Пачынаюцца следчыя дзеянні ў дачыненні да беларуса, звязанага са стральбою ў Гдыні


Імаверна, мужчына будзе праходзіць у справе як грамадзянін Польшчы.

14 лістапада ў офісе міжнароднай медыякарпарацыі Thomson Reuters у Гдыні прагучалі два стрэлы. Паліцыя пацвердзіла, што затрымала ў сувязі з гэтым 30-гадовага беларуса.

Пазней стала вядома, што затрыманы – Сцяпан С., былы стыпендыят праграмы Каліноўскага. У Thomson Reuters ён працаваў апошнія некалькі гадоў.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, беларус вяртаўся з трэніроўкі па стральбе, меў пры сабе пісталет «Glock» і даўгаствольную зброю.

Паводле інфармацыі відавочцаў, мужчына ішоў па калідоры на трэцім паверсе офіснага будынку са зброяй у руках, але не страляў. Стрэлы адбыліся, калі адзін з працаўнікоў кампаніі заўважыў і паспрабаваў забраць зброю (паспяхова).

У сераду паліцыя скіравала справу ў пракуратуру, якая на падставе сабраных звестак распачала следства.

Пракурор Гражына Ваўрынюк

«Следства распачатае паводле факту спробы забойства. Расследуюцца акалічнасці, у якіх адбыліся стрэлы, прычыны і матывы ўчынку. Мужчыну затрымалі, цяпер ён у статусе падазраванага ў злачынстве», – распавяла «Белсату» пракурор Гражына Ваўрынюк, в. а. прэсавага сакратара Акружной пракуратуры ў Гданьску.

Пацярпелым у следстве праходзіць адзін чалавек – той, хто абяззброіў беларуса.

Цяпер пракуратура спраўджвае, ці не падвяргаліся небяспецы іншыя працаўнікі офісу, ды тое, ці мужчына мае права на нашэнне зброі

Сябры Сцяпана С. ад каментароў адмаўляюцца.

«Адвакат забараніў даваць каментары. Усё сказанае можа быць выкарыстана як апраўданне або абвінавачанне, – кажа сябар беларуса Яўген. – Надта складаная справа».

У чацвер а 9-й раніцы мужчыну даставяць у будынак пракуратуры, дзе ў дачыненні да яго распачнуцца следчыя дзеянні.

Паводле пракуратуры, беларус знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы легальна.

«Паводле папярэдніх звестак, ён мае польскае грамадзянства. Калі гэта пацвердзіцца, у справе ён будзе праходзіць менавіта як польскі грамадзянін», – кажа Гражына Ваўрынюк.

Беларуса затрымалі на 48 гадзінаў, сёння ўвечары гэты тэрмін сканчаецца. На падставе следчых дзеянняў пракурор прыме рашэнне аб прэвентыўных мерах стрымання: вызваліць або затрымаць мужчыну на чарговыя 24 гадзіны. Самым суровым рашэннем можа быць часовы арышт.

Дзяніс Дзюба і Таццяна Рэут з Гданьску

Стужка навінаў