Выпрабавана на сабе: бясплатныя булачкі, адсутнасць паліва і бясконцы затор


Мы вырашылі з’ехаць з Кіева ўвечары 24 лютага, бо стала ясна: баявыя дзеянні перакінуцца і на Кіеў.

Людзі пакідаюць Кіеў, Украіна. 25 лютага 2022 года.
Фота: Вячаслаў Ратынскі / Reuters / Forum

Было страшна выпраўляцца ў дарогу, зноў збіраць толькі самае неабходнае, але заставацца было яшчэ страшней. За першы дзень мы праехалі каля 200 кіламетраў і занялі апошні вольны нумар у гатэлі ў Бэрдычаве. Зранку выправіліся ў дарогу і адразу трапілі ў корак.

Раніцаю 25 лютага бачым проста неймаверны корак на трасе на захад Украіны. Праз тое, што дужа шмат людзей рушыць у гэтым кірунку, хуткасць калоны не перавышае 5 км/г. На трасе – некалькі аварыяў, таму дарога на дзве паласы амаль паралізаваная.

Мы бачылі некалькі асобаў, якія плакалі за стырном. Машыны забітыя да самых дахаў. Аднак збольшага людзі не трацяць бадзёрасці: на навігатары зʼяўляюцца паведамленні са словамі падтрымання і жарты.

Стаяць у такой чарзе вельмі складана. Сонечны дзень, машыны не глушаць рухавікоў, паветра робіцца цяжкім. Адчыніць вакно можна толькі здалёк ад цяжкавікоў, іначай наагул няма чым дыхаць.

Фота: Белсат

Траса на Львоў чатырохпалосная, па дзве паласы ў абодва бакі. Дарога са Львова амаль пустая, па ёй едуць фуры ў кірунку Кіева. Часам па тых жа палосах праязджаюць машыны экстраных службаў. На дзіва, нягледзячы на стомленасць і напружанасць, кіроўцы вельмі рэдка наважваюцца абганяць корак па сустрэчай паласе. А нават калі і зʼяўляюцца аматары парушаць правілы дарожнага руху, іншыя кіроўцы спыняюць такія аўты.

Каля бензастанцыяў збіраюцца кіламетровыя чэргі. Усё часцей мы бачым запраўкі без чэргаў – на іх не засталося паліва. На адной з заправак нам сказалі, што маюць права даваць рэшту бензіну толькі машынам экстранай службы. Але, не зважаючы на высокі попыт на паліва, кошты не выраслі.

У корку – розныя асобы: шмат хто едзе з жывёлаю – яны час ад часу спыняюцца на ўскрайках і выпускаюць сваіх гадаванцаў. Шмат людзей з дзецьмі.

Баляць ногі і ўсё цела. Складана так доўга і так павольна прасоўвацца ў бок Львова. За дзень мы праехалі каля 30 кіламетраў. Сітуацыя пагаршаецца нервовым напружаннем. Калі мы мінаем машыны з адчыненымі вокнамі, чуваць, што людзі слухаюць радыё, не музычнае, а навінавае – яны намагаюцца хоць так кантраляваць сітуацыю.

Фота: Белсат

У вёсках мясцовыя сядзяць на лаўках і назіраюць за нашым аўтазаторам.

У мястэчках па дарозе ад Кіева ў бок польскай мяжы даволі складана знайсці вольныя месцы ў гатэлях. На Львоўшчыне дзеіць каменданцкая гадзіна, і з 22:00 забаронена перасоўвацца па рэгіёне. Складана сказаць, куды прытуліцца такая вялікая грамада. Не маем надзеі дабрацца нават да Тэрнопалю – настолькі павольна рухаемся.

Яшчэ адна рэч кідаецца ў вочы: нягледзячы на тое, што няма ні сметнікаў, ні арганізаваных пляцовак для адпачынку, абапал дарогі даволі мала смецця. Насамрэч адказнасць і самаарганізацыя вельмі цешыць. Гэтак, на запраўцы праз тое, што ў нас дзеці ў машыне, налілі поўны бак, а на прыдарожным кіёску з каваю вісіць абвестка: «Увага! Гуманітарная дапамога ўцекачам». Там даюць бясплатныя булачкі, і гэта так сагравае сэрца.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў