Жонка Алеся Бяляцкага дзякуе ўсім, хто спрычыніўся да ўганаравання мужа Нобэлеўскай прэміяй


Пра рэакцыю сваякоў Алеся Бяляцкага на ўзнагароду Нобэлеўскага камітэту «Белсат» паразмаўляў з блізкай сяброўкай Наталлі Пінчук, жонкі палітвязня і Нобэлеўскага лаўрэата.

«Да яе сёння не могуць дазваніцца нават з Нобэлеўскага камітэту. Наталля кажа, што было так шмат званкоў, што, хутчэй за ўсё, прапусціла і званок са Швецыі», – кажа сяброўка Наталлі Пінчук.

Са словаў жанчыны, інфармацыя пра прысуджэнне Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму застала ягоную жонку на вуліцы. Ёй пра гэта паведаміла знаёмая праз тэлефон.

«Наталля расказвала мне: першыя эмоцыі былі настолькі моцныя, што проста збілі яе з ног, нават фізічна. Штосьці блізкае да шоку. Але цяпер яна ўжо ўсведамляе, што насамрэч адбылося. Кажа, што калі б Алесь быў на волі, таксама ў першыя хвіліны аддаўся б эмоцыям. А потым – быў бы разам з сям’ёй і сябрамі, з калегамі і аднадумцамі, якім, па сутнасці, гэтая прэмія таксама сёння надаецца», – расказала сяброўка Наталлі Пінчук.

Наталля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага перад парыжскай штаб-кватэрай Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека 9 лютага 2012 года.
Фота: RFI / Gorbanevsky

Як кажа жанчына, Наталля не хоча цяпер абмяркоўваць, як прысуджэнне Нобэлеўскай прэміі можа адбіцца на сітуацыі з мужам, які застаецца ў няволі.

«Яна проста не хоча зазіраць наперад, каб не сурочыць. Хай ідзе, як ідзе», – расказвае ейная сяброўка.

Паводле ейных словаў, Наталля мала ведае пра мужаў стан здароўя, бо той не закранае ў лістах гэтай тэмы, каб лішнім разам не трывожыць сямʼю і жонку. Піша, што трымаецца.

«І яшчэ Наталля просіць перадаць вялікі дзякуй усім тым, хто спрычыніўся да таго, што сёння адбылося», – кажа ейная сяброўка.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі быў абвешчаны 7 кастрычніка лаўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру. Ён чацвёрты лаўрэат Нобэлю, які за кратамі даведаецца аб прысуджэнні прэміі. Алесь Бяляцкі правёў у няволі ўжо 450 дзён. Ён быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года, абвінавачаны ў кантрабандзе (арт. 228 КК) і фінансаванні групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 2 арт. 342 КК). Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала яго палітычным зняволеным. Нобэлеўскую прэмію міру Алесю Бяляцкаму прысудзілі разам з украінскай праваабарончай арганізацыяй Цэнтр грамадзянскіх свабодаў і расейскім «Мемарыялам».

Hавiны
Ціханоўская расказала, як Нобэлеўская прэмія Бяляцкаму дапаможа беларусам
2022.10.07 20:05

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў