Палітолаг распавёў, хто ў Беларусі пагражае Лукашэнку найбольш


Аляксандр Лукашэнка. Фота – Alexei Nikolsky / Russian Presidential Press and Information Office / TASS / Forum

Эксперт аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Валер Карбалевіч падчас Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі, які праходзіць у Вільні, заявіў, што галоўнай пагрозай уладзе і галоўным канкурэнтам Аляксандра Лукашэнкі стане ягоны пераемнік, падае радыё «Рацыя» са спасылкай на «БелаПАН».

Паводле адмыслоўцы, ува ўмовах жорсткага персаналістычнага рэжыму прызначэнне пераемніка з’яўляецца надзвычай небяспечным ходам

Карбалевіч падкрэсліў, што гісторыя ведае масу прыкладаў, калі пераемнікі аказваліся на чале змовы супраць аўтарытарнага лідара.

«Думаю, што калі ў Беларусі гэта і будзе, то ў самы апошні момант, на самым фінішы, калі гэта ўвогуле адбудзецца», – сказаў эксперт.

Паводле палітолага, роля Расеі ў гэтым магчымым працэсе занадта перабольшаная, бо Крэмль у самой Расеі не заўсёды можа правесці патрэбнага сабе кандыдата.

«Летась некалькі губернатараў аказаліся не крамлёўскімі кандыдатамі. Беларусь усё ж нашмат больш незалежная, чым расейскія губернатары», – заявіў ён.

Карбалевіч нагадаў, што самыя масавыя пратэсты ў Расеі ўзніклі ў 2012 годзе, калі стала вядома, што Пуцін вяртаецца замест Мядзведзева. Каб пераадолець палітычны крызіс, які ўзнік на гэтым фоне, прыйшлося далучаць Крым, ставіць на дыбкі ўвесь свет, дадаў Карбалевіч.

«А што адбывалася ў Казахстане падчас нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў? – звярнуў увагу эксперт. – Быццам бы сістэма жалезабетонная, усё схоплена, жалезная стабільнасць. Але выбары новага прэзідэнта Такаева прывялі да пратэстаў, была арыштаваная тысяча чалавек – нябачная сітуацыя для Казахстану. Нават у гэтай краіне транзіт выклікаў мінікрызіс».

На думку Карбалевіча, аналагічнага крызісу падчас гэткага транзіту не ўдасца, імаверна, пазбегнуць і Беларусі.

«У мяне няма ўпэўненасці, што Лукашэнка сапраўды збіраецца рэалізаваць той сцэнар, які ён так не вельмі выразна і ясна прагаварыў. Некалькі дзён таму, выступаючы перад украінскімі журналістамі, ён сказаў, што будзе пры ўладзе, пакуль хопіць здароўя і пакуль яму давярае народ», – падкрэсліў эксперт.

На сустрэчы з украінскімі журналістамі 26 верасня кіраўнік Беларусі заявіў, што ніводны з траіх ягоных сыноў «не пакутуюць прэзідэнцтвам».

«Яны наеліся майго прэзідэнцтва. Няма ў нас транзіту ўлады, размоваў. Наш прэзідэнт – гэты або новы, або яшчэ нейкі – будзе абірацца толькі народам», – сказаў Лукашэнка.

Аб тым, што Лукашэнка «не верыць нават уласнаму сыну», «Белсату» нядаўна заявіў дырэктар Усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў Аляксандр Дабравольскі.

«Ён на тыгры сядзіць. Калі саскочыць – тыгр яго з’есць», – выказаўся Дабравольскі аб перспектывах сыходу Лукашэнкі з пасады.

ДД belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары