«Гэта не значыць, што я мушу закрыць свой рот» – блогер Кабанаў пра ператрус у бацькоў


Блогер і былы палітвязень Аляксандр Кабанаў у каментары «Белсату» пракаментаваў ператрус, які сілавікі правялі днямі ў ягоных бацькоў. Паводле блогера, гэта не спыніць ягонай працы.

Аляксандр Кабанаў.
Фота: Belsat.eu

Блогер распавёў, што падчас ператрусу сілавікі нічога не забралі, «што шукалі – незразумела».

«Я думаю, што гэта проста ціск ідзе праз іх [бацькоў. – Рэд. Belsat.eu] на мяне. Бо да таго праз два-тры дні да іх прыязджалі ўвесь час, пыталіся, дзе я», – сказаў Кабанаў, дадаўшы, што ўсім ужо было вядома пра ягоны выезд за мяжу.

Але, заявіў блогер, такі ціск не спыніць ягонай працы: «Канал будзе працаваць».

«Старыя людзі ўжо, на жаль, нікуды не паедуць, але гэта не значыць, што я мушу закрыць свой рот і маўчаць», – заявіў Кабанаў.

Hавiны
У бацькоў блогера Кабанава ўдома прайшоў ператрус
2023.03.10 09:45

Берасцейскі блогер і прэс-сакратар ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Аляксандр Кабанаў быў затрыманы 15 чэрвеня 2020 года. 25 чэрвеня ў ягоных бацькоў адбыўся ператрус, а сам блогер быў пераведзены ў менскае СІЗА № 1.

Кастрычніцкі суд Магілёва 14 красавіка 2021 года вынес Кабанаву прысуд. Суддзя Вольга Краўчанка прызнала яго вінаватым у арганізацыі групавых дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу), і знявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК). Блогера пакаралі трыма гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

Напрыканцы кастрычніка 2021 года стала вядома, што блогера пакаралі шасцю месяцамі ПКТ за «сістэматычныя парушэнні правілаў утрымання». Яму было забаронена атрымоўваць пасылкі, мець тэлефанаванні і спатканні з роднымі. 14 снежня 2021 года Кабанаву змянілі рэжым адбывання пакарання на строгі турэмны і перавялі з наваполацкай ПК № 1 у магілёўскую турму № 4.

Палітвязень цалкам адбыў тэрмін і 17 снежня 2022 года выйшаў на волю. Пасля вызвалення ён пакінуў Беларусь.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў