Новая калектывізацыя? На Случчыне без суда ўлады забралі кароў з прысядзібнага ўчастку


У вёсцы Цялівечы Слуцкага раёну мясцовыя ўлады забралі ў Вольгі і Людмілы Бруй кароў і быкоў у калгас. Жанчыны сваімі сіламі гадуюць два дзясяткі жывёлаў. Але мясцовыя жыхары, як і прадстаўнікі сельсавету, ужо дзевяць гадоў пішуць у санстанцыі і ў міліцыю з нагоды, што жывёлы ўтрымліваюцца ў жахлівых умовах. У выніку без суда і з дапамогай міліцыі жывёлаў забралі з прысядзібнага ўчастку.

Жанчыны са слязамі на вачах распавялі «Белсату», што мясцовыя ўлады з дапамогай тэхнікі калгасу забралі жывёлаў з прысядзібнага ўчастку.

«У мінулы чацвер жывёлаў нашых забралі і вось толькі ў панядзелак мы іх знайшлі на калгаснай ферме ў суседняй вёсцы. Нам людзі распавялі пра гэта. І жывёлы ў цяжкім стане, пакалечаныя. Адзін бычок здох наагул, у цялушкі пераламаная нага. Жывёлаў усыплялі, бралі пагрузчык і проста кідалі іх на прычэпы, нібы буракі якія. А цяпер хлусяць», – з плачам распавядае «Белсату» Людміла Бруй.

Людміла Бруй.
Фота: «Белсат»

У прыватнай гаспадарцы жанчыны 14 кароваў і цялушак і восем быкоў. Гэтых жывёлаў закінулі ўсіх у адну клетку. Жывёлаў забіралі з дапамогай міліцыі.

Міліцыя забрала жанчын, чыноўнікі вывезлі жывёл

«Я паехала па справах у Слуцк. Мама засталася на гаспадарцы. І ў горадзе да мяне падышлі міліцыянты і запрасілі ў аддзел. А маму а 9 раніцы схапілі проста на падворку, схапілі за рукі і зацягнулі ў міліцэйскую машыну. Прывезлі яе ў аддзел нібы злачынцу, нават пераапрануцца не далі, як была ў гумовых ботах, так і прывезлі. Я сяджу ў аддзеле і чую, як мама крычыць у суседнім кабінеце. Трымалі нас амаль шэсць гадзінаў, пакуль не вывезлі жывёлаў», – кажа Людміла.

Жанчыны кажуць, што не ведаюць пра нейкія пастановы, якія б дазвалялі ўладам забраць жывёлаў. Пры гэтым старшыня беліцкага сельскага выканаўчага камітэту Галіна Валюкевіч прызналася, што судовай пастановы на тое, каб забраць жывёлаў у жынчын, няма.

«Канечне будзе судовая пастанова. Суд адбудзецца, усе будзе так, як трэба», – распавяла «Белсату» старшыня сельсавету Галіна Валюкевіч.

Жанчыны патрабуюць, каб жывёлаў, якія на іх думку забралі незаконна, вярнулі.

У сваю чаргу суседзі кажуць, што з моманту, як Вольга і Людміла Бруй распачалі весці тут прысядзібную гаспадарку жыць стала немагчыма. Яшчэ ў 2011 годзе жыхары вёскі Цялевічы пачалі пісаць скаргі і звароты ў медыя з просьбай дапамагчы ў сітуацыі, паколькі прысядзібны ўчастак проста пачаў тануць у брудзе і гноі. Паводле старшыні выканкаму, менавіта і гэта стала падставай для таго, каб забраць жывёлаў.

«Мясцовыя жыхары і суседзі жанчын проста пачалі бунт, бо баяліся за сваю бяспеку. Агулам на жанчын склалі 22 адміністрацыйныя пратаколы. Людзі выклікалі міліцыянтаў, тыя ў сваю чаргу накіроўвалі дакументы ў сельскі выканкам. Мы павінныя рэагаваць. А тое, што там быкі пакалечаныя, забітыя… я гэтага не ведаю, прыдумаць могуць што заўгодна, не верце гэтым словам», – распавяла «Белсату» Галіна Валюкевіч.

Месца, дзе знаходзіліся на падворку жывёлы. «Белсат»

У сваю чаргу Вольга і Людміла Бруй сцвярджаюць, што намагаліся добра даглядаць за жывёламі. Паводле Вольгі Бруй, ім дапамагалі дачка, якая цяпер жыве ў Нямеччыне. Жанчыны таксама мелі грошы, каб набываць сена і салому. А вось што да дапамогі з боку мясцовай улады і гаспадаркі – то ім катэгарычна адмаўлялі. Таму і сабралася шмат гною на ўчастку.

«Нам не давалі сельгастэхніку. Мы звярталіся ў райвыканкам, у апошні раз нават пісалі ў пракуратуру. Але ніякай дапамогі не было. Тым больш, мы ж не прасілі проста так, гатовыя заплаціць за паслугі тэхнікі. Але ніхто не адгукнуўся, нават каня нельга было атрымаць. Я званіла ў і райвыканкам, дзе паабяцалі дапамагчы, але ўсе звароты былі марныя. У выніку каровы цэлы год знаходзіліся ў хляве. І нават нягледзячы на гэта суседзі пісалі скаргі, што нібыта нашыя жывёлы знішчалі іхныя агароды. Гэта ўсё не праўда», – кажа Людміла.

Дакладная дата суда ў справе канфіскацыі кароў у Вольгі і Людмілы Бруй – не вядомая.

Аб’ектыў
Ферма працуе, грошай няма: як ратуюцца ад голаду жыхары вёскі Забароўе
2020.03.25 23:04

СК belsat.eu

Стужка навінаў