«Нічога страшнага, што не спяю на балі ў прэзідэнта». Аляксей Грос пра тое, як трапіць у дзяржаўны шоу-біз і вылецець адтуль


Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Аляксей Грос перамог у 2016 годзе на «Славянскім базары», атрымліваў узнагароду з рук Лукашэнкі, мае спецыяльны прыз Парламенцкага сходу Беларусі ды Расеі. Ён выступаў на «Песнях года» і неаднаразова спрабаваў прайсці на «Еўрабачанне». Cёлета спявак даволі жорстка выказаўся пра ўлады ў сваім Instagram. Яму хутка адмянілі канцэрты, а потым і выключылі з Універсітэту культуры. Аляксей Грос распавёў «Белсату» аб сваёй грамадзянскай пазіцыі, смеласці ды пра тое, хто для айчыннага шоу-бізнесу «нефармат».

Кінуў вучобу на шахцёра, каб займацца музыкаю

– Аляксей, калі вы пачалі захапляцца музыкай?

– Мой тата – музыка, і ў яго ў маім родным Салігорску быў свой гурт. Таму музыка заўсёды была важнай часткай майго жыцця.

Я вучыўся ў англійскай школе, у другім класе ў нас быў Гэлаўін, і я выступаў на канцэрце. Там быў выкладчык ігры на барабанах, ён заўважыў мяне і запрасіў у дзіцячую школу мастацтваў. Я пайшоў туды вучыцца, потым граў у гарадскім аркестры. Так атрымалася, што амаль усё маё жыццё было звязанае з музыкай.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

У нас быў вельмі спартыўны клас, і паралельна з музыкаю я даволі працяглы час займаўся барацьбой. Мне заўсёды здавалася, што дзяўчаты любяць спартоўцаў, а што там музыкі… Але пакрысе пачаў выступаць на школьных канцэртах.

– Аднак пасля школы вы пайшлі вучыцца на шахцёра. Чаму ў выніку абралі не высокааплатную прафесію, а нестабільную працу артыста?

– Гэта было не зусім маё. На адным з канцэртаў я выступаў з песняю пра маму. І чамусьці некаторыя сакурснікі на гэта дзіўна адрэагавалі. І пачалася не тое каб цкаванне, але атмасфера была напружаная.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Потым быў конкурс «Музычны форум». Пасля яго я вырашыў паступаць у музычны каледж. Забраў дакументы з каледжу для шахцёраў і паступіў у каледж мастацтваў у Менску. Пасля сканчэння каледжу выпаў з прафесіі, працаваў як менеджар продажу канцылярскіх тавараў, на мыйні, страхаром падпрацоўваў. Аднак разумеў, што гэта не маё і мне хочацца спяваць.

Потым былі кастынгі ў пастаноўку Музычнага тэатру ў прадзюсарскі цэнтр «Спамаш». У выніку я патрапіў туды, і гэта была цудоўная школа.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

– Вы перамаглі на «Славянскім базары» ў 2016 годзе. Як змянілася вашае жыццё пасля перамогі ў конкурсе?

– Мы рыхтаваліся маленькаю камандаю, з вельмі маленькім бюджэтам. Я прачынаўся а 6-й раніцы, клаўся а 2-й ночы, і быў шчаслівы. У нас была цудоўная каманда. Пасля конкурсу было пэўнае спусташэнне. Але гэта быў самы прыемны момант усяго майго знаходжання ў «Спамашы».

Фота
Расейскай артыстцы Але Пугачовай у Віцебску падарылі вышыванкі і беларускамоўны радавод
2016.07.14 17:34

Стасункі ўнутры прадзюсарскага цэнтру «Спамаш» вельмі пагоршыліся. У калектыве быў чалавек, які пастаянна рабіў мне розныя гадасці, даходзіла і да пагрозаў. Таму я вырашыў звольніцца і напісаў заяву паводле ўласнага жадання напрыканцы 2016 года.

А потым я даведаўся, што рэжысёрам асноўных навагодніх праграмаў прыйшлі лісты з указаннем рэпертуару, якога я не магу выконваць. У выніку я застаўся без выступаў.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

– І што вы рабілі далей?

– Разам з братам (ён піяніст) мы пачалі пісаць уласныя песні. Я даваў урокі вакалу. Фінансавая сітуацыя пакрысе пачала наладжвацца. Аднак у «Песню года» было складана трапіць, а калі я быў у «Спамашы», то штогод браў удзел.

«У Беларусі артысты не зарабляюць вялікія грошы»

– Як выглядаюць гастролі артыстаў? Ці магчыма ўвогуле беларускаму артысту жыць з уласнай творчасці?

Ведаеце, у Беларусі артысты – гэта не тыя людзі, якія зарабляюць вялікія грошы. У «Спамашы» я зарабляў звычайны заробак як у маладога спецыяліста пасля ўніверсітэту.

Калі ты выступаеш на дзяржаўных канцэртах, то гэта ў любым выпадку не вялікія расцэнкі. Кожны артыст самастойна агаворвае ўмовы, але мы не абмяркоўваем ганарары паміж сабою.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

– Як увогуле артыст пачатковец можа патрапіць на дзяржаўнае тэлебачанне або канцэрты?

– Калі б я самастойна пачынаў свой шлях, без «Спамаша», то я б запісаў свае песні на флэшку і пайшоў бы ў Міністэрства культуры, АНТ, Белтэлерадыёкампанію, загрузіў бы песні ў сацыяльныя сеткі. Проста каб паказаць: я Аляксей Грос, глядзіце, што я раблю. А вы ацэніце і прымеце рашэнне.

Аднак практыка паказвае, што ёсць нейкі фармат. І аніхто не кажа, што трэба рабіць, каб у яго патрапіць. У нас вельмі мала пляцовак, дзе артыст можа выступіць. Большасць з іх – дзяржаўныя. І таму артысты сутыкаюцца з такі адказам: «Вы – не фармат». Спявачцы IOWA пастаянна казалі, што яна не фармат.

Ёсць пэўны адсотак артыстаў, які рассылаюць песні і ў выніку гэтыя песні пачынаюць круціць на радыёстанцыях. Дзякуючы гэтаму яны трапляюць на «Песні года», Дзень незалежнасці, Прэзідэнцкі бал. Але гэтыя песні адрозніваюцца ад таго, што я чую на радыёстанцыях.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

– Атрымліваецца, што ў беларускім шоу-бізнесе ёсць блат?

– Я не ведаю, ці гэта блат… Калі б я напісаў песню пра «сінявокую Беларусь», можа быць мяне б і ўставілі ва ўсе канцэрты. І гэта быў бы мой выбар. Але я пішу поп-музыку, і такія творы мне не ўласцівыя.

– Але чаму не запрашаюць на тую ж «Песню года» Shuma або Akute? Гэта вельмі папулярныя праекты.

Вось таму што іх нехта лічыць «не фарматам». Разумееце, на YouTube-канале Белтэлерадыёкампаніі перадачы з маім удзелам набіраюць па 40-50 праглядаў. Тэлебачанне аніхто не глядзіць! Нават артысты пачынаюць задумвацца: навошта там выступаць?

Мая аўдыторыя не глядзіць тэлебачанне, гэта інтэрнэт-гісторыя, у лепшым выпадку радыё. Артыст не мусіць працаваць у пэўным фармаце, каб яго паказалі па тэлебачанні. Артыст мусіць быць самім сабою, а не бегчы за фарматам, які яму навязваюць.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

– Калі б вас запрасілі выступіць на канцэрце ў гонар Дня незалежнасці, ці пагадзіліся б?

– Не. Мне гэтая сітуацыя ўся вельмі непрыемная. Я люблю сваю краіну і ганаруся ёй. Я творчы чалавек і ва ўсёй гэтай сітуацыі, з маім выключэннем, яны паказалі мне, што я аніхто. Бо што я зрабіў? Гэта нагадвае сітуацыю, калі б я ішоў па вуліцы і бачыў, як нейкі п’яны чалавек прыставаў да дзяўчыны і я бы прайшоў міма. Што гэта будзе за грамадства, якое будзе праходзіць міма?

Уся сутнасць у тым, што людзі хочуць быць пачутымі. Гэта выглядае як мальба: проста пачуйце нас! Беларусы паказваюць сябе з вельмі культурнага боку, намагаюцца вельмі прыгожа данесці свае думкі, нязгоды. Няма аніякай прапаганды, мірна. І з чым змагаюцца? Для мяне гэта шок і маразм.

«Кожны мусіць мець права на ўласную пазіцыю»

– Чаму вы вырашылі выказацца ў сваім «Instagram» наконт таго, што адбываецца ў Беларусі? Ці здагадваліся вы аб наступствах?

– Разумееце, я не ведаў, што будзе. Я і падумаць не мог, што такое магчыма. Былі Stories, дзе я рэпосціў выказванні Бабарыкі.

