Па АНТ распавялі пра крымінальную справу на дырэктара гарадзенскага дзіцячага госпісу. Ёй пагражае да 10 год зняволення


Дырэктара гарадзенскага дзіцячага госпісу Вольгу Вялічка падазраюць у крадзяжы да незаконным выкарыстанні спонсарскай дапамогі. Такая інфармацыя прагучала ў эфіры АНТ.

Паведамляецца, што праверку пачалі «з-за неаднаразовых скаргаў не толькі грамадзянаў, але і юрыдычных асобаў».

Гарадзенскі госпіс.
Фота: belsat.eu

– Грошы збіраліся госпісам у 2017-2018 гадах у рамках дабрачыннай акцыі «Дыхай дома» і пералічваліся на спецыяльны разліковы рахунак. Па заканчэнні акцыі ў чэрвені 2018 года дырэктар Гарадзенскага дзіцячага госпісу Вялічка зняла з дадзенага разліковага рахунку звыш 17 тысяч рублёў і канвертавала іх у замежную валюту. У той жа перыяд часу Вялічкай быў складзены фіктыўны акт прыёму-перадачы грашовых сродкаў, у адпаведнасці з якім бацькам дзіцяці нібыта былі перададзеныя наяўныя грошы ў названай суме для самастойнага набыцця апарата ШВЛ. На самой справе, ні грашовых сродкаў, ні апарат ШВЛ бацькам дзіцяці не перадавалася, – заявіў прадстаўнік Упраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Гарадзенскай вобласці Аляксандр Петрусенка.

Гісторыі
«Спіхнуць усё на Лукашэнку не ўдасца». Чаму гарадзенскі госпіс зрабіўся небяспечным для ўладаў і што з ім цяпер?
2020.12.02 08:17

Грошы збіралі на апарат для 5-гадовай Дашы, але дзяўчынка яго так і не атрымала, гучыць у сюжэце. Гэта пацвярджае маці Дашы.

Яшчэ адзін прыклад «незаконнага выкарыстання спонсарскай дапамогі дырэктарам» прыводзіць начальнік упраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы КДК Гарадзенскай вобласці Таццяна Слабыш:

– У жніўні 2020 год госпіс атрымаў спонсарскую дапамогу ад двух суб’ектаў гаспадарання на аздараўленне дзяцей у лагеры «Нёман-72». Аднак, як гэта адзначана ў ходзе праверкі, госпіс не складаў дагаворы на аздараўленне дзяцей.

Сярод парушэнняў – адсутнасць інвентарызацыі.

– Спонсарскай дапамогай, мяркуюць у Дзяржкантролі, маглі злоўжываць. У дачыненні да дырэктара госпісу распачата крымінальная справа – як раз у крадзяжы жанчыну і падазраюць. Пакаранне па артыкуле – аж да 10 гадоў пазбаўлення волі, – паведамляе аўтар сюжэту.

Дзіцячы госпіс працуе ў Горадні 13 гадоў. Арганізацыя дапамагае прыблізна 70 сем’ям: гэта медычная, сацыяльная, псіхалагічная і духоўная дапамога невылечна хворым дзецям ды іхным бацькам. Падапечным установы – да 24 гадоў, ува ўсіх складаныя дыягназы: анкалагічныя і генетычныя хваробы, паталогіі нервовай сістэмы.

Раней прэтэнзій да арганізацыі не было. Праблемы зʼявіліся гэтай восенню, пасля таго як 15 кастрычніка падчас дабрачыннай сустрэчы была затрыманая яе дырэктар Вольга Вялічка.

Жанчына правяла суткі ў ІЧУ, а пазней была аштрафаваная на 15 базавых за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.

22 кастрычніка ў госпіс прыйшлі супрацоўнікі ДФР.

1 снежня супрацоўнікі ДФР забралі з арганізацыі апарат ШВЛ.

Што тычыцца дырэктара арганізацыі, то яна была вымушаная часова зʼехаць за мяжу.

«У пэўны момант мяне паставілі перад выбарам: я ў СІЗА, дзеці ў СПЦ (сацыяльна-педагагічны цэнтр) ці адʼезд з краіны. Для мяне гэта было вельмі цяжкім рашэннем. Апошні вечар перад адʼездам я праплакала. І за гэты месяц… Я не ведала, што магу столькі плакаць», – распавяла Вольга Вялічка «Белсату».

АВ, belsat.eu

Стужка навінаў