Хірургу Любецкаму прысудзілі 5 гадоў калоніі і 2000 рублёў кампенсацыі Карпянкову


У Менскім гарадскім судзе вынеслі прысуд вядомаму хірургу, палітвязню Андрэю Любецкаму. Суддзя Святлана Чарапанава прызнала лекара вінаватым у парушэнні чатырох артыкулаў КК РБ і асудзіла да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, – паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Менавіта такое пакаранне запрасіла для Любецкага пракурорка Жанна Баранава.

Андрэй Любецкі.
Фота: nn.by

Паводле следчых органаў, Любецкі «публічна выказваўся аб прынятым рашэнні парушыць дадзеную ім медычную клятву… і ўсяляк перашкаджаў наданню медычнай дапамогі супрацоўнікам міліцыі і іх сямейнікам, заклікаў сваіх калегаў да падобных дзеянняў». Таксама яго абвінавацілі ва ўдзеле ў васьмі акцыях пратэсту (13, 17, 20, 23, 27 і 30 верасня, а таксама 4 і 25 кастрычніка 2020 года) і напісанні паведамленняў у сацсетках, якія кваліфікавалі як абразы і распальванне варожасці.

Падчас судовага паседжання лекар тлумачыў свае дзеянні наступным чынам: «Я неаднаразова казаў: я не буду глядзець, што за чалавек звернецца да мяне з экстранай неадкладнай сітуацыяй, – растлумачыў Любецкі. – Гэта безумоўна і бясспрэчна.

Але калі да мяне прыйдзе чалавек, і я раптам ці не раптам даведаюся, што ён – суўдзельнік якога б там ні было злачынства і ён не панёс пакарання… Я таксама чалавек, у мяне могуць проста дрыжаць рукі, і я магу нашкодзіць. Мае словы былі вырваныя з кантэксту», – дадаў лекар.

Андрэя Любецкага затрымалі ў траўні летась і абвінавацілі паводле 4 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У выніку вядомага сківічнага хірурга, які 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай больніцы ў Менску і быў валанцёрам каля Акрэсціна, прызналі вінаватым паводле арт. 342 («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), арт. 130 («Распальванне варажнечы»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і ч. 1, 2 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»). Суддзя Менскага гарадскога суда Святлана Чарапанава прысудзіла Лубецкаму 5 гадоў калоніі.

Апроч таго лекара забавязалі выплаціць 2000 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды Мікалаю Карпянкову, які ўзначальвае Унутраныя войскі Рэспублікі Беларусь. Любецкі нібыта сваімі каментарамі ў сацсетках пашкодзіў «рэпутацыі, гонару і годнасці» Карпянкова.

Hавiны
Дзень Волі ў няволі
2022.03.25 23:06

ЗХ belsat.eu

 

 

Стужка навінаў