Новы сезон «Хачу дамоў»: Няма сілаў ехаць, але гэта толькі пачатак


Хутка зацяты вандроўнік Лёня Пашкоўскі распачне чацвёрты сезон свайго «Youtube»-шоу «Хачу дамоў». Гэтым разам ён выправіцца ў Афрыку і Лацінскую Амерыку. Мы злавілі відэаблогера ў ягоныя кароткія вакацыі ды пагутарылі пра нялёгкае жыццё няўрымслівага чалавека.

Калі хто не ведае, маладзён абірае незвычайныя мясціны, але кіруецца не дзіўнаю прыродай ці надзвычайнай архітэктурай, а спецыфічнымі традыцыямі, вераваннямі, эканамічнай ці палітычнай абстаноўкаю. Часцяком такім акалічнасцям таварышуе беднасць.

Гэтак, вы б дакладна не паехалі ў Горад Сонца (трушчобы сталіцы Гаіці), а Лёня там чытаў рэп пра сапраўдных мужчынаў з сапраўднымі гангста-рэперамі: «Мяне гэтая краіна паразіла сваёй сукупнасцю хаосу. Нібыта постапакаліпсіс абсалютны. Там ні дня не хочацца быць».

Лёня Пашкоўскі ў М’янме
Здымкі ў М’янме
На канале Лёні ўжо амаль паўмільёны падпісчыкаў

Эпізоды настолькі адпрацаваныя, што, падаецца, над кожным рупіцца цэлая каманда «Арла і рэшкі», але насамрэч Лёня адзін займаецца пошукамі, лагістыкаю, здымкамі, мантажом, прасоўваннем праекту, манетызацыяй «YT»-каналу. Відэаблогер шчыра прызнаецца, што зарабляць вандроўкамі – спецыфічная забава: «Я дужа стаміўся і не вельмі хачу зараз некуды ехаць, нешта здымаць. Але я так заўжды кажу напярэдадні новага сезону. Дый шкада кінуць такі праект у самым пачатку».

Звычайна людзі ездзяць у адпачынку. А калі паездкі – гэта твая праца, то выдатна і проста пасядзець. Пасля цяжкіх здымкаў хлопец дае сабе прадыхацца: «Часам я еду кудысьці на пару дзён. Проста ем, п’ю, хаджу. Нічога выбітнага. Больш за ўсё люблю проста ўдома пабыць, каб нічога не адбывалася. Сядзіш на канапе, глядзіш серыяльчыкі».

Лёня Пашкоўскі ў Гаіці
Гаіці застаецца адной з самых бедных краінаў у свеце

Леанід транслюе разнастайнасць свету і закранае праблемы, пра якія большасць людзей ніколі і не ведала. Гэтак гісторыя пра лагеры для уйгураў у Кітаі сталася адною з самых папулярных і распачала гарачыя дыскусіі ў каментарах. «Праўда, я перастаў чытаць каментары, бо прымаю гэта блізка да сэрца», – прызнаўся відэаблогер.

Лёня ў сталіцы аўтаноміі уйгураў у Кітаі. Паводле міжнародных праваабарончых арганізацыяў, уся тэрыторыя аўтаноміі нагадвае адзін вялікі канцэнтрацыйны лагер.
Сінь-Цзян – сталіца аўтаноміі уйгураў
Вялікі кітайскі брат у Сінь-Цзян назірае

Але не ўсе вандроўкі (знятыя, змантаваныя і залітыя ў канал) мы можам паглядзець. «YT» выдаліў самы гарачы эпізод пра Кубу. Прычыны няясныя: «Там былі малыя, што танчылі тўэрк. Гэта натуральны танец для рэгіёну, але платформа пастанавіла, што такі кантэнт небяспечны для дзяцей. Складана дабіцца нейкага тлумачэння, таму перазаліваць наўрад ці буду – раптам прыбралі не праз тўэрк».

Куба. Да гэтага часу тут будуюць сацыялізм

Безліч разоў Леаніду пагражала небяспека ад вулічных бандытаў, вайскоўцаў ці нават ад самога наваколля:

«Я не прызвычаіўся, кожны раз хвалююся. Страх часцей за ўсё праходзіць на месцы, калі пачынаеш здымаць, пачынаеш думаць пра іншае. Часам усё адбываецца лепей, чымся думаў да таго. І адмысловае рыхтаванне: загадзя даведваюся, што можна, а што нельга».

Панама, дзе ў адрозненні ад Лёні кіраўнік Беларусі яшчэ не быў
У трэцім сезоне Лёня здымаў і на Ямайцы

У пачатку вандроўкі ў Лёні ўжо ёсць план – нейкая «рыба», ад якой у хадзе здымкаў адвальваецца 50-80 %: «Я ведаю, што хачу распавесці і дзе пабываю. Часта выпадае на месцы кагосьці шукаць ці нехта распавядае добрую гісторыю, а гэта новае месца, новы герой – усё перакройваецца».

На платформе «Ulej» праект падтрымалі больш за 900 спонсараў, 500 з якіх атрымаюць за гэта паштоўкі. «Я пакуль не ведаю, адкуль канкрэтна буду іх пасылаць. Не паўсюль тыя паштоўкі можна набыць. І пошта мусіць быць, што таксама ў Афрыцы не паўсюль. Калі будзе і тое, і другое, засяду на пару дзён, каб усе падпісаць», – прызнаецца відэаблогер.

Лёня ў Тыбеце

Частка вандроўнікаў лічыць Тыбет акупаваным Кітаем і адмаўляецца ад падарожжаў туды

Тыбет метафарычна называюць дахам свету

Галасаванне за кантыненты не выявіла адназначнага лідара для вандровак наступнага сезону, таму Лёня будзе здымаць і ў Афрыцы, і ў Паўднёвай Амерыцы. Пачне з чорнага кантыненту: першы эпізод выйдзе ўжо 9 верасня.

Марыя Грыц, фота Лёні Пашкоўскага belsat.eu

Стужка навінаў