Падлеткі, якія зляпілі снегавіка з пагоняй, тлумачацца ў міліцыі


Жыхары аграгарадка Глушкавічы пад Лельчыцамі, сляпілі 5,5-метровага снегавіка і ўпрыгожылі яго «Пагоняй». Міліцыя змусіла іх напісаць тлумачальныя, падае Tut.by.

«У нашую вёску па справах прыехаў міліцыянт. Мы на вуліцы з хлопцамі стаялі як раз. Вось ён нас убачыў і спытаў, навошта, маўляў, ляпілі – ці гэта не акцыя пратэсту. Мы адказалі, што не. Ён папрасіў зайсці і напісаць тлумачальныя», – распавядаеЯгор Зубрэй, адзін з аўтараў скульптуры.

У тлумачальных хлопцы напісалі, што ляпілі снегавіка адмыслова для конкурсу «100 тысячаў рублёў за снегавіка» і ніякага палітычнага падтэксту ў гэтым не было.

Паводле ўмоваў конкурсу, скульптура павінная ўразіць памерам, але ствараць яе неабходна абавязкова ўручную, без выкарыстання тэхнікі.

На лепку снегавіка ў хлопцаў сыйшло 15 гадзінаў. Калі гігант-снегавік быў гатовы, адзін з падлеткаў прынёс сцяг.

«Для прыгажосці сцяг прымацавалі. Для сябе сфатаграфаваліся на памяць, а для конкурсу зрабілі фота без яго, – распавядае Ягор.

Хлопцы кажуць, што бацькі пахвалілі іх: маўляў, снегавік атрымаўся прыгожым.

«А пра сцяг яны і так ведаюць, што гэта гістарычная каштоўнасць», – дадае Ягор.

Гэта ўжо другое разбіральніцтва з-за снегавікоў за апошні час. 23 студзеня міліцыя склала пратакол на жыхарку Берасця Юліі Нічыпарук за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі». 5 студзеня падчас пратэсту супраць акумулятарнага заводу ў свабоднай эканамічнай зоне «Берасце» яе дзеці зляпілі снегавіка, а спадарыня Юлія прыляпіла да яго ўлётку з тэкстам «Прэч атруту, не заводу! Гаспадарыць тут народу!».

У выніку 30 студзеня суд аштрафаваў яе на Br 25,5.

ДД

Стужка навінаў