Расейцы прарываюцца на ўсходзе, ЗСУ – на поўдні. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 515-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 23 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Расейцы прарываюцца на ўсходзе, ЗСУ – на поўдні.
Фота: Генштаб ЗСУ / Telegram

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Цягам содняў Узброеныя сілы РФ працягваюць наступаць амаль па ўсёй лініі фронту на купянскім і ліманскім кірунках.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што войскі РФ атакуюць з ваколіцаў Масютаўкі, Куземаўкі і ў Серабранскім лясніцтве, але найбольш складанай для ўкраінскіх вайскоўцаў з’яўляецца сітуацыя на ўчастку ад Райгародкі да Новавадзянога (Луганская вобласць). Тут, дзякуючы каласальнай перавазе ў артылерыі, УС РФ прасунуліся на захад ад сяла Кармазінаўка і занялі пасадкі на пануючых вышынях. Таксама ў Deepstate мяркуюць, што пад кантроль расейцаў магло перайсці сяло Новаягораўка.

Між тым прарасейскі ваенкар Барыс Рожын піша, што населены пункт усё яшчэ застаецца за ўкраінцамі, але тактычны поспех войскаў РФ на гэтым участку фронту вымушае Збройныя сілы Украіны перакідаць сюды рэзервы з іншых кірункаў.

Бахмуцкі кірунак (аднайменны раённы цэнтр і ягоныя ваколіцы)

У ваколіцах Бахмуту ініцыятывай валодаюць украінскія вайскоўцы.

На паўночным захадзе ад райцэнтру яны наступаюць каля Арэхава-Васільеўкі, Ягаднага, Бярхоўкі і Хромава.

Расейскі ваенкар Сямён Пегаў сцвярджае, што каля апошняга населенага пункту ЗСУ мелі поспех, пасля чаго войскі РФ былі вымушаныя адысці да гораду.

На поўдні ад Бахмуту працягваюцца цяжкія баі ў ваколіцах Кляшчэеўкі. Тут ЗСУ наступаюць на поўначы і захадзе ад сяла.

Паводле ўкраінскага Генштабу, расейцы ў сваю чаргу контратакавалі каля Багданаўкі і Іванаўскага, але не дасягнулі поспеху і адышлі на старыя пазіцыі.

Аўдзееўскі, мар’інскі і шахцёрскі кірункі (на поўначы, захадзе і поўдні ад Данецку)

У ваколіцах Данецку Узброеныя сілы РФ атакуюць каля Аўдзееўкі, Краснагораўкі, Мар’інкі і Новаміхайлаўкі – паўсюль безвынікова. Пакуль гэтыя атакі расейцаў выглядаюць, як спробы пошуку слабых месцаў ва ўкраінскай абароне.

Бярдзянскі кірунак (на стыку Данецкай і Запарожскай вобласцяў)

На так званым урэмеўскім выступе ідуць баі за населеныя пункты Прыютнае і Старамаёрскае.

Пегаў піша, што ЗСУ пашырылі зону кантролю ўздоўж паўночных ускрайкаў Прыютнага, а таксама выйшлі з тылу да расейскіх пазіцыяў, размешчаных паміж Прыютным і Старамаерскім.

Таксама ўкраінцы зладзілі атаку на сяло Ураджайнае, але тут расейцам удалося ўтрымаць свае пазіцыі.

Баі на гэтым участку фронту працягваюцца.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці)

На мелітопальскім кірунку трываюць цяжкія баі каля сёлаў Рабоціна і Жарабянкі.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што каля апошняга населенага пункту ЗСУ пакуль не могуць прасунуцца.

У гэты ж час паступае супярэчлівая інфармацыя адносна сітуацыі каля Рабоціна ў Такмакскім раёне Запарожскай вобласці.

Прарасейскія крыніцы пішуць, што ЗСУ ў складзе калоны цяжкай тэхнікі пайшлі ў наступ з паўночнага ўсходу ад населенага пункту, але былі знішчаныя ўдарамі расейскай артылерыйскія і дронаў. Пры гэтым публікуюцца кадры паражэння ЗСУ каля ўсходніх ускрайкаў Рабоціна.

У гэты ж час праўкраінскія крыніцы намякаюць на поспехі ЗСУ на гэтым участку фронту. Сітуацыя патрабуе ўдакладнення.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Hавiны
Расейцы ціснуць на паўночным усходзе. Што адбываецца ва Украіне?
2023.07.22 18:21

Таццяна Міронава belsat.eu

Стужка навінаў