Новы раман Кірыла Стаселькі: двайны рэкорд беларускай літаратуры


Новы раман Кірыла Стаселькі «Дзевяць жыццяў Віта Морэ» паставіў адразу два рэкорды беларускай літаратуры: жанравы і паводле колькасці персанажаў. У творы, які мае нестандартную для класічных тэкстаў структуру, выкарыстоўваецца адразу 7 літаратурных жанраў. Апроч таго, раман налічвае больш за 260 персанажаў, а гэта рэкордная лічба для беларускай мастацкай прозы.

Пачатак продажаў кнігі запланаваны на люты, але яшчэ ёсць магчымасць зрабіць перадзамову на раман праз платформу «Талака» па значна меншым кошце, чым будзе ў кнігарнях.

Справка

«Дзевяць жыццяў Віта Морэ» ‒ захапляльны, непрадказальны, эксперыментальны твор, які гарманічна спалучае розныя літаратурныя жанры і філасофскія канцэпцыі ў адно цэлае. Чытач акунецца ў шэраг гістарычных перыядаў і падзей, кантынентаў і краінаў – ад Беларусі да Егіпту, вялікіх твораў – ад Дантэ да Кафкі, ідэяў і канцэпцыяў – ад ніцшэянства да прагматызму.

«Дзевяць жыццяў Віта Морэ» ‒ не столькі літаратурны тэкст, размова аўтара з чытачом, колькі дыялог чытача з самім сабой і ўласным унутраным светам. Віта Морэ ‒ не проста галоўны герой, канкрэтная асоба, але вобраз, прататып, які, з аднаго боку, яднае нас, а, з іншага, выяўляе нашу рознасць і ўнікальнасць, выяўляе нашы памкненні, страхі, чаканні і матывы.

Папярэднія кнігі аўтара ‒ «Дзіцячы маніфест» і «Marginalis» ‒ уваходзілі ў спісы шэрагу літаратурных прэмій. Сярод іншага, «Дзіцячы маніфест» увайшоў у шорт-ліст Прэміі імя М. Багдановіча і лонг-ліст Прэміі імя Е. Гедройца. Раман «Marginalis» некалькі гадоў уваходзіў у спісы бестселераў, у тым ліку, крамы oz.by.

АС belsat.eu

Стужка навінаў