10 фактаў, што варта ведаць пра паўстанне 1863–1864 гадоў


160 гадоў таму пачалося паўстанне, якое ў Польшчы называюць студзеньскім, у Расеі – польскім, а ў Беларусі – паўстаннем Каліноўскага, паводле імя аднаго з яго лідараў. Што варта ведаць пра тыя падзеі сёння?

1. Паўстанне на тэрыторыі Каралеўства Польскага было абвешчанае ад імя падпольнага часовага Нацыянальнага ўраду ў Варшаве спецыяльным маніфестам, датаваным 22 студзеня 1863 года. У ім пад «святы сцяг Арла, Пагоні і Архангела» заклікаліся жыхары колішняй Рэчы Паспалітай, знішчанай пад канец XVIII стагоддзя ў выніку падзелаў Аўстрыяй, Прусіяй і Расеяй. У маніфесце да барацьбы за лепшую будучыню супраць «тырана» (імператара Аляксандра ІІ) заклікаўся і «маскоўскі народ» – «бо і сам ты бедны і забіты». Маніфест склала паэтка Марыя Ільніцкая, адная з першых змагарак за эмансіпацыю жанчын у Польшчы.

Маніфест пачатку паўстання 1863–1864 гадоў. Крыніца: Росшукі

2. У Беларусі і Літве паўстанне першапачаткова рыхтавалася на красавік 1863 года. Але ў звязку з яго пачаткам у Польшчы падпольны Літоўскі камітэт на чале з Кастусём Каліноўскім у Вільні абвясціў далучэнне да змагання з Расейскай імперыяй 1 лютага. Літоўскі камітэт назваўся Часовым правінцыйным урадам у Літве і Беларусі. Гэта быў фактычна протаўрад Літвы і Беларусі.

3. У ноч на 23 студзеня 1863 года паўстанцы здзейснілі 24 напады на расейскія гарнізоны ў Каралеўстве Польскім, але толькі 6 з іх мелі частковы поспех. З 23 студзеня сялянскія выступы, што набывалі характар бунту, ахопліваюць і заходнюю частку Гарадзеншчыны.

«Рядовые – Сергей Иванов и Сила Андреев и барабанщик Василий Кузьмин, из коих первым отрезаны были языки и заткнуты им же за портупеи, а последнему вырезаны были детородные части и положены ему же в карман шароваров; у всех же трех были разбиты черепа и у двух обрезаны носы и губы», – занатавана ў данясенні на імя гарадзенскага губернатара наконт нападу паўстанцаў на горад Сураж Беластоцкага павету Гарадзенскай губерні.

4. Нягледзячы на тое, што ў расейскай прэсе паўстанне 1863–1864 гадоў называлі словам «мятеж» (у той час самыя паўстанцы выкарыстоўвалі характарыстыку – «рэвалюцыя»), загадам расейскага імператара Аляксандра ІІ паўстанне пастанавілі лічыць «вайсковаю кампаніяй» (амаль як «спецыяльнай»). На тэрыторыі Беларусі і Літвы за час паўстання адбыліся 1229 бітвы і сутычкі з удзелам каля 220 паўстанцкіх атрадаў. Праз іх шэрагі, паводле расейскіх звестак, прайшлі да 77 тысяч асобаў. З іх загінулі 5934 асобы (больш за ўсё на Гарадзеншчыне і Ковеншчыне). Страты забітымі з расейскага боку склалі 403 асобы.

Кастусь Каліноўскі. Крыніца: Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў

5. Адна з найвялікшых бітваў паўстання адбылася 6–7 лютага каля Сямяцічаў Гарадзенскай губерні (сёння – Польшча за 30 км ад мяжы з Беларуссю). У ёй амаль 4 тысячам паўстанцаў супрацьстаялі 2,5 тысячы расейскіх жаўнераў. Цяжкая параза ў гэтай бітве кепска ўзброеных добраахвотнікаў, якія супрацьстаялі рэгулярнай арміі, шмат у чым прадвызначыла далейшую хаду паўстання, што ператварылася ў партызанскую вайну.

6. Першым атрадам на тэрыторыі Беларусі стаўся атрад Рамана Рагінскага, які ў лютым – пачатку сакавіка 1863 года здзейсніў 750-кіламетровы рэйд па Палессі, з захопам Пружанаў (сярод іншых буйных паселішчаў, захопленых паўстанцамі з іншых атрадаў, былі Ружаны і Горкі). Рамана Рагінскага з ягонымі паўстанцамі схапілі сяляне ў ваколіцах Жыткавічаў (сёння – горад Гомельскай вобласці) і выдадзены царскім уладам.

7. Найважнейшаю стала праблема далучэння сялянаў да паўстання. На гэтую тэму ў Беларусі і Літве спрачаліся «белыя» (памяркоўныя) на чале з Якубам Гейштарам і «чырвоныя» (радыкальныя) на чале з Кастусём Каліноўскім. «Белыя» імкнуліся зрабіць паўстанне чыста «шляхецкім», каб не дапусціць радыкальных саступак сялянам у выпадку іхнага ўдзелу ў паўстанні. Таму ў пачатку паўстання ад яго адхілілі Кастуся Каліноўскага, які з паплечнікамі выпускаў для сялянаў газету «Мужыцкая праўда» ад імя Яські – гаспадара з-пад Вільні (з лета 1862-га да лета 1863-га пабачылі свет 7 нумароў).

Міхаіл Мураўёў-Вешальнік. Карыкатура. Крыніца: https://polona.pl/

8. Самая вядомая бітва на тэрыторыі сённяшняй Беларусі – Мілавідская – адбылася 3 чэрвеня 1863 года. У ёй аб’яднаныя атрады з Меншчыны і Гарадзеншчыны на чале з палкоўнікам Аляксандрам Лянкевічам нанеслі паразу расейцам, якія страцілі 10 асобаў забітымі і 40 параненымі. У 1933-м на месцы пахавання 18 паўстанцаў, забітых у той бітве, паставілі мемарыяльную капліцу.

9. У чэрвені 1863 года, пасля разгорнутых генерал-губернатарам Міхаілам Мураўёвым на мянушку Вешальнік шырокіх рэпрэсіяў, Кастусю Каліноўскаму ўдалося вярнуць кантроль над Літоўскім камітэтам, у структуры якога ўваходзілі спачатку каля 3 тысяч асобаў. Каліноўскі абвясціў сябе дыктатарам, але час быў страчаны – вельмі шмат паўстанцаў ужо трапілі за краты, а на тэрыторыю Беларусі і Літвы былі скіраваныя больш за 120 тысяч жаўнераў. Каліноўскі рыхтаваў новае паўстанне на вясну 1864-га, але быў схоплены ў ноч на 29 студзеня 1864 года ў Вільні па даносе здрадніка Вітольда Парфіяновіча. Таго, хто ў сваіх паказаннях узгадаў і паўстанцкі пароль:

– Каго любіш?

– Люблю Беларусь!

– Дык узаемна!

Старонка з паказанняў Вітольда Парфіяновіча з паўстанцкім паролем. Крыніца: Росшукі

10. Ахвярамі рэпрэсіяў у Беларусі сталі 12 483 асобы, звінавачаныя ва ўдзеле або спачуванні паўстанню і выселеныя ўглыб Расеі. У Беларусь і Літву пераехалі тысячы расейскіх чыноўнікаў і настаўнікаў, якіх заахвочвалі да перасялення высокімі заробкамі і малымі цэнамі на сканфіскаваныя ў паўстанцаў маёнткі. Але паўстанне сталася штуршком для фармавання цэлага «пакалення 1863-га», якое ўсвядоміла сваю датычнасць да беларускага народу. Сярод іх – паэты Францішак Багушэвіч і Альгерд Абуховіч, бібліяфіл Зыгмунт Чаховіч, які паўплываў на светапогляд Янкі Купалы, і шмат хто яшчэ. У жылах шмат якіх беларускіх дзеячаў і творцаў цякла кроў паўстанцаў 1863–1864 года, як у братоў Луцкевічаў, якія стаялі ля вытокаў БНР, Клаўдыюша Дуж-Душэўскага, стваральніка нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга, Уладзіміра Караткевіча, аўтара слынных «Каласоў пад сярпом тваім» ды іншых.

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў