Пакуль у інтэрнэце збіраюць подпісы, каб не звальнялі дырэктара, Магілёўскаму драмтэатру ўжо далі новага

Магілёўскі абласны драматычны тэатр. Фота: belsat.eu

На наступны дзень пасля звальнення дырэктара ўстановы Андрэя Новікава, 26 лістапада, начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкаму Алег Сцельмашок сустрэўся з калектывам Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру. Сцельмашок прывёў новага кіраўніка – Ірыну Белякову.

Працаўнікі Магілёўскага драматычнага тэатру лічаць, што іхнага былога дырэктара Андрэя Новікава знялі з пасады за тое, што ён не звольніў тых, хто браў удзел у мітынгах пратэсту. Калектыў тэатру напісаў зварот да Сцельмашка з просьбаю вярнуць Новікава. А сёння ў сеціве з’явіўся адкрыты ліст Беларускага фонду культурнай салідарнасці, у якім таксама патрабуецца скасаваць загад пра звальненне Новікава.

«Калі сістэма змяла Купалаўскі тэатр, то што для яе мы?» Працаўнікі магілёўскага тэатру – пра звальненне кіраўніка

На сустрэчы работнікі тэатру найперш спыталі Алега Сцельмашка, чаму 25 лістапада ён зняў з пасады дырэктара Андрэя Новікава, калі падчас такой жа размовы напрыканцы жніўня абяцаў нікога не звальняць.

«На той момант я яго не звальняў, – адказаў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкаму, і ўсе засмяяліся. – Чаму стала магчымым дазваляць сабе парушаць працоўную дысцыпліну, прыходзіць, калі захочацца, рэгістравацца ў журнале, калі хочацца? Чаму стала магчыма не прымаць да ўвагі даведзеныя паказнікі? У часе правярання нашыя спецыялісты гэта ўсё дакументальна засведчылі».

Сцельмашок абвінаваціў работнікаў тэатру, што тыя прыходзяць на працу а 8:02 і а 8:20, хаця абавязаныя быць а 8:00 на месцы. На што яму адказалі: «А вы знаёмыя з нашаю спецыфікаю працы? У нас рэпетыцыі пачынаюцца а 10:00, а канчаем мы часам апоўначы».

Сустрэча 26 лістапада ў Магілёўскім драматычным тэатры. Фота: belsat.eu

На думку актораў, праблема ў тым, што дакументы ствараюцца людзьмі, якія не разумеюць спецыфікі тэатру, што творчых людзей цяжка загнаць у рамкі.

Чыноўнік патлумачыў звальненне Андрэя Новікава шматлікімі парушэннямі працоўнай дысцыпліны ў тэатры. Акторы намагаліся данесці да працадаўцы, што гэтыя парушэнні носяць фармальны характар.

«То бок вы лічыце, што калі некалькі чалавек спазніліся на працу, то гэта такая падстава звольніць дырэктара?» – запыталі Сцельмашка адразу некалькі чалавек.

У адказ начальнік упраўлення культуры патлумачыў, што за працу акторы атрымліваюць грошы, а значыць, наступствы могуць мець нават крымінальны характар.

Наконт сваіх заробкаў работнікі тэатру таксама запыталі. Адзін з актораў наўпрост назваў свой – 500 з нечым рублёў – і папрасіў Сцельмашка сказаць, колькі зарабляе той. Сцельмашок свайго заробку не назваў, але запэўніў, што на мяшках з грашыма не сядзіць. З ягоных словаў, тэатр – гэта бюджэтная арганізацыя, фінансаванне якой залежыць ад таго, як працуе эканоміка, як працуюць прадпрыемствы.

Ірына Белякова. Фота: mogilevnews.by

«Каго звольняць наступным?» – нечакана прагучала пытанне ў зале. Чыноўнік сказаў, што гэта будзе вырашаць новы дырэктар. Ім стала Ірына Белякова.

«Два дні таму я і падумаць не магла, што апынуся ў гэтай сітуацыі. Я абяцаю вам, што вы будзеце пачутыя мною. Няхай кожны прыйдзе да мяне і скажа, што яго не задавальняе ў працы тэатру, і мы пастараемся гэта развязаць. Я, вядома, лепш разбіраюся ў кіно, чым у тэатры, але я хутка ўвайду ў курс справы», – сказала прызначаная дырэктарка.

  • Ірына Белякова ў 1992 годзе скончыла МДУ імя Куляшова. Да ўчора яна была дырэктаркаю Магілёўскага дзяржаўнага каледжу мастацтваў.
  • Раней кіравала справамі кінематаграфіі пры Міністэрстве культуры, а да таго ўзначальвала «Магілёўкінавідэапракат».

Вольга Васільева, «Белсат»

Hавiны