З пекла ды ў агонь: беларускі перад тварам гвалту – ад мужчыны і дзяржавы


Якая сітуацыя з хатнім гвалтам з боку інтымных партнёраў у дачыненні беларусак? Што рабіць ахвярам гвалту, калі ў краіне немагчыма знайсці дапамогі ад дзяржавы, якая сама і ёсць крыніцаю гвалту? Мы абмеркавалі гэта з дактаранткай фемінісцкіх і гендарных даследаванняў Вікторыяй Лаўрынюк. Яна распавядае пра сваё даследаванне аб распаўсюдзе хатняга гвалту сярод беларусак за апошнія дванаццаць месяцаў.

Даведка
Даведка. У свеце праходзіць 16-дзённая кампанія дзеля барацьбы з гвалтам у дачыненні жанчын, яе ініцыявала Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў. Паводле ацэнак ААН, ад гендарнага гвалту пакутуе кожная трэцяя жанчына ў свеце, і гэты паказчык на працягу апошняга дзесяцігоддзя застаецца практычна нязменны. Штогадзіну ад рук чальцоў уласнай сям’і гінуць больш за пяць жанчын ці дзяўчатак.

Удзел у даследаванні ўзялі… мужчыны

Апытанне беларускіх жанчын ладзілася ў ліпені – жніўні гэтага года і датычыла папярэдніх дванаццаці месяцаў. Анкеты запоўнілі 1244 рэспандэнты, сярод якіх выявілася 11 %… мужчынаў. Гэта нягледзячы на тое, што на пачатку анкеты вельмі выразна напісана, што яна выключна для жанчын. Аднак мужчыны падчас запаўнення анкетаў трапіліся ў спецыяльныя пытанні-пасткі. На думку даследчыцы, гэтыя мужчыны – патэнцыйныя хатнія агрэсары.

Пасля адсеву тых, хто не пасуе паводле крытэрыяў, у даследаванні засталася 871 жанчына. Гэта беларускі, якія жывуць у Беларусі (60 %), і тыя, што з’ехалі пасля 2020 года.

«Мяне ўразіла, як шмат жанчын пакідалі свае каментары, пісалі, наколькі важна гаварыць на гэтую тэму», – дзеліцца ўражаннямі Вікторыя Лаўрынюк.

Здымачны працэс фільму рэжысёра Андрэя Кашперскага «Передержка». Варшава, Польшча. 12 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«82,3 % беларусак баяцца, што зазнаюць гвалт з боку прадстаўнікоў сілавых структураў»

На працягу ўсяго жыцця з хатнім гвалтам сутыкаецца кожная трэцяя беларуская жанчына. Згода з даследаваннем, за апошнія дванаццаць месяцаў ад гвалту цярпела амаль кожная другая беларуска. Пераезд у іншыя краіны з тым жа партнёрам не зніжае ўзроўню гвалту. Жанчынам складана шукаць дапамогі ў Беларусі, але відавочна, гэта не лёгка і за межамі краіны. У беларусак пакуль няма інструментаў, каб выходзіць з такой сітуацыі.

44 % апытаных беларусак падвяргаліся гвалту апошні год. З іх 24,5 % перажылі адзін від гвалту, 9,6 % – два віды, 6,2 % – тры віды гвалту.

Даследаванне мае чатыры вымярэнні: фізічны, сексуальны, эканамічны і псіхалагічны гвалт (апошні дзеліцца на эмацыйны, онлайн-аб’юз і кантрольныя паводзіны партнёра).

Найчасцей беларускія жанчыны сутыкаюцца з камбінацыяй эканамічнага і псіхалагічнага гвалту. Фізічны і сексуальны гвалт выступаюць як дадатковы спосаб кантраляваць жанчыну.

Кожная трэцяя беларуска сутыкаецца з псіхалагічным гвалтам у дачыненнях: кантролем, прымусам, абразамі. Кожная чацвёртая – з эканамічным: ім забараняюць самастойна распараджацца фінансамі, кантралююць іхныя выдаткі, не даюць грошай на хатнюю гаспадарку і адбіраюць асабістыя сродкі.

Больш за 50 % апытаных жанчын адчувалі трывогу, што яны могуць зазнаць гвалт з боку любых мужчынаў. Што характэрна, з іх 82,3 % баяліся, што зазнаюць гвалт з боку прадстаўнікоў сілавых структураў, і не важна, жывуць ці не жывуць яны цяпер у Беларусі. Для параўнання: менш за 10 % баяцца гвалту з боку сваіх цяперашніх партнёраў.

Жанчыны з узроставых катэгорыяў 18–19 і 40–54 гадоў часцей зазнаюць эканамічны гвалт. А ад паводзінаў кантролю часцей цярпяць жанчыны 40–44 і 50–54 гадоў. Перажыць сексуальны гвалт найбольш рызыкуюць дзяўчаты 18–24 гадоў, фізічны – жанчыны 45–54 гадоў, псіхалагічны – 60–64 гадоў (паводзіны кантролю, эмацыйны аб’юз).

У Варшаве прайшла акцыя «Жанчыны супраць вайны». Жанчыны ў белым зноў выйшлі на вуліцы разам, каб сказаць «не» гвалту, нянавісці і вайне ва Украіне. Першая такая акцыя прайшла ў Менску 12 жніўня 2020 года як рэакцыя на жорсткія затрыманні і забойствы ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2022 года.
Фота: ТК / Белсат

Самая ўразлівая група жанчын – ва ўзросце 45–54 гадоў.

