Нядзельны марш і перанос Чэмпіянату па хакеі. Як прайшоў 141-ы дзень пратэсту ў Беларусі


Рэдакцыя belsat.eu паводзіць вынікі нядзелі, 27 снежня.

Нядзельны марш

У Беларусі прайшлі традыцыйныя нядзельныя шэсці. На гэтым тыдні людзі ў самых розных гарадах і мястэчках Беларусі шпацыравалі па сваіх раёнах на знак пратэсту з фальсіфікацыяй выбараў і гвалтам сілавікоў. Некаторыя сталічныя раёны выходзілі на шпацыр некалькі разоў.

Сёння ўжо трэці тыдзень запар у Менску не зачынялі станцыі метро і не выключалі мабільны інтэрнэт. Таксама вядома пра значна меншую, чым звычайна, колькасць затрыманых. Telegram-канал «Списки задержанных» падае лічбу ў 23 чалавекі.

На волю таксама выйшла фотакарэспандэнтка «Нашай Нівы» Шура Піліповіч-Сушчыц, а ў Берасці ў 11-ты раз затрымалі 63-х гадовую Алену Гнаўк.

Смерць Леаніда Заікі

Сёння зранку стала вядома пра смерць знакамітага беларускага эканаміста і палітолага Леаніда Заікі. Увесну Леанід Фёдаравіч перахварэў на каронавірус. Зараз жа прычынаю смерці, меркавана, стала ўскладненне пасля хваробы.

Леанід Заіка.
Фота: tut.by

Гэтай ноччу ў яго спынілася сэрца. Ён быў навуковым кансультантам, экспертам шэрагу міжнародных арганізацыяў, аўтарам і навуковым рэдактарам шматлікіх кніг і публікацый у Беларусі і за мяжой.

Леанід Заіка рэгулярна каментаваў эканамічную сітуацыю ў недзяржаўных медыях Беларусі, у тым ліку на «Белсаце». У яго застаўся 16-гадовы сын, якога Леанід Фёдаравіч пасля смерці жонкі выхоўваў адзін.

Hавiны
«Я адразу сказаў, што пайду толькі прэм’ер-міністрам. Каб па дробязях не турбавалі». Знакавыя цытаты Леаніда Заікі
2020.12.27 12:17

Чэмпіянату свету па хакею – 2021 у Менску не будзе

Швейцарскае выданне Watson са спасылкаю на ўласныя крыніцы паведаміла, што Міжнародная федэрацыя хакею прыняла рашэнне не праводзіць Чэмпіянат свету па хакею ў 2021 годзе ў Менску. Новае месца для спаборніцтва пакуль што не вызначанае.

Прычынаю стала нестабільная палітычная сітуацыя ў Беларусі. Як кажуць крыніцы выдання, нават у выпадку перамогі пратэстоўцаў, да палітычнай стабільнасці ў Беларусі будзе далёка.

Hавiны
Швейцарскія СМІ: Чэмпіянат свету па хакею-2021 дакладна пройдзе не ў Беларусі
2020.12.27 22:33

Цяпер кіраўнік арганізацыі Рэнэ Фазель прыляціць у Менск, каб асабіста і як мага мякчэй паведаміць пра адмену чэмпіянату свету Лукашэнку. Паводле крыніцаў выдання, ён не зрабіў гэтага дагэтуль толькі праз хваробу на COVID-19.

Расследаванне супраць Баскава

У той жа час тая самая Міжнародная арганізацыя хакею распачала расследаванне супраць галоўнага трэнеру зборнай Лукашэнкі па хакею Дзмітрыя Баскава. Яго могуць прыцягнуць да адказнасці за «дзеянні, якія няславяць рэпутацыю хакею».

Hавiны
Міжнародная федэрацыя хакею распачала расследаванне датычна Дзмітрыя Баскава
2020.12.27 17:24

Раней Беларускі фонд спартовай салідарнасці заклікаў міжнародную арганізацыю разгледзець пытанне аб працягненні яго да дысцыплінарнай адказнасці праз дзеянні, што няславяць рэпутацыю хакею як віду спорту.

Што на думку МФХ адносіцца да такіх дзеянняў?

  • удзел у канфлікце, які прывёў да гібелі Рамана Бандарэнкі,
  • удзел у агітацыйных акцыях у падтрымку рэжыму Лукашэнкі з выкарыстаннем алімпійскай сімволікі,
  • ціск на спартоўцаў за іхную грамадзянскую пазіцыю.

Дзмітрыя Баскава журналісты звязвалі са смерцю Рамана Бандарэнкі. На відэазапісах бачна, як чалавек, падобны да яго, быў увечар смерці Рамана на плошчы Пераменаў.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў