Вядомы беларускі філосаф, метадолаг і грамадскі дзеяч, вядоўца «Белсату» Уладзімір Мацкевіч 4 лютага пачаў галадоўку: яго больш за паўгода трымаюць у няволі без суда і, як ён кажа, без следства.
Ён дамагаецца змены меры стрымання, спынення «імітацыі следчага працэсу» і перадачы справы ў суд. Мацкевіч казаў, што калі патрабаванні не будуць задаволеныя праз 10 дзён галадавання, ён гатовы перайсці да сухой галадоўкі – адмовіцца не толькі ад ежы, але і ад вады.
14 лютага гэты тэрмін выйшаў і філосаф можа распачаць сухую галадоўку.
Зняволенага філосафа кожны дзень наведвае лекар, які фіксуе стан здароўя, а таксама псіхолаг. Разглядаліся пытанні наконт пастара і натарыуса, якіх запатрабаваў палітвязень. Аднак кампанія «Філосаф у турме» паведамляе, што за 10 дзён ніводнае з патрабаванняў не было выканана, таксама Мацкевіча не змог наведаць пастар.
Некалькі дзён таму эксперты Беларускага Хельсінскага камітэту звярнуліся ў працоўную групу Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у пытанні адвольных затрыманняў і выказалі занепакоенасць, што Мацкевіч мае цвёрды намер распачаць сухую галадоўку, і што гэта, з улікам узросту, можа мець незваротныя наступствы.
Раней Уладзімір Мацкевіч падкрэсліваў: галадаванне – гэта не жэст адчаю, а яго асэнсаваны філасофскі ўчынак, праяўленне пазіцыі і таго, што ён можа і мусіць рабіць тут і цяпер.
Яго затрымалі 4 жніўня 2021 года, выставілі абвінавачванне ў «Арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК РБ).
Як падтрымаць Уладзіміра Мацкевіча:
АД belsat.eu