«Гэта так званае сэндвіч-пакаленне, яны нясуць на сабе двайны цяжар: дапамагаюць дзецям і даглядаюць бацькоў альбо сваякоў старэйшага веку. Гэтыя жанчыны асабліва цярпяць ад эканамічнага гвалту, бо маюць большую залежнасць. Эканамічны фактар ёсць тым бар’ерам, які не дазваляе жанчыне выйсці з дачыненняў аб’юзу шмат гадоў. Праграмы падтрымання жанчын мусяць гэта ўлічваць», – тлумачыць Вікторыя Лаўрынюк.

Толькі 1 % ахвяраў хатняга гвалту звяртаецца па дапамогу.

«У Беларусі няма спецыялізаванага закону аб хатнім гвалце. Раней дапамогу жанчынам эфектыўна аказвалі недзяржаўныя арганізацыі. Цяпер іх не існуе. Міліцыя – не тое месца, куды пойдзеш па дапамогу. Мы ведаем гісторыі, калі жанчыны звярталіся па дапамогу ў міліцыю, і пасля гэтага рабілася толькі горш. Беларуская міліцыя сама крыніца гвалту. А калі ў сям’і ёсць дзеці, то пасля такога звароту іх адразу ж аўтаматычна ставяць на ўлік як сем’і ў СНС (сацыяльна небяспечным стане). Рызыка страціць дзяцей – ці не галоўны аргумент, чаму жанчыны не звяртаюцца па дапамогу ці забіраюць заявы на сваіх партнёраў з міліцыі», – распавядае даследчыца.

Што дапамагала жанчынам выходзіць з аб’юзіўных дачыненняў? Найперш – асабістая сіла жанчыны і ейная рашучасць. Таксама жанчыны даюць рады з праблемаю дзякуючы псіхолагам і псіхатэрапеўтам.

Яшчэ крыху лічбаў

12 % беларусак перажываюць онлайн-пераслед: навязлівыя паведамленні, абразлівыя каментары, сталкінг (непажаданая дакучлівая ўвага з боку іншай асобы ці групы людзей; гэтая форма дамагання і запалохвання, як правіла, выяўляецца ў пераследзе ахвяры, сачэнні за ёй).

1 % жанчын распавялі, што мужчына пагражаў данесці на іхную пратэставую дзейнасць.

Амаль 4 % жанчын адзначылі, што дзеці зрабіліся сведкамі гвалту.

4 % апытаных жанчын вырашылі пытанне з хатнім гвалтам пасля таго, як партнёр змяніў свае паводзіны.

Толькі 4 % жанчын прымаюць факт, што гвалт быў няслушны і не павінен наогул адбывацца.

«Традыцыйныя каштоўнасці, у аснове якіх ляжыць патрыярхат, няроўныя дачыненні паміж мужчынам і жанчынай нясуць перадумовы хатняга гвалту як такога. Гвалт у краіне, калі ён ідзе з боку дзяржавы (як у Беларусі), ці калі ў краіне вайна (як ва Украіне), заўсёды ўплывае на рост узроўню хатняга гвалту. То бок ад гвалту ў краіне пакутуюць усе, але жанчыны пакутуюць яшчэ больш, бо гвалт – гендарна арыентаваны. Хатні гвалт ідзе поруч з дзяржаўным», – дадае даследчыца.

Беларусы Кіева прынялі ўдзел у танцавальным пратэсце супраць гвалту над жанчынамі. Сёлета танец быў прысвечаны Вользе Гарбуновай, якая шмат разоў арганізоўвала падобную акцыю ў Менску, а зараз знаходзіцца ў СІЗА. «One Billion Rising» – міжнародная акцыя супраць гвалту над жанчынамі, якая традыцыйна адбываецца ў дзень закаханых ва ўсім свеце. Кіеў, Украіна. 14 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Што рабіць беларускам у такой сітуацыі?

У Беларусі па-ранейшаму працуюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, на базе якіх адкрытыя «крызісныя пакоі», часта ў тым жа будынку, што і міліцыя. То бок жанчына апынаецца ў памяшканні з агрэсарам за сцяною. Але гэтыя пакоі пуставалі і да, і пасля 2020 года, бо жанчыны баяцца туды звяртацца.

«У гвалце заўсёды вінаваты агрэсар. Не трэба баяцца прасіць дапамогі, асабліва калі жанчына жыве не ў Беларусі, дзе ёсць магчымасць прасіць дапамогі. Жанчынам, якія жывуць у Беларусі, трэба не маўчаць, прасіць дапамогі ў родных, блізкіх, сяброў. Ёсць адмысловыя групы падтрымання жанчын, якія можна знайсці ў інтэрнэце і сацсетках. Беларускі адгукаюцца, дапамагаюць адна адной, у тым ліку і фінансава – каб жанчына магла збегчы, выйсці з аб’юзіўных дачыненняў», – адзначыла Вікторыя Лаўрынюк.

У Беларусі ліквідаваныя практычна ўсе НДА, але жанчыны могуць атрымліваць псіхалагічную, юрыдычную дапамогу на гарачых лініях, у чат-ботах. Існуе таксама сайт Spravka, дзе змешчаныя прыклады скаргаў, якія жанчыны могуць самі напісаць, запоўніць і падаваць, тамсама ёсць юрыдычныя і псіхалагічныя кансультацыі – бясплатна, онлайн.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў