Новы год блізка. Як змяніўся «Індэкс аліўе» ў Беларусі?


Карэспандэнты «Белсату» паспрабавалі параўнаць узровень інфляцыі з дапамогаю найпапулярнейшага навагодняга салату. Сёлета мы паўтараем свой эксперымент.

Як і год таму, для падліку мы ўзялі стандартны рэцэпт, які ўключае чатыры бульбіны, дзве морквы, 500 грамаў «Доктарскай», пяць курыных яек, чатыры марынаваныя агуркі, банку кансерваванага гарошку і 200-грамовы пачак маянэзу.

Hавiны
Індэкс «Аліўе». Наколькі падаражэла самая папулярная навагодняя салата?
2018.12.24 13:55

Мы параўноўвалі кошты на тыя ж прадукты (па вытворцу і аб’ему) і з той жа крамы. Вядома, не заўсёды атрымлівалася знайсці менавіта тыя прадукты, напрыклад, моркву ці бульбу. У такім разе мы бралі найбольш блізкія да іх паводле характарыстык.

Прызнаемся, вынік нас здзівіў. Сёлетняя салатка ў параўнанні з мінулагодняй падаражэла ўсяго на 6 капеек, або на 0,44 %. Выніковы кошт навагодняй салаты сёлета склаў 13 руб. 74 кап. А ў мінулым годзе салатка каштавала 13 руб. 68 кап.

Пры гэтым цэны выраслі толькі на гарошак (на 26 кап.) і агуркі (на 6 кап.). А патаннелі морква (на 9 кап.), каўбаса (на 7 кап.) ды яйкі (на 10 кап). Кошты бульбы ды маянэзу не змяніліся.

«Індэкс аліўе» 2019 году. Выкарыстана фота gastronom.ru

Калі ж паспрабаваць зэканоміць і абраць самыя танныя прадукты з магчымых, то «Аліўе-2019» будзе каштаваць 9 руб. 40 кап.

Што датычыць афіцыйнай статыстыкі, то, паводле Белстату, цэны ў Беларусі ў лістападзе ў параўнанні са снежнем 2018 года выраслі на 4,2 %, у тым ліку на харчовыя тавары – на 3,8 %.

Нагадаем, што «Індэкс аліўе» мае як перавагі, гэтак і недахопы ў параўнанні са звычайнай ацэнкай інфляцыі.

З аднаго боку, падобныя індэксы больш адэкватна адлюстроўваюць інфляцыю для канкрэтных спажыўцоў, лепш адлюстроўваюць іх жыццё. Бо мы кожны дзень ходзім у крамы і бачым, колькі грошай аддаем за прадукты. З другога боку, падобныя харчовыя індэксы могуць пераацэньваць і завышаць інфляцыю, не ўлічваюць паводзінаў людзей, якія могуць шукаць тавары ў іншых месцах ці набываць, напрыклад, іншыя аналагі.

Натуральна, што нашыя падлікі прыблізныя. У кожнага з вас можа быць свой кошт навагодняй салаткі, які залежыць не толькі ад рэцэпту, але і ад прадуктаў, якія вы абераце ў краме.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў