Алена Кузьміна – правакатарка з пікету Сяргея Ціханоўскага ў Горадні – пагадзілася паразмаўляць з прэсай. «Народнай Волі» ўдалося звязацца з гэтай жанчынай.
Пасля затрымання Сяргея Ціханоўскага інтэрнаўты высветлілі, што правакатарка – гэта Алена Кузьміна. У сеціве знайшлі і фота з тэлефонным нумарам Алены, на якім «прыемная дзяўчына пышных формаў» прапаноўвае правесці вечар з мужчынам, і нават фігуравала сума, якую будзе каштаваць пару гадзінаў з Аленай.
«Нашай уладзе гэта (маецца на ўвазе збор людзей у цэнтры гораду) не трэба было. Арганізатар усяго – ФСБ, а ў мяне былі проста сувязі ў Расеі. Вы разумееце, што я не магу ўсяго сказаць, але адмовіцца я не магла. Выставілі ўсё так, як быццам я яму хацела нашкодзіць, але ніхто не падумаў, што ратавала. Лепш так, чым ляжаць закапаным у зямлі», – распавяла Алена пра правакацыю з Сяргеем Ціханоўскім.
– Як на вас выйшла ФСБ?
– Вы такая цікаўная… Адзін хлопец знайшоў, не магу расказаць усё ў падрабязнасцях…
– Вы не змаглі адмовіцца?
– Так, не змагла.
– Як думаеце, чаму вам пасля гэтага скандалу не дапамаглі з’ехаць з краіны?
– Не ведаю… Мабыць, тут патрэбная. А наогул, паглядзіце, якая актыўная інтэграцыя. Можа, хутка мы станем Расейскай Федэрацыяй, і ўсе канфлікты на гэтым закончацца.
– А як вы асабіста ставіцеся да таго, што адбываецца ў краіне?
– Вось вы ўспомніце гісторыю з Барысам Нямцовым або Аляксеем Навальным. Гэтымі людзьмі можна захапляцца. І паглядзіце, як прыбралі таго ж Нямцова. А што робяць з Навальным… Я шчыра хацела, каб прэзідэнтам стаў Віктар Бабарыка. Разумны інвестар, мэтанакіраваны…
СК belsat.eu