Новая Беларусь: свабода слова і падзел пратэстоўцаў пасля перамогі


Якой могуць быць асноўныя рысы новай Беларусі, якімі будуць яе галоўныя праблемы, а што дапаможа дасягнуць поспеху? Гэтыя пытанні абмеркавалі ўдзельнікі Беларускага экспертна-аналітычнага клубу падчас онлайн-канферэнцыі.

Сабралі рэзюмэ асноўных тэзісаў выступоўцаў.

Самаарганізацыя і сувязі – набытак пратэстаў?

«Любы грамадскі падʼём можа закончыцца спадам. На сённяшні дзень я не бачу надзейных перадумоваў таго, што нічога не можа вярнуцца назад. Працэсы самаарганізацыі абарачальныя і могуць быць здушаныя», – лічыць Андрэй Ягораў, палітолаг, старэйшы аналітык Цэнтру еўрапейскае трансфармацыі.

Плошча Пераменаў пераўтварылася ў народны мемарыял. Раман Бандарэнка памер напярэдадні вечарам у шпіталі пасля брутальнага затрымяння і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 году.
Фота: ВВ / Белсат

З ім нязгодная Ганна Казлова, ліцэнзіятка «TEDxMinsk», папулярызатарка навукі: «Незалежна ад таго, чым закончыцца крызіс, самаагранізацыя і сувязі, якія ўзніклі, не знікнуць. Гэта тое, у чым нашая будучыня».

На меркаванне Андрэя Ягорава, да рэальнага мясцовага самакіравання трэба яшчэ прайсці вялікі шлях, бо дзейныя супольнасці яшчэ не надта гатовыя ўзяць уладу на мясцовым узроўні і распараджацца ёю.

Актывістам пратэсту пакуль не хапае сувязяў, лічыць Яраслаў Бекіш, прадпрымальнік, экс-кіраўнік «Зялёнай сеткі».

«Ёсць нагоды для аптымізму і гонару, але ёсць больш прычынаў для занепакоенасці. У нас зʼявіліся мясцовыя грамады, экспертныя супольнасці, сувязі з заходнімі ўрадамі. Але сістэма патрабуе не толькі элементаў, але і сувязяў паміж імі. Гэтыя сувязі пакуль не ўмацоўваюцца», – мяркуе ён.

Раскол пасля перамогі – натуральны

Беларускі пратэст зараз абʼяднаны, аднак пасля перамогі розныя групы актывістаў пратэсту пачнуць канкурэнцыю за ўплыў.

«Вядома, выклікі ёсць, але мы бачым, што існыя ініцыятывы адна адну падтрымліваюць, не адбылося расколаў і вялікіх унутраных спрэчак», – адзначыў Антон Раднянкоў, прэс-сакратар Каардынацыйнай рады і дырэктар Цэнтру новых ідэяў.

Антон Раднянкоў.
Фота: Яна Пракапчук / Белсат

«Цяпер у нас ёсць адна мэта, гуманістычная, бо тое, што зараз адбываецца – гэта тэрарызм. Абʼяднала ўсіх адмаўленне антыгуманнасці практыкаў. Калі гэтая мэта зменіцца, будзе цалкам ці часткова вырашаная, будзе раскладзеная на больш дробныя задачы, можа ўзнікнуць раскол», – сказала Ганна Казлова.

Тое, што ў іншага чалавека можа быць іншае меркаванне, павінна стаць базавай каштоўнасцю для Беларусі, лічыць яна.

Hавiны
«Я – эксперт у мяшках на галаве». Гутарка з выдвараным з Беларусі Антонам Раднянковым
2020.11.05 13:54

Пагрозы ўнутраныя і вонкавыя

Цяпер пратэсты ў Беларусі не маюць выразнай замежнапалітычнай скіраванасці, лічаць эксперты. З гэтай прычыны замежнапалітычны вектар будучай Беларусі будзе звязаны з тым, хто звонку дапаможа пратэсту і заваюе ўплыў у беларускім грамадстве.

«Выклік геапалітычнай арыентацыі трэба вырашаць, і яго трэба вырашаць небанальна. Мы не можам хутка выйсці з пагадненняў з РФ… Трэба шукаць баланс, дамаўляючыся з РФ. І адначасова шукаць умацавання адносінаў з ЕЗ», – кажа Андрэй Ягораў.

Менск, Беларусь. 29 лістапада 2020 году.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

З іншага боку, калі грамадства пасля перамогі пратэсту будзе слабым, яно можа аддаць дзяржаву пад кантроль некалькіх груповак вялікага бізнесу, што прывядзе да ўлады алігархіі.

«Ліквідацыя гэтага рэжыму не значыць, што мы пазбаўляемся небяспекі новага папулізму і аўтарытарызацыі. Чым горшы будзе эканамічны стан, тым большая небяспека. Таму добра было б альбо перамагчы хутчэй, альбо зацягнуць пераходны перыяд», – дадаў Андрэй Ягораў.

  • З 9 жніўня да канца лістапада 2020 года ў Беларусі паводле адміністратыўных справаў затрымалі больш за 31 тысячу чалавек.
  • Больш за 500 асобаў застаюцца фігурантамі крымінальных справаў. Сярод іх – журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова, а таксама журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч.
  • 156 асобаў прызнаныя палітвязнямі.
Банер у падтрымку незалежных журналістаў

belsat.eu

Стужка навінаў