Пачаліся вучэнні ЗША, якімі пужае Лукашэнка. Ці трэба іх баяцца?


У Літве пачаліся вучэнні з удзелам амерыканскіх войскаў, якія прыбылі з Польшчы. Менавіта гэтымі манеўрамі Лукашэнка пужае беларусаў. Чым займаюцца жаўнеры ЗША на палігоне ў Падброддзі, ля межаў Беларусі, і пра што рэальна непакоіцца кіраўнік Беларусі?

Літва, палігон каля гораду Падброддзе. Больш за 500 вайскоўцаў з кантынгенту ЗША, што дыслакуецца на тэрыторыі Польшчы, пачынаюць планавыя вучэнні, якія працягнуцца некалькі тыдняў.

Джон Балестэрас, сяржант арміі ЗША:

«Гэтыя вучэнні важныя для амерыканскіх, а таксама літоўскіх і польскіх вайскоўцаў. Мы адпрацоўваем нашае ўзаемадзеянне, вучымся выконваць задачы разам з калегамі з іншых краінаў і войскамі NATO».

Нягледзячы на планавасць гэтага мерапрыемства і яго невялікі маштаб, яно не сыходзіць з парадку дня беларускай дзяржаўнай прапаганды. Так і прыгадваецца вядомая перадача «Што? Дзе? Калі?». Паважаныя знатакі, пытанне задае Аляксандр з вёскі Александрыя Шклоўскага раёну.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Ну навошта бразгаць гусеніцамі каля межаў саюзнай дзяржавы і Беларусі? Навошта? Складаны перыяд, ну патрывайце. Не. 15 км ад мяжы выкінулі нядаўна батальён, у Літве, Падброддзе. Навошта гэта рабіць?»

Адказваць будзе падпалкоўнік Джордж Болтан, камандзір 2-га батальёну 69-га палка 2-й брыгады арміі ЗША:

«Відавочна, што мы разумеем важнасць балтыйскага рэгіёну, і таму нам важна быць тут, у Літве. І нам неабходна падтрымліваць нашых саюзнікаў. А калі гаворка пра супрацьдзеянне кантынентальнай агрэсіі, краіны Балтыі неверагодна важныя. Таму мы мусім быць тут і быць заўжды гатовымі выканаць сваю працу, калі нам давядзецца гэта рабіць».

У той жа момант, як камандаванне войскаў краін NATO, гэтак і палітыкі нагадваюць: як сілы NATO – баявыя батальённыя групы перадавой прысутнасці ў краінах Балтыі ды Польшчы, гэтак і амерыканскі кантынгент разгорнутыя ў адказ на расейскую агрэсіўную палітыку ва Усходняй Еўропе.

Раймундас Каробліс, міністр нацыянальнай абароны Літвы:

«Ні Літва, ні Польшча, ні NATO ўвогуле не маюць намеру пачынаць агрэсію супраць Беларусі. NATO – гэта альянс калектыўнай абароны ў Еўропе. Усе меры, якія былі прынятыя пасля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны, маюць толькі абарончы ды стрымлівальны характар, няма ніякага атакоўнага складніку».

Аднак падобныя перакананні, якія гучаць ужо мінімум цягам пяці гадоў, цяпер не бяруцца ва ўвагу кіраўніком Беларусі. Хоць яшчэ ў сакавіку сёлета каля Віцебску беларускія вайскоўцы самі бралі ўдзел у супольных вучэннях са сваймі брытанскімі калегамі. Тымі самымі натаўцамі, якімі цяпер Лукашэнка пужае народ з блакітных экранаў.

ВІДЭА
Новая ваенная стратэгія Пуціна ў Беларусі. Ці Лукашэнка запрасіў «зялёных чалавечкаў»?
2020.09.19 10:05

Такім чынам, дзякуючы ў тым ліку і гэткай рыторыцы ўсе дасягненні ў супрацы Беларусі з краінамі Захаду ў сферы бяспекі былі фактычна разбураныя ўшчэнт. Лукашэнка ўвесь час звяртаецца да Расеі з мантрамі пра агульную мяжу і супольную абарону гэтак званай саюзнай дзяржавы. Мы маем справу са звычайнымі спробамі гандляваць фактарам бяспекі ў спадзеве на фінансавае і палітычнае падтрыманне з боку Крамля.

Раймундас Каробліс, міністр нацыянальнай абароны Літвы, заявіў:

«На нашае меркаванне, Лукашэнка мае ўнутраныя праблемы, бо беларускі народ не хоча працягу цяперашняй сітуацыі. У яго праблемы ўнутры краіны, і, як звычайна бывае ў падобных выпадках з аўтарытарнымі рэжымамі, ён хоча абвінаваціць у гэтым нейкія вонкавыя сілы, знайсці вонкавыя прычыны. І ўся гэтая рыторыка пра магчымасць агрэсіі з боку Польшчы ды Літвы накіраваная менавіта на адцягванне ўвагі ад сітуацыі ў Беларусі».

Што праўда, як і ўнутры Беларусі, гэтак і ў Крамлі падобныя выказванні асаблівай цеплыні не выклікаюць нават з той прычыны, што яны ўжо паспелі надакучыць. А ў Расеі цяпер некаторыя адмыслоўцы спадзяюцца на змяншэнне ўвагі амерыканцаў да Усходняй Еўропы ў часе цяперашняга крызісу ў ЗША з прычыны каронавіруса і ўнутрыпалітычнай нестабільнасці.

Робэрт Гілкрыст, амбасадар ЗША ў Літве, мяркуе:

«Як кадравы дыпламат з 30-гадовым досведам я магу сказаць, што мяне ўражвае паслядоўнасць амерыканскай палітыкі тут. У Вашынгтоне я размаўляў і з рэспубліканцамі, і з дэмакратамі ды пабачыў паслядоўнасць у нашай прывязанасці да гэтага рэгіёну і паслядоўным развіцці вельмі важных стасункаў у сферы бяспекі».

Адпаведна, рэжыму Лукашэнкі пры такой пазіцыі як Злучаных Штатаў, гэтак і Захаду агулам застаецца толькі працягваць спробы сыграць на антызаходніх настроях Крамля. Аднак пакуль выглядае на тое, што Пуцін гатовы аказваць падтрыманне выключна ў выглядзе жывой сілы – расейскіх вайскоўцаў. А гэта зусім не тое, чаго хацеў бы кіраўнік Беларусі.

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет» ад 24.09.20

Калаж з фота: Robertas Dackus / Lietuvos Respublikos Prezidentas

 

 

Стужка навінаў