Беларуска валанцёрыць у Львове: «Супрацоўнік СБУ прасіў тэлефанаваць, калі нехта пакрыўдзіць»


«Добры вечор, ми з Украині!» – так звяртаецца да мяне 23-гадовая Аксана. Яна з Беларусі, але у красавіку мінулага года пераехала ва Украіну. Да гэтага яе тры разы затрымлівалі падчас пратэстаў у Менску. Ва Украіне Аксана выйшла замуж і паспела пажыць у Кіеве, Львове, Харкаве і на Валыні.

Калі пачалася вайна, магла застацца ў бяспечнай Літве. Але захацела вярнуцца ў Львоў, каб дапамагчы ўцекачам, якія з’язджаюць ад вайны. Як да яе ставяцца ўкраінцы, чым скончылася сустрэча з СБУ і пра жаданне дапамагаць, якое мацнейшае, чым страх, – у аповедзе Аксаны менскаму фатографу Яўгену Атцецкаму.

Аксана на вакзале ў Львове, Украіна.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Перон № 5

«Я выехала ў Вільню 20 лютага па працы, за 4 дні да вайны. Калі пачалася вайна, я не знаходзіла сабе месца і вырашыла, што дзеянне лепш, чым бяздзейнасць, і паехала дапамагаць. Я не магла рабіць сваю працу, таму вырашыла, што ад’езд будзе найлепшым рашэннем. 5 сакавіка я прыехала з Вільні ў Львоў, каб дапамагаць на вакзале людзям, якія пакідаюць Украіну.

На вакзале я трапіла на пяты перон, адкуль адпраўляліся цягнікі да Пшэмысьля або да мяжы з Польшчай. Па словах тых, хто знаходзіўся там з самага пачатку вайны, у першыя дні там тварыўся поўны п***ц. Але калі я туды трапіла, там ужо была структураваная сістэма. Мы кармілі і паілі людзей, інфармавалі і адагравалі іх. Давалі дзецям дзіцячае харчаванне. У падземным пераходзе людзі могуць чакаць па 4–5 гадзін, а там вельмі холадна і мокра. Таму прыносілі туды гарбату з бутэрбродамі.

Наша задача – гэта паказаць людзям, што яны ў бяспецы, што пра іх паклапоцяцца, таму што людзі едуць з Харкава, Кіева і многіх іншых абласных гарадоў, дзе ідуць або ішлі на той момант баявыя дзеянні.

У любым хаосе я старалася дапамагчы нават у невялікіх рэчах. Два прыклады. Адной цяжарнай жанчыне патрэбна была цёплая кофта. Мы пайшлі ў пункт, дзе выдаецца адзенне, але там трэба было вельмі доўга чакаць. Таму я пабегла дадому па свае рэчы. Потым, дарэчы, яна знайшла цёплую вопратку.

Або вось дзяўчыне патрэбна была бутэлечка для кармлення дзіцяці. Яна не магла яе знайсці. Я пабегла праз увесь вакзал і знайшла гэтую бутэлечку, таму дзяўчына змагла пакарміць сваё дзіця. Хацелася дапамагчы па максімуме».

Лічу, што муж нарадзіўся ў кашулі

«Я чакала, што пачнецца вайна, таму што мой муж служыць ва ўкраінскай арміі. Ён – кантрактнік. І дзесьці з пачатку лютага з’явіліся трывожныя званочкі. Адчуваўся рост напружання. Па-першае, гэта абвастрэнне сітуацыі на Данбасе. Яшчэ адным знакам было тое, што ва ўсіх вайскоўцаў адмянілі адпачынак у студзені. Яны прападалі на пастаянных вучэннях. Таму калі гэта здарылася, я не здзівілася. Я нават прачнулася за паўгадзіны да выступу Пуціна. У 4:30 я ўжо не спала і чытала навіны.

Аксана ў цэнтры Львова. Гістарычныя будынкі і скульптуры, дадаткова абароненыя на выпадак бамбавання.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Я не веру, што муж можа загінуць. Магчыма, гэта ахоўная рэакцыя. Можа, з-за таго, што мы часта кантактуем, у мяне нават няма нічога такога ў думках. Не праскоквае ў мяне такога, што мне патэлефануюць і скажуць, што ён памёр. Хоць у яго ўжо былі сітуацыі, калі побач хтосьці гінуў, проста за паўметра ад яго. Але яго праносіла. Я лічу, што ён удачлівы, нарадзіўся ў кашулі.

Ён увесь час са мной на сувязі, таму я не так моцна перажываю, як магла б. Быў толькі адзін раз, калі ён знік на содні. Але агулам ён ніколі не знікае.

Я ўсім кажу, што я замужам за ўкраінскім салдатам. Я ім ганаруся».

Украінская мова – спосаб барацьбы з Расеяй

«З боку каманды валанцёраў ніякага спецыфічнага стаўлення не было – наадварот, усім было цікава пачуць маю гісторыю, як і чаму я апынулася ў Львове.

Апошнім часам было два выпадкі, калі мяне ў трамваі і краме папрасілі гаварыць на ўкраінскай замест расейскай мовы. Гэта была не агрэсія, а хутчэй просьба, трохі нават з гумарам.

Я іх разумею. Пасля ўварвання Расеі ва Украіну беларуская мова стала мовай агрэсара, якую ім на эмацыйным узроўні, напэўна, агідна чуць. Украінцы імкнуцца размаўляць на роднай мове – украінскай. Гэта таксама спосаб барацьбы з Расеяй.

Неяк на вакзале ў мяне бралі інтэрв’ю журналісты, а супрацоўнік СБУ пачуў, што я з Беларусі. Ён спытаў у мяне, што я тут раблю. Мы пагаварылі.

Аксана працуе на вакзале ў Львове, Украіна.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Я не размаўляла з КДБ у Беларусі. Але калі падышоў супрацоўнік СБУ, я ведала, што ўсё будзе добра, бо я нічога не парушала. Яго задача была не запалохаць мяне ці нашкодзіць, ён проста правяраў грамадзяніна іншай краіны. Беларусь – краіна-агрэсар, таму ён праверыў і мяне. Мы пагаварылі, я распавяла, што я тут раблю. Мы абмяняліся нумарамі, і ён сказаў, што я магу звяртацца да яго, калі мяне нехта будзе крыўдзіць».

Навошта я сюды еду, калі ўсе адсюль бягуць?

«Першае, што мне кінулася ў вочы, калі мы пад’язджалі да Львова, – гэта блокпасты з мяшкамі. Гэта напружанасць. Гэта вайскоўцы. Апошні раз я была ў Львове ў студзені. І цяпер у мяне было адчуванне, як быццам прайшло некалькі гадоў з апошняга візіту. Шмат людзей на вакзале, усе спрабуюць зʼехаць. Я нават засумнявалася: навошта я сюды еду, калі ўсе адсюль бягуць?

Дзесьці першыя два тыдні не было паветраных трывог. Але потым па Львове і наваколлях нанеслі ўдар. Львоў успрымаўся бяспечным горадам, дзе можна перачакаць, але цяпер я схіляюся да таго, што і Львоў – небяспечнае месца. Тым не менш, многія крамы адчыняюцца, горад адыходзіць ад шоку першых дзён вайны, ажывае. Нават не скажаш, што вайна ідзе, калі не лічыць сірэнаў, кучы людзей на вакзалах і бамбаванняў.

Аксана паказвае татуіроўку ў выглядзе контуру Беларусі.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Нейкі час таму ініцыятыву расфармавалі: на вакзале стала менш людзей, цягнікі зрабілі платнымі, сказалі, што нашая дапамога ўжо не патрэбная на гэты момант. Там засталіся нейкія асобныя валанцёрскія арганізацыі, але такога маштабнага валанцёрскага руху больш няма. Праўда, нядаўна я даведалася, што каманда «Перон 5» зноў аднавіла дзейнасць. Наколькі мне вядома, яны дапамагаюць жанчынам і дзецям, людзям сталага веку з ежай, плятуць маскіравальныя сеткі. Напрыклад, нядаўна хлопцы адправілі бус з харчаваннем у Мікалаеўскую вобласць. І пра жывёлу не забыліся – падтрымліваюць эколага-натуралістычны цэнтр у Львове.

Таму я прыняла спантаннае рашэнне паехаць у Харкаў. Улетку 2021 года я там жыла з мужам некалькі месяцаў. Я буду не адна: там засталіся сваякі майго мужа і нашыя сябры.

Планую там быць валанцёрам, можа быць, звяжуся з арганізацыяй «Усход-SOS» ці знайду там некага на месцы. Я ўпэўненая, што рукі там патрэбныя. Таксама павязу туды гуманітарную дапамогу з Львова.

Я думаю, што я прывыкну да таго, што там будзе дзеяцца. Я размаўляла са сваім сябрам. Чую па тэлефоне, што ў яго бамбяць, але ён працягвае паліць і гаварыць са мной, як нічога ніякага. Я спадзяюся, што змагу гэтак жа. Але чым бліжэйшы дзень ад’езду, тым страшней.

Аксана адпачывае ў кампаніі дзвюх котак. У Львове вялікія праблемы з арэндай жылля, Аксана жыве ў 2-х пакаёвай кватэры ў іншай беларускі. Колькасць жыхароў пастаянна мяняецца, звычайна тут жывуць ад 4 да 8 чалавек і дзве коткі.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Мы жылі на Салтоўцы, якую бамбяць больш за ўсё, таму што гэта ўскраіна гораду. Наш дом яшчэ цэлы. Але некалькі дзён таму за дзве хвіліны хады ад нас разбамбілі школу і суседні дом. Я не збіраюся жыць удома, таму што нашая кватэра размяшчаецца на 15-м паверсе. Я буду жыць у іншым месцы, там трэці паверх».

Я і беларуска, і ўкраінка

«Украіна дакладна пераможа. Гэта нават не абмяркоўваецца. Плюс-мінус месяц, мне здаецца, да траўня. А далей гэта пяройдзе ў халодную вайну. Але баявыя дзеянні не могуць доўжыцца доўга, таму што гэта моцна энергазатратна. Расейскія войскі нясуць страты, гіне мірнае насельніцтва Украіны, як напрыклад, у Марыупалі.

Аксана едзе на трамваі на чыгуначны вакзал Львова, Украіна.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Я і беларуска, і ўкраінка. Мае бацькі – перасяленцы з Украіны. Мае дзядулі і бабулі – украінцы. Мне балюча. Я адчуваю злосць на Лукашэнку, на ўрад, які дазволіў расстрэльваць Украіну з нашай тэрыторыі».

Фота
Фотастудыя, фітнес-клуб, тэатр лялек. Дзе і як Львоў размяшчае перасяленцаў з усей краіны
2022.03.24 09:00

Яўген Атцецкі / ІР belsat.eu

Стужка навінаў