«Пахан» з пракуратуры прыехаў падымаць саўгас...


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=pSu1o5tMxrg”][vc_column_text]Чыноўнікі-хабарнікі, якія ня проста заўчасна выходзяць з-за кратаў, але і адразу трапляюць у кіроўныя фатэлі. Толькі з пачатку года – 4 такія выпадкі.

Былога намесніка генеральнага пракурора Аляксандра Архіпава, які адбыў пакаранне за злоўжыванне службовым становішчам, прызначылі дырэктарам саўгасу «Пятровічы» Смалявіцкага раёну.

Прадпрыемства месціцца каля Пятровіцкага вадасховішча ў прыгарадзе сталіцы. За савецкім часам тут была моцная гаспадарка. Гародніны, якую тут вырошчвалі, хапала на патрэбы сталіцы з мільённым насельніцтвам. Жыхары трымалі і ўласную гаспадарку – у статку было каля 80 кароў. Цяпер жа карціна іншая.

«Тут усё развальваецца. Вунь дом, паглядзіце, стаіць развалены, садок вунь разбурыўся ўшчэнт, школа зачынена, клубу таксама няма. У нас нічога няма».

Праблемаў у «Пятровічах» зашмат – школа, у якой раней дзеці вучыліся ажно ў тры змены, стаіць зачыненая. Працы няма, і людзі вымушаныя шукаць яе ў горадзе. Беспрацоўе цягне за сабою п’янства.

«Панабудавалі тут крамаў, стаяць у адной кучы – адна дзяржаўная і тры прыватныя. Ідзі, бяры, ясі, пей усё дарагое. А працы ж няма».

«У нас заўсёды мала пакупнікоў узімку. У асноўным пакупнікі ў нас летам, калі тут адпачываюшчыя».

«Тут палова мужыкоў алкаголікі. А што? Працы няма. А што ім рабіць?».

Да гэтых праблемаў два гады таму дадалася новая – у двары жылых дамоў пабудавалі завод для вырабу пенапласту без ачышчальных збудаванняў.

«У кватэры няма чым дыхаць. У мяне бранхіяльная астма. У жонкі гіпертанія. Дык яна павялічыла дозу пігулак. Валімся. Не можам вытрымаць».

«Калі яны сюды заязджалі, то нам сказалі, што тут будзе кансервавы завод. І падманулі нас».

«Раней быў іншы завод. Яны спісалі той завод, які не працаваў ніводнага дня. Папросту спісалі абсталяванне. Саджаць іх трэба і больш нічога».

Прызначэнне на пасаду дырэктара «Пятровічаў» чалавека, які займаў высокую пракурорскую пасаду, а сам тым часам браў хабар, людзі ўспрымаюць па-рознаму.

«Нам па тэлебачанню кажуць, што, калі правініўся, то нельга прызначаць на кіруючыя пасады. Дык як нам гэта разумець? Думаюць, што саўгаснікі, калгаснікі дурныя і нічога не разумеюць?».

Сам Аляксандр Архіпаў заяўляе медыям, што галоўнаю праблемай ён лічыць кадравы голад. Тым часам мясцовыя не губляюць надзеі, што і для іх тут знойдзецца праца, што нарэшце дабудуюць пачатыя некалі парнікі, пачнуць, як трэба, займацца жывёлагадоўляй. Ці здолее вырашыць гэтыя пытанні новы кіраўнік?

Любоў Лунёва, «Белсат»

Стужка навінаў