«Пагражалі пасадзіць на бутэльку. Акуналі галавой ва ўнітаз»: пад Берасцем «зачысцілі» лагер анархістаў

Абноўлена

20 красавіка Спецыяльны атрад хуткага рэагавання разам з АМАПаўцамі штурмам узяў лецішча, дзе сабралася кампанія анархістаў. Удзельнікаў анархісцкага лагеру збілі і затрымалі.

Агулам затрымалі 11 асобаў, паведаміў увечары 21 красавіка ў сваім «Facebook’у» актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў.

Паводле актывіста, затрыманых адвезлі ў мясцовае аддзяленні міліцыі, дзе «працягнулі збіваць, лаяць і пагражаць».

«Некаторых катавалі, акунаючы галавой у туалет. Пры гэтым ніякіх паказанняў ці тлумачэнняў не патрабавалі. Толькі перапісвалі асабістыя звесткі», – напісаў Касінераў.



Пазней 5 асобаў вызвалілі.

«Іх было каля 15-20 асобаў. Усе з у бронекамізэльках і з аўтаматамі. Забеглі ў дом. Палажылі ўсіх на падлогу і надзелі кайданкі. Усё запісвалася на камеру. Яны запісвалі імёны, прозвішчы і адрасы. Перыядычна білі. Тых, хто адмаўляўся размаўляць, – білі мацней. Аднаго хлопца кудысьці забралі, а калі вярнуліся з ім, то пачалі казаць: што цяпер ты будзеш апушчаны, бо мы акунулі цябе ва ўнітаз. А потым нас запіхнулі ў бобік і павезлі ў Кобрынскі РАУС», – распавядае Зміцер, актывіст анархісцкага руху, якога вызвалілі.

Паводле актывіста, у РАУСе ўсіх паставілі на «расцяжку» і па чарзе выклікалі на «размову». «Усіх фатаграфавалі, а за адмову зрабіць гэта білі і пагражалі пасадзіць на бутэльку», – распавядае актывіст.

Пра аблаву на анархісцкі лагер таксама паведаміў анархісцкі сайт «Рэвалюцыйнае дзеянне» (у 2016 годзе Міністэрства інфармацыі дадала гэты сайт у спіс экстрэмісцкіх рэсурсаў).

«Ува ўсіх патрабавалі прайсці тэст на наркотыкі. У тых, хто не адмовіўся гэта зрабіць, апарат паказаў станоўчы вынік. Хоць ніхто з маладзёнаў не ўжывае», – гаворыцца ў паведамленні.

«Гэтыя людзі нават цыгарэты не паляць»,– кажа Зміцер.

Паводле інфармацыі «Рэвалюцыйнага дзеяння», тэсты на наркотыкі адправілі на дапрацоўку.

У Кобрынскім ізалятары цяпер 6 асобаў. «Сёння іх выпусцяць», – паведамілі Belsat.eu у Кобрынскім ІЧУ.

Як стала вядома «Белсату», па стане на 15.14 з ІЧУ адпусцілі яшчэ трох анархістаў, без складання пратаколу. Цяпер у ізалятары часовага ўтрмання знаходзяцца тры чалавекі.

ЮВ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары