Кіраўнік Беларусі прыняў 12 верасня даверчыя лісты трынаццаці новых амбасадараў, сярод іх – і афіцыйныя прадстаўнікі Расеі ды Еўрапейскага Звязу. Пра гэта паведамілі ў адміністрацыі Лукашэнкі.
Падчас цырымоніі кіраўнік краіны назваў Расею асноўным стратэгічным партнёрам і саюзнікам Беларусі. Ён таксама нагадаў, што ў снежні плануецца прыняць канкрэтныя рашэнні па далейшай стратэгіі развіцця інтэграцыі дзвюх краін.
А звяртаючыся да амбасадара ЕЗ, Лукашэнка заявіў, што Беларусі ўдалося істотна рушыць наперад у дыялогу з Еўразвязам, які ён назваў адным з найбольш значных гандлёвых партнёраў і важнай крыніцай інавацыяў.
«Мы нацэленыя на выбудоўванне добрасуседскіх і прагматычных стасункаў са Звязам, якія не прадугледжваюць выбару паміж Усходам і Захадам», – падкрэсліў ён.
Таксама кіраўнік Беларусі прыняў даверчыя граматы амбасадараў Балгарыі, Вялікай Брытаніі, Гватэмалы, Казахстана, Кыргызстану, Латвіі, Нямеччыны, Танзаніі, Харватыі, Швейцарыі ды Эфіопіі.
Новы амбасадар Расеі Дзмітрый Мезенцаў пачаў працу ў Беларусі ў чэрвені. На гэтай пасадзе ён змяніў Міхаіла Бабіча, які стаў вядомы націскам на хуткую інтэграцыю з Расеяй.
Прадстаўніцтва ж ЕЗ у Менску замест Андрэа Віктарын, якая займала гэтую пасаду з 2015 года, узначаліў Дырк Шубэль з Еўрапейскай службы вонкавых дзеянняў.
МГ belsat.eu