Нямеччына: два дні пратэстаў пасля забойства. У злачынстве падазраюць мігрантаў


У нямецкім Кемніцы два дні адбываліся пратэсты і беспарадкі з удзелам правых радыкалаў. Ёсць пацярпелыя.

Ва ўсходненямецкім горадзе Кемніц ужо некалькі дзён не ўціхаюць жарсці. У ноч на нядзелю тут адбылася бойка: удзел у ёй бралі да 10 асобаў розных нацыянальнасцяў, у выніку чаго забілі 35-гадовага немца Даніэля Хіліга (Daniel Hillig), яшчэ двое мужчынаў ва ўзросце 33 і 38 гадоў пацряпрелі. Паліцыя затрымала 22-гадовага сірыйца і 21-гадовага іракца, паведаміў у панядзелак мясцовы пракурор.

У нядзелю каля 800 прыхільнікаў правых груповак зладзілі мітынг і шэсце на знак пратэсту. Мясцовыя медыі паведамлялі, што падчас акцыі з натоўпу кідалі бутэлькі ў паліцыянтаў, ейныя ўдзельнікі зладзілі патасоўку з праваахоўнікамі.

Пратэсты працягнуліся і ў панядзелак, толькі цяпер да акцыі далучыліся некалькі тысячаў правых радыкалаў, якія сабраліся ля помніка Карлу Марксу. Левыя радыкалы правялі сваю акцыю, сабраўшыся ў гарадскім парку. Праз некалькі хвілінаў пасля яе пачатку некалькі тысячаў асобаў рушылі ў бок помніка Карлу Марксу.

Паліцыя праз Twtitter паведаміла, што некалькі асобаў былі параненыя і шпіталізаваныя. Пратэстоўцы з двух розных лагераў закідалі адзін аднаго «піратэхнікай і іншымі падручнымі сродкамі». У адказ на гэта праваахоўнікі ўжылі вадамёты. Правыя дэманстранты падчас акцыі скандавалі: «Мы людзі» і «Ілжывая прэса».

НМ, belsat.eu, паводле Reuters, DW, фотаздымкі Matthias Rietschel/ Forum

Стужка навінаў