Зараз страшна, што людзей хапаюць не проста ў аўтазакі, а ў машыны з незразумелымі нумарамі незразумелыя людзі ў масках. Я проста дзялюся сваім меркаваннем. І гэта норма! Людзі баяцца міліцыю, АМАП. Любы свядомы чалавек мусіць гэта рабіць, каб «там» нас пачулі!

– Аднак і раней былі чорныя спісы выступоўцаў. Той жа Сяргей Міхалок не мог выступаць у Беларусі пасля крытыкі ўладаў.

– Я ведаў аб Міхалку. Але адносна іншых – ускосна. Аднак я разумеў, што калі я буду публічна падтрымліваць альтэрнатыўнага кандыдата, то мне будзе закрытая дарога. Але я ніколі не думаў, што артыст можа быць інструментам прапаганды.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Гэта абсурд, што людзі пачынаюць баяцца гаварыць аб тым, што адбываецца ў нашай краіне. Я раней задумваўся, што мне прыйдзецца з’ехаць, але заўсёды хочацца застацца, бо тут твае людзі. Ды і я не хачу перастаць займацца музыкаю. Але на сёння ў мяне вельмі шмат пытанняў.

– Як вашыя калегі адрэагавалі, што ў вам пачалі адмяняць канцэрты?

– Мне пісалі ў асабоўку вельмі шмат артыстаў. Усе яны мяне падтрымліваюць. Ва ўсіх сходзіцца меркаванне. Усе хочуць свабоды слова. Чаму па факту гэтага не адбываецца? Якія баны і чорныя спісы? Не хочацца быць датычным да гэтага.

– Вас таксама адлічылі з Універсітэту культуры. Як гэта было?

– Не магу сказаць, што я такі старанны студэнт. Былі і запазычанасці. Але ўсе такія, асабліва ў нас завочнікаў. Але я выступаў за Універсітэт культуры. Вучыўся і здаваў усё выкладчыкам.

Але пасля пастоў прыйшоў загад, ды яшчэ і задняю датаю. Адлічылі 29 чэрвеня, а загад падпісалі 16 чэрвенем. Я гэтага не разумею.

– Ці будзеце абскарджваць вырашэнне?

– Я лічу, што біцца аб сцэну ў гэтай сітуацыі не мае сэнсу. Усе ўсё цудоўна разумеюць, таму я не вінавачу адміністрацыю. Яны не маглі інакш паступіць. Не ўсе гатовыя сказаць так, як ёсць на самой справе. Але на гэта спатрэбіцца час.

– Чым плануеце займацца зараз?

– Зараз я буду выкладаць вакал у адной са школаў. Разам з братам ствараем песні. Будзем працаваць над уласным матэрыялам.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Для мяне анічога не змянілася. Падумаеш, не выступлю на тых пляцоўках… Пасля сыходу са «Спамашу» шмат што змянілася. Не заўсёды атрымліваецца зарабляць так, каб на ўсё хапала. Але мы рухаемся і развіваемся. У нас з’яўляюцца новыя падпісанты ў сеціве, круцяць песні на радыёстанцыях.

А тое, што я не спаю на балі ў прэзідэнта… Думаю, што нічога страшнага не адбудзецца ані для іх, ані для мяне.

– Атрымліваецца, што жыццё не такое страшнае па-за ўдзелам у дзяржаўных канцэртах?

– Так! Мне ўчора патэлефанавалі з Маладзечна, запрасілі на канцэрт. Заўсёды былі карпаратывы. Калі ты чагосьці варты, то ўсё будзе добра. Я перакананы, што ўсё будзе добра.

– Што вы бы параілі артыстам, якія баяцца выказаць сваё меркаванне так адкрыта як вы?

Галоўнае – займацца любімай справай і не ісці за нейкімі трэндамі. У чалавека ёсць рукі, ногі, галава. Шмат прафесіяў розных. Калі ты баішся, што гэтыя беларускія пляцоўкі – тваё ўсё, то варта задумацца аб змене прафесіі.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Мне зараз піша шмат людзей, яны думаюць, што я расстроены. Але гэта не так. Я абсалютна не перажываю наконт гэтага. Гэта было маё асэнсаванае рашэнне, якое фармавалася ўнутры мяне. Беларусы пастаянна чагосьці баяцца. Мне падаецца, што гэта на генным узроўні.

Я лічу, што кожны чалавек мусіць мець права на ўласную пазіцыю.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў