За «паклёп на Лукашэнку» і «распальванне варожасці» – па 2 гады калоніі. Рэпрэсіі за 25 жніўня


У Беларусі больш як тры гады адбываюцца палітычныя рэпрэсіі: штодня суды і затрыманні з палітычных матываў. «Белсат» расказвае, пра што стала вядома за адзін толькі дзень 25 жніўня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міліцыянты на чыгуначным вакзале. Менск, Беларусь. 22 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Працаўніцу «Нафтану» Ніну Барысаву арыштавалі на 15 дзён за падпіску на дзве спасылкі на «Белсат» і радыё «Свабода» на Facebook, пішуць праваабаронцы «Віцебскай Вясны». Жанчына не прызнала віны: не памятае, калі падпісалася на старонкі выданняў, але Facebook даўно не карысталася. Нягледзячы на гэта, суддзя Сняжана Калінічэнка з суду Наваполацку прызнала яе вінаватай у «Распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП РБ.

Бацьку палітвязня Мікіты Залатарова, імаверна, арыштавалі ў Гомлі: на супадзенне імя ў спісе выракаў звярнула ўвагу «Гомельская Вясна». Міхаіл Лапуноў быў арыштаваны на 15 дзён, а потым не выйшаў на волю пасля другога суду, дакладны вынік якога невядомы. Але вядома, што судзіў яго суддзя Сяргей Кармановіч з суду Цэнтральнага раёну Гомля.

Яшчэ аднаго беларуса затрымалі па вяртанні з Польшчы – Telegram-каналы сілавікоў расказалі, што Дзмітрый Кавалеўскі пакідаў у Telegram каментары з абразамі міліцыянтаў пад уласным імем, супраць яго распачалі справу аб «Распальванні варожасці» (арт. 130 КК РБ).

Hавiны
Яшчэ 8 беларусаў прызналі палітвязнямі. Агулам у спісе «Вясны» 1489 палітычных зняволеных
2023.08.25 20:31

Затрыманаму днём раней у Полацкім раёне экс-кіраўніку таварыства беларускай культуры ў расейскім Іркуцку Алегу Рудакову і ягонай жонцы Вользе прысудзілі па 30 дзён арышту за «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП), расказвае «Позірк». Крыніца выдання адзначае, што міліцыянты сказалі затрыманым, што іх адвязуць «на размову гадзіны на тры», таму тыя паехалі без зменных рэчаў і сродкаў гігіены.

Навукоўцу-эколага Ганну Скрыган асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму за «Распальванне варожасці» (арт. 130 КК РБ), паведамляюць праваабаронцы «Mayday». Аб судзе вядома мала: працэс у Магілёўскім абласным судзе быў закрыты. Скрыган – кандыдатка геаграфічных навук, былая кіраўніца магілёўскага аддзялення «Экапраекту» і былая загадчыца кафедры ў Беларуска-расейскім універсітэце.

20-гадовага берасцейца Ягора Жукава асудзілі за «Здзек з дзяржаўнай сімволікі» (арт. 370 КК), перадае «Берасцейская Вясна». Дакладнае рашэнне суддзі Яўгенія Брэгана невядомае, але пракурор па прозвішчы Мельнікаў прасіў 3 месяцы арышту за тое, што хлопец ноччу сарваў дзяржаўны сцяг з крамы «Еўраопт», чым нанёс шкоду ў 21 рубель.

Hавiны
З пачатку 2023 года ў Менску заведзеныя 14 крымінальных справаў за «глумленне з дзяржаўных сімвалаў»
2023.08.25 12:45

Прафесару і доктару сацыялагічных навук Юрыю Бубнову пакінулі прысуд без зменаў, піша «Mayday». У траўні яго асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму – суддзя Аксана Зарычнюк прызнала яго вінаватым у «Паклёпе на Лукашэнку» (арт. 367 КК) за ягоны артыкул пра перадумовы беларускага пратэсту ў навуковым альманаху.

Палітзняволеную прадпрымальніцу Вікторыю Гаўрыліну пачалі судзіць за «Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-2 КК РБ), «Распаўсюд звестак аб прыватным жыцці» (ч.1 арт.179 КК) і «Незаконных дзеяннях адносна асабовых звестак» (арт. 203-1 КК), перадае «Вясна». Адметна, што ў «пакаянным відэа» на дзяржаўным тэлеканале АНТ сцвярджалася, што жанчыну схапілі таксама за нясплату падаткаў, падпіску на «экстрэмісцкія» каналы і ўдзел у плане «Перамога». Разам з ёй затрымлівалі мужа, дырэктара Гомельскага мотарэмонтнага заводу і вакаліста этна-гурту «Бан-Жвірба» Дзмітрыя Гаўрыліна, якога адпусцілі пасля 30 дзён арышту.

Тым часам у Расеі пакінулі пад вартай двух беларусаў Кірыла Басько і Арцёма Брэскага, якіх вінавацяць у «Дыверсіі» (пункты «а» і «б» ч.2 арт. 281 КК РФ) і «Знішчэнні маёмасці» (ч.2 арт. 167 КК РФ), піша «Медыязона». Як сцвярджае следства, іх судзяць за падпал кабіны машыніста электравозу – яны нібыта адгукнуліся на абвестку пра ўзнагароду за падпал любога чыгуначнага аб’екту. Але першапачаткова іх затрымалі за лаянку ў грамадскім месцы – гэта было 28 лютага 2022 года, справу разглядаюць дагэтуль.

Офіс па правах чалавека Арганізацыі аб’яднаных нацыяў звярнуў увагу на прызнанне «экстрэмісцкім фармаваннем» праваабарончага цэнтру «Вясна»: Вярхоўны камісар па правах чалавека ААН Фолькер Турк заявіў, што гэта чарговая трывожная прыкмета здушэння грамадзянскай супольнасці, медыяў і іншых незалежных галасоў у Беларусі.

Але ў Беларусі не спынілі папаўняць «экстрэмісцкія спісы»: як заўважыла «Берасцейская вясна», у апошнім абнаўленні спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў» з’явілася сярод іншага нават суполка вёскі Вістычы «УКантакце».

Hавiны
Улады Беларусі не захацелі забіраць палонных, якіх Пазняк прапанаваў мяняць на палітвязняў
2023.08.25 21:11

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў