенты Назаўжды».

Сябра праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Андрэй Голасаў зарабіў летась 600 рублёў. На сайце vybary2019.by паведамляецца, што ён «часова не працуе».

Андрэй Голасаў.
Фота: vybary2019.by

Сябра Аб’яднаная грамадзянскай партыі Валянцін Фралоў у 2018 годзе зарабіў 650 рублёў. Ён іпэшнік.

Валянцін Фралоў.
Фота: vybary2019.by

Даход сябра партыі «Зялёныя» і «Моладзевага блоку» Данілы Лаўрэцкага склаў 694,12 рублёў. Маёмасці 21-гадовы кандыдат не мае.

Hавiны
«Мы не хочам быць такімі ж поснымі і сумнымі, як дзейныя дэпутаты». Вялікая размова з кандыдатам ад Моладзевага блоку
2019.11.04 18:49
Андрэй Вароніч.
Фота: vybary2019.by

Сябра ЛДП Андрэй Вароніч зарабіў у 2018 годзе таксама не шмат – толькі 725, 13 рублёў. Але пры гэтым мае ва ўласнасці аўтамабіль і матацыкл, а працуе агентам па нерухомасці.

Паплечнік Вароніча па ЛДП Вячаслаў Дзёмін працуе дырэктарам ТАА «РойсКорп», мае ва ўласнасці кватэру ў Менску і аўтамабіль. Але задэклараваў за 2018 год даход у памеры толькі 905, 49 рублёў.

Вячаслаў Дзёмін.
Фота: vybary2019.by

Апазіцыйная актывістка Алена Талстая зарабіла ў 2018 годзе 1 285,26 рублёў. Яна часова не працуе.

Алена Талстая.
Фота: «Белсат»

Сябра АГП Валерый Бычкоўскі зарабіў амаль у 1,5 разы больш Талстой – 1 807 рублёў.

Валерый Бычкоўскі.
Фота: vybary2019.by

Ён працуе кіроўцам у фірме «Трансскаўт».

Hавiны
Ад 21 да 79. Зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты – хто яны?
2019.10.20 11:17

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў