Цэнтрвыбаркам 14 ліпеня агучвае спіс зарэгістраваных кандыдатаў на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах.
Паседжанне распачалося аб 11.00. На пачатку прадстаўнікі абласных выбарчых камісіяў прадставілі звесткі пра колькасць сабраных і правераных подпісаў за ўсіх патэнцыйных кандыдатаў. Лідзія Ярмошына пацікавілася ў выступоўцаў, ці здараліся канфлікты ў іхных вобласцях падчас збору подпісаў.
Па выніку праверкі подпісаў фармальнай нагоды адмовіць у рэгістрацыі Віктару Бабарыку не было. Разам з тым, заявіла Лідзія Ярмошына, у ЦВК паступіў ліст ад КДК, дзе адзначалася, што Бабарыка не пазначыў у сваёй дэкларацыі некаторую маёмасць, нерухомасць, а таксама сродкі, атрыманыя падкантрольнымі яму кампаніямі «Прыват Лізінг», «Прававы дыялог» і фірмамі ў афшорах.
Паводле яе, Дзяржкантроль таксама мае праўдзівыя факты атрымання Бабарыка замежнай фінансавай дапамогі ад «Газпраму».
Ярмошына прапанавала ЦВК адмовіць Бабарыку ў рэгістрацыі «у сувязі з неадпаведнасцю прадстаўленай дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці» і тым, што ў ягонай кампаніі ўдзельнічалі замежныя структуры.
Юрыст, які прадстаўляе Бабарыку, Максім Знак, у сваім выступе адзначыў, што не ведаў пра ліст ад КДК, дзе фактычна адлюстраваная сутнасць абвінавачвання. З гэтым абвінавачваннем яшчэ не азнаёмілася абарона і яно не трапіла ў суд. Паводле юрыста, згаданыя Ярмошынай абставіны не з’яўляюцца перашкодай для рэгістрацыі кандыдата на прэзідэнта.
Але ЦВК аднагалосна прагаласавала за адмову ў рэгістрацыі Бабарыкі. Ён не будзе ўдзельнічаць у выбарах.
Паводле ЦВК, са 160 тысяч паданых за Цапкалу подпісаў сапраўдныя толькі 75 тысяч – гэтага не хапае для рэгістрацыі, што з’яўляецца безумоўнай падставай для адмовы ў рэгістрацыі. Акрамя таго, ЦВК выявіла неадпаведнасць у фінансавай дэкларацыі жонкі Цапкалы: там нібыта не пазначаныя акцыі, якімі яна валодае.
Каардынатар ініцыятыўнай групы вылучэнца Цапкалы Андрэй Ланкін звярнуў увагу на тое, што подпісы за прэтэндэнта масава не ўлічваліся з сумнеўных прычынаў, таму падставаў для адмовы ён не бачыць.
ЦВК адзінагалосна прыняў рашэнне адмовіць Валерыю Цапкала ў рэгістрацыі кандыдатам.
ЦВК палічыла, што Ганна Канапацкая адпавядае ўсім патрабаванням для рэгістрацыі. Рашэнне зацвердзіць ейную кандыдатуру прынятае адзінагалосна.
Канапацкая прыняла свае пасведчанне кандыдата і заявіла, што спадзяецца на «справядлівыя выбары».
Дробныя несупадзенні ў дэкларацыі Андрэя Дзмітрыева не сталі перашкодай для рэгістрацыі.
«Я іду на выбары, бо ўпэўнены, што Беларусі патрэбны новы прэзідэнт. Калі я стану прэзідэнтам, прызначу новыя выбары», – сказаў ён.
Ён заявіў, што, на ягоную думку, мусілі быць зарэгістраванымі і Бабарыка, і Цапкала, і Ціханоўскі. Дзмітрыеў заклікаў вызваліць усіх палітвязняў, а Ярмошыну – забраць сваю заяву на Ціханоўскага. Пасля гэтага ў зале прагучалі авацыі.
Ярмошына пацікавілася ў Сяргея Чэрачня, ці хоча ён працягваць удзельнічаць у выбарчай кампаніі. ЦВК адзінагалосна задаволіў ягоную кандыдатуру.
«Я ўдзячны за маю рэгістрацыю. Па агульнай сітуацыі, якая адбываецца, у мяне асабіста няма словаў», – коратка выказаўся ён.
Пры разглядзе кандыдатуры Святланы Ціханоўскай у ЦВК паўстала пытанне да дэкларацыі: не была пазначаная ейная доля ў кампаніі «Хайв проджэкт», а таксама дом Сяргея Ціханоўскага ў Гомельскай вобласці.
Святлана Ціханоўская заявіла, што інфармацыі пра завяршэнне ўгоды куплі-продажу па доме ў яе няма, а ўсе дакументы былі вынятыя падчас вобшуку. Камісія абмяркоўвала, ці ўлічваць гэтую недакладнасць у дэкларацыі.
«Не хацелася б змяншаць колькасць кандыдатаў» – заявіла Ярмошына і прапанавала зарэгістраваць яе.
ЦВК аднагалосна зацвердзіў кандыдатуру Ціханоўскай. Яна атрымала свае пасведчанне кандыдата.
«Я спадзяюся на вельмі вялікія перамены ў гэтым годзе», – сказала Ціханоўская.
ЦВК аднагалосна прагаласавала за рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік ягонага штабу Міхаіл Орда заклікаў правесці выбары «без правакацыяў і ўзрушэнняў».
Такім чынам, удзел у выбарчыя бюлетэні сёлета патрапяць 5 кандыдатаў.
Усяго патэнцыйных кандыдатаў было сямёра. Гэта Віктар Бабарыка, Валерый Цапкала, Святлана Ціханоўская, Аляксандр Лукашэнка, Ганна Канапацкая, Сяргей Чэрачань і Андрэй Дзмітрыеў. Усе яны заявілі, што сабралі неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў.
Рэгістрацыя мусіла адбыцца з 5 па 14 ліпеня, аднак ЦВК вырашыў правесці паседжанне ў апошні магчымы дзень.
На этапе праверкі подпісаў тэрытарыяльныя камісіі масава адкідвалі подпісы за Бабарыку і Цапкалу. Штаб апошняга выявіў памылкі ў працэдуры праверкі і накіраваў скаргу ў ЦВК, далучыўшы подпісы рэальных грамадзянаў, якія раней былі прызнаныя несапраўднымі.
Фармальных перашкодаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі ўзнікнуць не павінна, хаця ён і знаходзіцца ў СІЗА КДБ па «справе Белгазпрамбанку», яго вінавацяць у «адмыванні» грошай, дачы хабару і ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
Уся перадвыбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць ва ўмовах рэпрэсіяў супраць апазіцыйных палітыкаў, блогераў, грамадскіх актывістаў, журналістаў і звычайных грамадзянаў. На сённяшні дзень 24 асобы прызнаныя палітвязнямі, 22 з іх застаюцца за кратамі. Усяго ад пачатку кампаніі былі затрыманыя больш за 700 чалавек, сотні былі пакараныя адміністратыўна.
Паводле заканадаўства, пасля рэгістрацыі кандыдаты ў прэзідэнты могуць пачынаць агітацыю. Усяго месцаў для агітацыі ў Менску вылучылі шэсць – і ўсе яны не ў цэнтры гораду. Ні ў адным буйным горадзе сёлета не дазволена агітаваць у цэнтры. Лідзія Ярмошына сцвярджала, што такое рашэнне прынялі, бо Сяргей Ціханоўскі нібыта «ператварыў пікеты па зборы подпісаў у палітычныя агрэсіўныя мерапрыемствы».
Кандыдаты на прэзідэнта таксама выступяць у эфіры дзяржаўнага тэлебачання і радыё. Аляксандр Лукашэнка ў дэбатах удзелу не бярэ. Да 19 ліпеня кандыдаты перададуць у медыі тэксты сваіх перадвыбарных праграмаў. Выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 9 жніўня.
КА belsat.eu