«Паламаны хрыбетнік і аскепкавыя раненні». З якімі траўмамі паступалі пратэстоўцы ў БХМД


Першых пацыентаў у Больніцу хуткай медычнай дапамогі пачалі дастаўляць ужо а 16:00. Іх забіралі ля станцыі метро «Пушкінская». Доктарка БХМД распавяла «Белсату», што адбывалася ў нядзелю ў іхнай больніцы.

«З мінулага мітынгу да нас везлі ў асноўным маладых хлопцаў 1990–2000-х гадоў нараджэння, а гэтым разам былі больш сталыя людзі 1970–1980-х гадоў. Гэта былі прыстойныя, далікатныя людзі, а не алкаголікі і наркаманы.

Плошча Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

У асноўным былі сінякі і чэрапна-мазгавыя траўмы, не адно пашкоджанне ў кожнага, а шмат ранаў. Бачна, што білі па нагах, па спінах, па галовах, асабліва па патыліцах. У аднаго мужчыны быў паламаны хрыбетнік, не крытычна, ён здолее хадзіць. А ў дзяўчыны здарылася аскепкавае раненне. Граната разарвалася каля ейнай нагі, і часткі снарада трапілі ў яе. Аднак нікога ў вельмі цяжкім стане не прывозілі», – распавяла лекарка.

Паводле жанчыны, агулам да іх паступілі 16 чалавек: «Гэтым разам мы не бачылі такога збіцця жанчын, як мінулы раз, у жываты і грудзі. Пашкоджанні былі ўва ўсіх збольшага аднолькавыя. Але ў аднаго чалавека былі збітыя фалангі, усе пазногці пасінелі. Такія траўмы невыпадковыя».

15 лістапада, Менск.
Фота: Stringer / TASS / Forum

Былі ў больніцы да 4-й гадзіны раніцы

«У нас склалася такое адчуванне, што сілавікам дазволілі проста ўсё! – падкрэсліла нашая суразмоўца. – Аднаго пацярпелага прывёз канвой, адзін з канвою быў працаўнік ДАІ. На просьбу паказаць дакументы, міліцыянты заявілі, што гэты чалавек, якога яны даставілі, асуджаны. Але як ён можа быць асуджаны, калі не было яшчэ судоў? Тады яны заявілі, што ім пляваць на правілы, што мы тут ніхто і каб мы не лезлі не ў нашыя справы».

Людзі ў цывільным пільнавалі, каго прывозяць, каго шпіталізуюць, пыталі нумары аддзяленняў. Яны заставаліся ў больніцы да 4-й гадзіны раніцы, а сілавікі ў балаклавах з’ехалі раней.

Удзельнікі Маршу смелых, 15 лістапада 2020 г.
Фота: «Белсат»

З «Пушкінскай» людзей прывозілі без канвояў, а з РУУСаў затрыманых суправаджалі сілавікі: «Яны былі вельмі агрэсіўныя, пастаянна хамілі, хапаліся за дручкі, нават калі з імі проста размаўлялі».

Нашая суразмоўца падкрэсліла, што сілавікі былі настолькі агрэсіўныя, што нават міліцыі і ахове больніцы выпадала бараніць ад іх медыкаў.

Рамана Бандарэнку можна было выратаваць

12 лістапада ў БХМД пасля некалькіх аперацыяў памёр Раман Бандарэнка. Лекарка распавяла, што ягоная траўма магла не прывесці да смерці, калі б яго своечасова даставілі ў шпіталь:

«Наступствы траўмы Рамана не адразу сталі незваротнымі. Мозг трохі падобны на губку, і калі кроў адпампаваць у час, то можна выратаваць жыццё. Але паміж траўмай і зваротам у хуткую прайшло багата часу, за які разбухлы ад крыві мозг пачаў сціскаць тую частку, што адказвае за рухі і дыханне. Калі яго прывезлі да нас, шанец на тое, што дактарам удасца яго выратаваць, быў мінімальны».

Плошча Пераменаў пераўтварылася ў народны мемарыял, прысвечаны Раману Бандарэнка. Мужчына памер напярэдадні вечарам у шпіталі пасля брутальнага затрымяння і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 году.
Фота: TК / Белсат

15 лістапада па ўсёй краіне затрымалі больш за 1100 чалавек, у тым 25 журналістаў. Гэта новы антырэкорд. 8 лістапада пасля Маршу народаўладдзя ў спісах «Вясны» было 1055 чалавек.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў