Літва спыніла ўзаемадзеянне з беларускімі памежнікамі і мытнікамі. Якія будуць наступствы?


Літва спыняе ўзаемадзеянне з Беларуссю па забеспячэнню бесперабойнага патоку транспарту праз мяжу. Карэспандэнт «Белсату» пацікавіўся ў экспертаў, чаму гэта адбываецца і якія будуць наступствы.

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Што здарылася

Паводле паведамлення Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі (ДПК), Служба аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы «у аднабаковым парадку спыняе ўзаемадзеянне па забеспячэнні бесперабойнага патоку транспарту і павелічэнню прапускной здольнасці аўтадарожных пунктаў пропуску». Пры гэтым беларускі бок падкрэслівае, што не ведае аб прычынах такога рашэння. Супраца вялася дзяржавамі на грунце адпаведнага двухбаковага дакументу ад 4 лістапада 2019 года.

З літоўскага боку не было пакуль афіцыйных паведамленняў і каментароў з гэтай нагоды. Аднак выданне «Наша Ніва» са спасылкай на меркаванне ананімных памежнікаў з Літвы паведаміла, што выхад з названай дамовы не прывядзе да павелічэння чэргаў на мяжы.

Тым часам, афіцыйны прадстаўнік ДПК Антон Бычкоўскі назваў рашэнне Літвы «недружалюбным і неканструктыўным крокам, які можа негатыўна адбіцца на сітуацыі з рытмічнасцю перасячэння мяжы асобамі і транспартнымі сродкамі». Бычкоўскі звяртае ўвагу, што па сутнасці Літва зняла з сябе абавязкі перад беларускім бокам «у частцы бесперабойнасці і рытмічнай работы пунктаў пропуску».

Наступствы

Мы запыталіся ў экспертаў аб тым, якія прычыны такога рашэння і да якіх наступстваў прывядзе рашэнне Літвы.

На думку старэйшай навуковай супрацоўніцы даследчага цэнтру BEROC Настассі Лузгіной, наступствамі стануць пагаршэнне лагістыкі і рост выдаткаў у справе перавозак грузаў і пасажыраў па беларуска-літоўскім кірунку, і ўвогуле па ўсім заходнім кірунку беларускіх перавозак.

Паводле эксперткі, можна канстатаваць значнае пагаршэнне ўмоваў перавозкі грузаў і пасажыраў і проста паездак паміж Беларуссю, Польшчай і Літвой. Нядаўняе закрыццё памежных пунктаў «Баброўнікі-Бераставіца» (легкавы транспарт, аўтобусы і грузавікі) і «Беняконі-Стасілас» (чыгунка) ужо змяніла лагістыку, а значыць, і выдаткі перавозак. Рашэнне Літвы спыніць узаемадзеянне з мытняй і памежнай службамі Беларусі зробіць лагістыку і перавозкі ў гэтым кірунку яшчэ больш складанымі і больш затратнымі.

Па сутнасці, цяпер адпаведныя службы дзвюх краінаў не будуць камунікаваць, літоўскі бок здымае з сябе абавязкі інфармаваць аб сітуацыі на сваіх пунктах пропуску. Гэта, па меркаванні Лузгіной, азначае пагаршэнне ўмоваў для трансмежных перавозак грузаў і трансмежнага пасажырапатоку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Petras Malukas / AFP / East News

«Можна чакаць яшчэ большага павелічэння чэргаў, якія і так ужо выраслі з-за закрыцця 5 з 6 пунктаў пропуску на беларуска-польскай мяжы і пераарыентацыі патокаў на літоўскі кірунак. Спыненне Літвой узаемадзеяння з беларускімі службамі, гэта, канешне, яшчэ не закрыццё мяжы, але гэта стварэнне дадатковых барʼераў. Складаней стане вазіць, напрыклад, прадукты, якія хутка псуюцца, бо яны будуць больш працяглы час у дарозе, ну і гэтак далей. Увогуле, усе грузаперавозкі будуць больш працяглыя і больш затратныя, пасажырскія перавозкі таксама, бо цяпер усё замарудзіцца. Апроч таго, праз літоўскую мяжу ідзе ж не толькі транспарт з Беларусі, але і з Казахстану. Ім таксама стане цяжэй», – патлумачыла Анастасія Лузгіна

Прычыны

Як лічыць экспертка, прычыны рашэння, прынятага Літвой, трэба шукаць у разыходжанні пазіцыяў дзвюх краінаў адносна вайны ва Украіне. Агульнае пагаршэнне беларуска-літоўскіх стасункаў пасля асуджэння Літвой хвалі палітычных рэпрэсіяў у Беларусі значна паскорылася за апошні год, на тле вайны ва Украіне.

«Калі ў выпадку «Баброўнікаў-Бераставіцы» і «Беняконі-Стасілас» мы можам казаць пра мэту, у тым ліку, паставіць заслон на шляху вялізных патокаў кантрабанды з Беларусі, перш, тытунёвых вырабаў, то спыненне ўзаемадзеяння паміж літоўскімі і беларускімі мытнікамі і памежнікамі такіх мэтаў не пераследуе. Гэта працяг тых жорсткіх крокаў краінаў Захаду, і перш, краінаў Балтыі і Польшчы, у адказ на падтрымку Беларуссю расейскай агрэсіі ва Украіне. І раней былі этапы пагаршэння стасункаў, але за апошні год стасункі, а з імі і ўмовы перавозак грузаў і тавараў, пагоршыліся вельмі моцна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Карына Пашко / Белсат

У сваю чаргу кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак адзначыў, што адбываецца далейшая разсінхранізацыя беларускіх міжнародных адносінаў з суседзямі.

«Чым далей ў часе, тым больш мы аддаляемся ад тых людзей, якія жывуць літаральна за плотам ад нас. Закрыццё памежнага пераходу «Баброўнікі–Бераставіца» Польшчай, закрыццё чыгуначнага памежнага пераходу «Беняконі-Стасілас» Літвой – прыкметы гэтага аддалення. А зараз мы бачым наступны крок літоўскага боку – яны разсінхранізуюцца з беларускім бокам у справе пропуска транспарту. Гэта кажа пра тое, што ўсё менш і менш сённяшняя беларуская ўлада выглядае як нейкі дамоваздольны партнёр для нашых суседзяў, якія вымушаны абараняць уласныя інтарэсы, і будуць далей рабіць усё тое, каб ім было лепш. Усё горш, усё складаней будзе выехаць з Беларусі і гэтая тэндэнцыя на жаль толькі паглыбляецца», – адзначыў Андрэй Стрыжак.

Пры гэтым, лічыць кіраўнік BySol, такое пагаршэнне стасункаў «нікога не можа радаваць»: «Гэта не добрыя тэндэнцыі, не добрая сама па сабе сітуацыя, калі суседзі пачынаюць успрымаць адзін аднаго як ворагаў. Але пазіцыя Лукашэнкі не пакідае іншага выйсця для суседзяў, бо ён саўдзельнік агрэсіі. Беларускае войска падпарадкоўваецца расейскім генералам і, па вялікім рахунку, па-іншаму на Беларусь ужо мала хто глядзіць».

Што далей. Польшча працягвае разглядаць закрыццё апошняга пункта пропуску з Беларусі

Пакуль рыхтаваўся артыкул, cтала вядома, што можа закрыцца яшчэ адзін памежны пункт пропуску. Рашэнне аб закрыцці дарожнага і чыгуначнага пераходу «Брэст – Тэрэспаль» гатова да падпісання. «Яно знаходзіцца «на стале», – сказаў «Еўрарадыё» прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна. Але канчаткова рашэнне яшчэ не прынятае. Паводле яго, калі памежны пераход усё ж закрыюць, то гэта будзе тычыцца «таварнага руху». Тады як для палітычных бежанцаў з Беларусі Польшча можа «адкрыць гуманітарны калідор». Польскі МЗС па пытаннях мяжы знаходзіцца ў кантакце з літоўскімі і латышскімі саюзнікамі. Таксама няма пакуль дакладнага адказу на пытанне, ці будзе пункт пропуску зачынены для звычайных пасажыраў.

Тым часам, па інфармацыі Памежнага камітэту Беларусі, працягвае павялічвацца колькасць транспарту на ўезд у краіны ЕЗ.

Абноўлена
Літва зачыняе грузавы памежны пункт пропуску на мяжы з Беларуссю
2023.02.14 18:47

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў