Нямецкая армія можа пачаць прымаць замежнікаў у свае шэрагі


Нямецкія жаўнеры падчас урачыстага маршу. Фота wikimedia.org

Абедзве кіроўныя партыі ў Нямеччыне падтрымліваюць ідэю Міністэрства абароны набіраць замежнікаў у нацыянальныя Узброеныя Сілы.

Прычына – недастатковая колькасць ахвотных служыць у сувязі з нізкім прэстыжам войска і нізкім узроўнем фінансавання.

Перш за ўсё размова ідзе пра набор грамадзянаў краін Еўрапейскага Звязу, піша dw.com. Пры гэтым, магчыма, жаўнерам-замежнікам будуць прапаноўваць нямецкае грамадзянства.

«Бундэсвер [Узброеныя Сілы Нямеччыны] расце. Таму нам патрэбныя кваліфікаваныя кадры», – сказаў прадстаўнік Міністэрства абароны краіны.

У пачатку ліпеня канцлер Ангела Мэркель паабяцала павялічыць выдаткі на войска ў 2019 годзе на 4 мільярда еўра да амаль 43 мільярдаў, што, аднак, не задаволіць рэкамендацыю НАТА выдаткоўваць як мінімум 2 % ВУП на абарону.

Эканомія на бюджэце арміі, пры тым што нямецкія войскі ўдзельнічаюць у шматгадовай аперацыі НАТА па барацьбе з ісламістамі ў Афганістане і многіх міратворчых аперацыях, з’яўляецца неадʼемнай рысай нямецкай фінансавай палітыкі апошнія год 30 – пасля канца Халоднай вайны і абʼяднання Нямеччыны.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары