Колькі падаткаў у Беларусі насамрэч бяруць з сярэдняга заробку. Палічылі з эканамісткай


Сярэдні заробак у Беларусі – каля Br 2000, як піша Белстат? Шмат хто ведае, што не, на рукі будзе на 14 % менш. Але звыш таго працадаўца плаціць за працаўніка вялікую частку ўнёску ў пенсійны фонд, а работнік плаціць яшчэ шмат дробных падаткаў. «Белсат» палічыў падаткі з эканамісткай і спытаў яе, ці шмат выйшла.

Колькі падаткаў плацяць у Беларусі
Колькі падаткаў плацяць у Беларусі з сярэдняга заробку – спрошчаная схема. Выява: Белсат

Афіцыйныя звесткі пра заробкі беларусаў на момант публікацыі – за снежань 2023 года. Сярэдні налічаны заробак, паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, склаў у снежні роўна Br 2271. У снежні заробак у статыстыцы Белстату заўсёды «падскоквае» – істотна вышэйшы за заробкі месяцам раней ці пазней (імаверна, за кошт гадавых бонусаў).

Таму будзем лічыць заробак за лістапад 2023 года – блізкі або ніжэйшы будзе і ў студзені. За лістапад сярэдні налічаны заробак называлі роўным Br 1975,6, медыянны ў лістападзе быў роўны Br 1499,50.

Гэта не тое, што працаўнік атрымае на рукі ў сярэднім (сярэдні налічаны заробак) або што атрымае сярэдні чалавек у спісе (медыянны заробак). Ад гэтага трэба адняць 13 % падаходнага падатку і 1 % на ўнёсак у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН).

Выходзіць, «чыстымі» на рукі сярэдні заробак – Br 1699,02, «чыстымі» на рукі медыянны – Br 1289,57.

Заробіш Br 1700 – дзяржава заробіць Br 1250 падаткаў. Як гэта?

Шмат які якраіны публікуюць статыстыку заробкаў «чыстымі» (netto) і «бруднымі» (brutto) з улікам усіх падаткаў і збораў. У Беларусі ж людзі звычайна не ведаюць, колькі насамрэч плацяць падаткаў. Колькі ідзе на падаткі дзяржаве, «Белсату» дапамагла палічыць старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.

Колькі падаткаў плацяць у Беларусі
Колькі падаткаў плацяць у Беларусі з сярэдняга заробку, падлічанага Нацыянальным статыстычным камітэтам за лістапад 2023 года. Выява: Белсат

Працадаўца абавязаны плаціць за працаўніка абавязковыя страхавыя ўнёскі на пенсійнае страхаванне і ўнёскі на прафесійнае пенсійнае страхаванне (гэта не адно і тое ж). Памеры ўнёскаў могуць быць розныя, яны распісаныя ў адпаведным законе, але часцей за ўсё гэта 28 % на абавязковыя страхавыя ўнёскі і 6 % на прафесійнае пенсійнае страхаванне, разам 34 %. І гэта лічаць не ад налічанага заробку (які ў сярэднім Br 1975,6), а ад усіх выплатаў у грашовым ці натуральным выражэнні.

Будзем лічыць звычайны просты выпадак з 34 % і не ўлічваць ільготаў, выняткаў і ўсялякіх «добраахвотна-прымусовых» утрыманняў з заробку, як то «на страхоўку», «на прафсаюз» ці «на суботнік». Выходзіць, што за працаўніка, які на рукі атрымлівае Br 1699,02 (сярэдні налічаны заробак мінус 14 %), працадаўца плаціць у ФСАН яшчэ Br 671,70 (34 % сярэдняга налічанага заробку).

Разам на падаткі і зборы ідзе ўжо Br 948,29, а сапраўдны заробак «бруднымі», з улікам часткі выплатаў з працадаўцы, складае Br 2647,3.

Працадаўца таксама плаціць свой варыянт падаходнага падатку – падатак на прыбытак, стандартная стаўка якога складае 20 % (пра гэтыя стаўкі артыкул 184 Падатковага кодэксу). Гэтага падатку не ўлічваем, бо ён не ўплывае наўпрост на заробак працаўніка, дый прыбытку ў арганізацыі можа не быць.

Акрамя таго, у Беларусі ёсць іншыя рэгулярныя падаткі: на жытло, на машыну і гэтак далей. Ёсць і разавыя нерэгулярныя зборы, як утылізацыйны збор пры набыцці імпартнай машыны або збор за атрыманне новага пашпарта. Сума гэтых падаткаў і збораў залежыць, адпаведна, ад таго, якія ў чалавека жытло, машына і ўсё астатняе, за што бяруць падатак. Але вядомае сярэдняе значэнне.

Нацыянальны статыстычны камітэт публікуе структуру выдаткаў хатніх гаспадарак (PDF, пункт 7.1). З яе вынікае, што каля 3,27 % выдаткаў хатніх гаспадарак у 2022 годзе ішло на падаткі, унёскі ды іншыя плацяжы без уліку падаткаў на заробак. Калі з сярэдняга заробку на рукі (Br 1699,016) ўзяць на іншыя падаткі 3,27 %, будзе Br 55,56.

Яшчэ 11,53 % выдаткаў ішло на ўклады і ашчаджэнні – у некаторых выпадках даходы з банкаўскіх укладаў абкладаюцца падаткамі, але гэтага лічыць не будзем.

Астатнія выдаткі хатніх гаспадарак ідуць на спажывецкія і неспажывецкія выдаткі, то бок тавары і паслугі, падсобную гаспадарку ды іншыя неспажывецкія даходы. Менавіта на спажывецкія выдаткі ідзе каля 73,62 %.

Любы чалавек, працуе ён ці не, калі нешта купляе, ускосна плаціць падатак на даданую вартасць, акцызы і ўвознае мыта. Пакупнік таго не заўважае, бо гэтыя зборы залучаныя ў цану, напісаную на цэнніку. Звычайная стаўка падатку на даданую вартасць – 20 %, але ў розных выпадках (апісаных у арт. 122 Падатковага кодэксу) стаўка можа быць і 0 %, і 10 %, і 25 %. Акцызы могуць дасягаць хоць трох чвэрцяў цаны тавару, сумы прапісаныя ў дадатку 1 да Падатковага кодэксу. Увознае мыта таксама можа быць даволі высокае: напрыклад, з нядаўна на шампунь ці зубную пасту са Злучаных Штатаў ці Злучанага Каралеўства мыта – 35 %.

Калі будзем груба лічыць, што ўсе падвышаныя і паніжаныя стаўкі падатку на даданую вартасць, усе мыты і акцызы ў сярэднім складуць 20 %, выходзіць, чалавек з сярэднім заробкам, які пасля вынятку падаткаў роўны Br 1699,02, плаціць за тавары і паслугі, на якія прыпадае 73,62 % выдаткаў, каля Br 250,16 падатку на даданую вартасць, акцызы і мыта.

Выходзіць, што з заробку «чыстымі» на рукі з Br 1699,02 на падаткі пойдзе яшчэ Br 305,72.

Разам з тым падаходным падаткам і ўнёскам у Фонд сацыяльнай абароны, што заплаціў сам працаўнік, і тым, што за яго заплаціў Фонду сацыяльнай абароны працадаўца, выходзіць ужо Br 1254 беспасярэдніх і ўскосных падаткаў – гэта больш як 43 % поўнага заробку «бруднымі».

Hавiны
Падарункі і замежны заробак. Якія прыбыткі патрабуюць задэклараваць падаткавікі?
2024.01.14 18:10

Гэта шмат ці мала?

Беларусь не надта моцна адрозніваецца ад суседніх краінаў у структуры падаткаабкладання, разважае Настасся Лузгіна. У іншых краінах таксама ёсць сацыяльныя плацяжы, падатак на даданую вартасць і акцызы.

«Трэба разумець, што аддаюць людзі і што за гэта атрымліваюць», – адказвае эканамістка на пытанне пра памер падаткаў у Беларусі.

Экспертка тлумачыць: у краінах Скандынавіі могуць быць высокія падаткі, але дзяржава з іх шмат выдаткоўвае на грамадзянаў. Дзесьці падаткі ніжэйшыя, але ніжэйшыя і выдаткі дзяржавы – напрыклад, якая-небудзь дзяржава не дае «бясплатнай» медыцыны, але і не збірае на тую бясплатную медыцыну падаткаў.

У Беларусі ёсць праблема з празрыстасцю размеркавання падаткаў, падкрэслівае Лузгіна: дзяржава не дае дэталёвых справаздачаў, на што ідуць падаткі жыхароў, і не надта раіцца з жыхарамі, на што скіраваць грошы з падаткаў. У той жа Польшчы эмігранты з Беларусі могуць пабачыць, як палякі абмяркоўваюць мясцовыя бюджэты.

А калі жыхару Беларусі не падабаецца, што актыўна растуць выдаткі на сілавікоў ці лядовыя палацы, а не на школы ці паліклінікі, змяніць гэта амаль немагчыма.

Настасся Лузгіна. Варшава, Польшча. 15 лістапада 2022 года.
Фота: ТК / Белсат

Пытанні ёсць і да эфектыўнасці таго, як дзяржава выкарыстоўвае грошы з падаткаў і збораў. Лузгіна прыводзіць у прыклад пенсійную сістэму: нават пасля павышэння пенсійнага веку ў Фондзе сацыяльнай абароны стала бракуе грошай на пенсіі (без уліванняў з рэспубліканскага бюджэту ў фонду быў бы дэфіцыт), дык няясна, што будзе з пенсіямі ў будучыні.

А ўнёскі на пенсіі ідуць ад кожнага «ў агульны кацёл», а не размяркоўваюцца між канкрэтнымі фізічнымі асобамі, як гэта робяць у большасці еўрапейскіх краінаў.

«У выніку гэта нараджае ў звычайных грамадзянаў недавер, нежаданне ў такім аб’ёме плаціць падаткі, – рэзюмуе Лузгіна. – Яны не бачаць прамога выніку, не бачаць узаемасувязі: я плачу вялікія падаткі, значыць, я больш атрымліваю, бо атрымліваю добрыя дарогі, добрыя лякарні і гэтак далей».

Асобнае пытанне – хто ў Беларусі якія ільготы мае, дадае суразмоўца. Калі хтосьці мае права на бясплатны праезд у грамадскім транспарце, дык за гэтага чалавека плаціць дзяржава, а значыць, ускосна, усе платнікі падаткаў. А каму варта даваць бясплатны праезд, грамадзянаў не пытаюць. І нават калі грамадзяне згодныя, напрыклад, што асобам з інваліднасцю варта даць бясплатны праезд, атрымаць афіцыйны статус інваліда пэўнай групы чалавеку з інваліднасцю – а значыць, і бясплатны праезд – бывае складана.

Гісторыі
Лукашэнку будуюць новую раскошную рэзідэнцыю: «BELPOL» здабыў планы з «душам уражанняў»
2023.09.18 10:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў