Другая сусветная ці Вялікая Айчынная?

Як называць вайну супраць фашысцкай Нямеччыны? Тэрмін «Другая сусветная», як і панятак «Вялікая Айчынная вайна» справядліва адстойваюць права на жыццё. Маюць рацыю і адны, і другія. Пагатоў гэта рэчы аднаго і таго ж кшталту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Савецкі сцяг на даху будынку паўразбуранага нацысцкага парламенту. 2 траўня 1945 года.
Фота: Яўген Халдэй / ТАСС / commons.wikimedia.org

Вось, напрыклад, гісторык, кандыдат філасофскіх навук Фёдар Смалякоў мяркуе што войны розныя:

«Вялікая Айчынная – гэта асноўная частка Другой сусветнай. Але гэта выключна супрацьдзеянне СССР Нямеччыне і хаўруснікам. Даты: з 22 чэрвеня 1941 года да 9 траўня 1945 года. СССР спачатку не меў намеру ўступаць у вайну, заключыўшы ў Маскве пакт аб ненападзе за тыдзень да пачатку Другой сусветнай, 23 жніўня 1939 года (дакумент, уласна, страціў сваю сілу 22 чэрвеня 1941 года). І першапачаткова гэта была вайна еўрапейскіх краінаў з Нямеччынаю. Другая сусветная – шырэйшая. У ёй было значна больш тэатраў ваенных дзеянняў. Яна распачалася 1 верасня 1939 года і скончылася 2 верасня 1945-га», – тлумачыць Фёдар Смалякоў.

Зразумела, тэрмін «Вялікая Айчынная» быў прыдуманы савецкім урадам, каб заахвоціць людзей смела і адчайна ісці на ворага, абараняючы сваю краіну ад акупантаў і, калі спатрэбіцца, бясстрашна аддаць жыццё за Радзіму. Заяўляючы, што перамога Чырвонай арміі – галоўная падзея ў гісторыі Расеі ХХ стагоддзя, адзін з прарасейскіх рэсурсаў тлумачыць гэта пафасна:

«Айчыннай яна называецца таму, што гэта вайна – справядлівая, скіраваная на абарону сваёй Айчыны. На барацьбу з ворагам узнялася ўся нашая агромністая краіна. Мужчыны і жанчыны, людзі сталага веку, нават дзеці кавалі перамогу ў тыле і на перадавой».

Сапраўды так было, гэта не перабольшванне. Камуністычная партыя падняла на супрацьстаянне ворагу ўсю краіну, «ад Масквы да самых да акраін». Недарэмна шматлікія прапагандысты і ўра-патрыёты мяркуюць, што менавіта Расея перамагла ў той вайне, а беларусы, украінцы, грузіны, таджыкі ды іншыя толькі дапамагалі. Стаўленне да вайны з часам змянялася. У Еўропе палічылі, што на фоне перамогі над адною карычневаю чумой узмацнілася іншая – камуністычная, і гэта таксама зло, і гэта таксама жаданне кагосьці захапіць, а таму абсалютна не гарантыя міру. Даследнік сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Станкевіч у інтэрв’ю «Белсату» нагадвае, што «Вялікай Айчыннай» вайну назвалі адразу пасля нямецкага нападу і каб забыліся на агрэсію СССР у 1939–1940 гадах.

«З 17 верасня да 5 кастрычніка 1939 года здарыўся гэтак званы польскі паход Чырвонай, рабоча-сялянскай арміі, што ператварылася ў ваенную аперацыю (зноў аперацыя!) ва ўсходніх вобласцях Польскай Рэспублікі, што прывяло да далучэння гэтых тэрыторыяў да Украінскай і Беларускай ССР (у якасці Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі, адпаведна) і да Літоўскай Рэспублікі (частка Віленскага краю). Тым самым, фактычна, ажыццявіўся падзел Польшчы паміж СССР і Нямеччынаю, планы на які, акурат, і ўтрымліваліся ў сакрэтным пратаколе да дамовы аб ненападзе паміж Нямеччынаю і СССР. Аперацыя пачалася ціха, без абвяшчэння вайны на 16-ы дзень афіцыйнага пачатку Другой сусветнай».

Тут міжволі ўтвараюцца аналогіі з уварваннем Расеі ў Крым у 2014-м годзе. 17 верасня 1939-га прадстаўнікі Народнага камісарыяту замежных справаў СССР зачыталі ноту польскаму амбасадару ў СССР Вацлаву Гжыбоўскаму (Wacław Grzybowski), які атрымліваў адукацыю ў кіеўскім і львоўскім універсітэтах, і ўручылі яе. У тэксце дакументу ўвод савецкіх войскаў тлумачыўся неабходнасцю «абараніць жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі».

«Але пры гэтым, – удакладняе Ігар Станкевіч, – савецкая ідэалогія будавалася на міфе, што СССР – міралюбівая краіна, ні на каго не нападала, а толькі баранілася ад вераломнага нападу Гітлера». Выпускнік і былы дацэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту Віктар Якубаў (быў звольнены з ПДУ за «прагулы», якія налічылі за час перабывання на соднях, агулам 45, у наваполацкім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў акцыях пратэсту і рэпостах матэрыялаў тэлеканалу, які прызналі экстрэмісцкім) зазначае, што назва «айчынная» пайшла не з 1941 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Налёт бамбавіка «Boeing B-17» 8-й паветранай арміі ЗША на завод «Focke-Wulf» у Нямеччыне. 9 кастрычніка 1943 года. Крыніца: commons.wikimedia.org

«Айчыннаю, нагадаю, была і вайна Расейскай імперыі супраць напалеонаўскага войска ў 1812 годзе. Ад яе і пачалі менаваць настолькі няўдалыя імперскія войны, што іх наступствы прыходзілася выграбаць ужо на сваёй зямлі ўсім народам», – адзначае суразмоўца.

Калі пераносіцца ў наш час, то навуковец не думае, што лекцыі гісторыі забыліся, ён бачыў толькі пару ўпёртых фанатаў, «павернутых» на вайне, як з’яве ў тым ключы, якім дэманструе Беларускае тэлебачанне.

«Для маіх дзядоў-партызанаў, – кажа Віктар Якубаў, – 9 траўня было днём памяці, а не карнавальных парадаў. На нашай зямлі было сапраўднае крывавае месіва, а не «кіно і немцы», якое пагражаюць паўтарыць уладары крамлёўскіх кабінетаў. Падмена рэальнай, але нязручнай памяці на цукровае чорна-белае «кіно» існуе ў любым грамадстве. І калі з людзьмі не размаўляць, не даваць альтэрнатывы так, каб яны змаглі яе прыняць, і ў новых пакаленнях праз прамыванне мазгоў можам мець чарговых зомбі».

Ужо цяпер спадар Віктар бачыць вялізную небяспеку ў тым, што дзяцей апранаюць у вайсковую ўніформу, даюць у рукі цацачную зброю і прымушаюць маршаваць, быццам на парадзе перамогі:

«Ім упіхваюць ідэалогію мілітарызму, як нам калісьці Леніна. Але ці дапамагла гэтае апрацоўванне дзяцей выжыць камуністам? Зрэшты, не варта здзекавацца з абдураных неакамуністамі з лагеру лукашызму. Ім перакрылі крыніцы інфармацыі і пастаянна пампуюць ідэю змагання з вонкавым ворагам. Гэта класіка прапаганды. Адсутнасць новых ідэяў і перспектываў у будучыні вядзе да таго, што выкопваецца нешта з мінулага: сусветная вайна, дзяды, героі, ахвяры. Памятаць, безумоўна, трэба, каб браць найлепшыя ўзоры і не паўтараць памылак. Але ж і варта, проста неабходна ісці далей».

Ясна, што цяперашнім аўтарытарным лідарам выгадна маніпуляваць гісторыяй, каб настрашыць народ, нагадаць яму пра жахі вайны і, на кантрасце, падкрэсліць мірнае жыццё, якое абараняе іхны прэзідэнт. Прапуцінскі варыянт даследуецца ў матэрыяле, які выйшаў год таму і ў якім паказаныя нюансы пуцінскай палітычнай ідэалогіі ды прапаганды дзеля дасягнення ўласных мэтаў.

Летась, выступаючы 9 траўня на плошчы Перамогі ў Менску, Лукашэнка зрабіў такі ход: «Звяртаючыся да сучасных пакаленняў, я перш за ўсё адрасую сваё пасланне тым, хто жыве ў тумане ілжы і падману. Хто пазбаўлены магчымасці вывучаць праўдзівую гісторыю Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны ў школах».

Лукашэнка зноў абвінаваціў краіны Захаду ў тым, што яны сляпыя і не ведаюць гісторыі:

«Пасля пераможнага траўня Савецкі Саюз, ЗША ды іншыя пераможцы разам, адзінагалосна вынеслі прыгавор нацызму ў Нюрнбэрзе ў хадзе трыбуналу над ваеннымі злачынцамі. І ўсе былі ўпэўненыя, што бесчалавечная ідэалогія расавага пераўзыходства расціснутая і што яе чорны цень ніколі больш не ўзнікне над нашаю планетай. Але што бачым сёння? Сярэднявечная барацьба за тэрыторыі і рэсурсы працягваецца. Толькі на змену крыжовым паходам прыйшла экспансія замежных фондаў…»

Нагадаю: у той час ужо больш як два з паловаю месяцы ішла вайна ва Украіне, але Лукашэнка на гэтым увагі не канцэнтраваў. Напэўна, не сканцэнтруе і сёлета. Бо толькі на пафасе ды ідэалогіі пераможцы ў Вялікай Айчыннай вайне можна яшчэ выцягнуць пэўны час, ратуючы сваю ўладу. Іншага сучасным гітлерам і мусаліні ўжо не дадзена.

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў