Не маючы магчымасці бачыцца з унукамі, якія жылі ў Беластоку, Ларыса Геніюш пісала ім цёплыя лісты з вершамі ды малюнкамі. Толькі цяпер, дзякуючы Глебу Лабадзенку, унікальная спадчына пабачыла свет – без цэнзарскіх нажніцаў.
Зборнік паэзіі «Унукам», які ўключае ў сябе 91 верш (52 з якіх друкуюцца ўпершыню), быў прэзентаваны ў Горадні. Папярэдняя прэзентацыя прайшла ў Беластоку, таму ў Беларусі гэтую можна лічыць першай. У горад над Нёмнам завітаў унук Ларысы Антонаўны Міхась Геніюш (гаспадар прыватнай ветэрынарнай клінікі ў Беластоку) ды ўкладальнік кнігі Глеб Лабадзенка.
Сёння цяжка сабе ўявіць, як выглядала камунікацыя паміж Ларысай Геніюш і яе ўнукамі, адарванымі адно ад аднаго мяжой паміж БССР і ПНР.
У хаце Ларысы Антонаўны ў Зэльве тэлефону не было. Яна ішла на пошту, пісала цыдулку, у якой замаўляла размову. Адпаведная цыдулка прыходзіла сваякам у Беластоку – скажам, размова будзе праз 4 дні. І размова гэтая трывала… 15 хвілін! І тое, яе ўвесь час перарывала тэлефаністка, маўляў, трэба сканчаць, час выходзіць. Што заставалася? Лісты.
«Да бабулі мы маглі прыязджаць раз на два гады, яна да нас за ўвесь час, за 25 гадоў, прыехала толькі аднойчы – такія былі часы, – распавядае Міхась Геніюш. – Але мы ўвесь час перапісваліся. Яна дасылала нам вельмі цёплыя лісты з вершамі і каляровымі малюнкамі. Мы маглі замаўляць малюнкі! Я, прыкладам, любіў жывёлаў, то і замаўляў – яна малявала: зайцоў, свінак, качак, ваўкоў…»
Маці спадара Міхася старанна захоўвала гэтую перапіску. Так архіў і дачакаўся Глеба Лабадзенку, які ўжо не ўпершыню выдае цалкам невядомыя альбо пакалечаныя савецкай цэнзурай творы класікаў: «Мёртвым не баліць» і «Ліквідацыя» Быкава, «Ладдзя роспачы» Караткевіча, а зараз яшчэ і Геніюш. Але што можна правіць і выразаць у дзіцячых вершах? Дзе там палітыка ці «антысаветчына»?
«Наагул, калі я чую пра твор, напісаны за савецкім часам, то першая рэакцыя – праверыць, як ён быў напісаны сапраўды, – тлумачыць Глеб. – Падумаў, што варта пайсці ў Фонд Ларысы Геніюш у Акадэмію Навук і праверыць, што рабілі з яе вершамі цэнзары і рэдактары. Апынулася, што па дзіцячых вершах Ларысы Геніюш праехаліся катком, вельмі часта гэта абсалютна бяздарная рэдактура, якая наўпрост знішчала рытм, рыфмы, скарачала сам верш у пяць разоў…»
За часамі СССР выйшла ўсяго дзве дзіцячыя кнігі Ларысы Антонаўны: «Казкі для Міхаські» і «Добрай раніцы, Алесь» (абедзве прысвечаныя ўнукам – Міхасю і Алесю). І першую, і другую рэдагаваў дзіцячы паэт Авяр’ян Дзеружынскі, прозвішча якога наўрад ці зараз нехта ўзгадае. Як апынулася, менавіта ён бязлітасна рэзаў і перакройваў творы паэткі. Са словаў Лабадзенкі, жонка Барадуліна, якая працавала разам з Дзеружынскім у выдавецтве, была ўпэўненая, што рабіў ён тое праз зайздрасць.
«Ёсць такі дзіўны верш у зборніку, дзе хлопцы кажуць пра сваіх куміраў – Гастэла, Міная, Даватара, – працягвае Лабадзенка. – Дзіўна ж, Ларыса Геніюш піша пра савецкіх дзеячаў. Але апошні хлопчык у вершы кажа, што яго герой – Кастусь Каліноўскі! Усё стае на свае месцы. Цэнзары зразумелі, што да чаго, і зарэзалі. Чым яны займаліся ў сваіх выдавецтвах? Сядзелі і думалі, як скалечыць паэзію Ларысы Геніюш».
Часам, глыбокія гістарычныя і палітычныя сэнсы ў Геніюш хаваюцца і ў вобразах жывёлаў. Напрыклад, у вершы пра казулю і мядзведзя. Апошні прапануе сваёй абранніцы мёд, але тая збягае ад «духаты чужой бярлогі» – метафара максімальна зразумелая і тады, і зараз. У іншым вершы воўк прапануе зубру «па-воўчы выць»… і г.д. Усё гэта раней бязлітасна знішчалася і пабачыла свет толькі зараз – у зборніку «Унукам».
Наступныя прэзентацыі зборніка ўжо неўзабаве пройдуць у Менску ды іншых гарадах Беларусі.
АК, фота Васіль Малчанаў/Belsat.eu