У дачыненні да топ-мэнэджара PandaDoc распачалі крымінальную справу


У дачыненні да Віктара Куўшынава, аднаго з топ-мэнэджараў кампаніі, PandaDoc распачата крымінальная справа, паведаміла яго жонка Аляксандра Дзікан у сваім Instagram.

Паводле яе словаў, зараз Віктар знаходзіцца на Акрэсціна, супраць яго заведзеная крымінальная справа па артыкуле 210 КК РБ – крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры. Паводле гэтага артыкула Куўшынаву пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць кіроўныя пасады.

Пра затрыманне Віктара ўчора яго жонка распавяла так: «А 10й гадзіне раніцы 4 чалавека ў штацкім прыехалі да нас дадому і забралі Віцю. Нейкія паперы яму паказвалі. Я спадзяюся, што гэта просты допыт і яго адпусцяць увечары. Але зараз тры гадзіны дня, нічога не вядома. Адвакаты даведаліся, што ён знаходзіцца ў цэнтральным бюро фінансавых расследаванняў. Адвакаты намагаюцца да яго патрапіць. Я ездзіла дадому і высветліла, што забралі таксама і мой кампʼютар. У іх офісе быў ператрус, а за Віцем вось прыехалі персанальна».

2 верасня ў Менскім офісе PandaDoc кампаніі адбыўся вобшук.

Заснавальнік PandaDoc Мікіта Мікада стала жыве ў ЗША.

11 сакавіка 2020 г. PandaDoc патрапіла ў спіс лепшых працадаўцаў ЗША з ліку стартапов, які склаў Forbes. У яго трапіў інструмент для кіравання лічбавымі дакументамі PandaDoc, створаны беларусамі Мікітам Мікадам і Сяргеем Барысюком. Праект быў заснаваны ў 2011 годзе. Летам мінулага года PandaDoc прыцягнуў 10 мільёнаў долараў ад EBRD, Rembrandt, Microsoft, Altos and Silicon Valley Bank, а агулам інвестыцыі налічваюць каля 30 мільёнаў долараў.

belsat.eu

Стужка навінаў