Улады Беларусі зноў задумалі пазбаўляць грамадзянства сваіх апанентаў. Каго і навошта?


Пакуль у Беларусі могуць пазбавіць грамадзянства толькі тых, хто яго набыў яго не пры нараджэнні – толькі так званых натуралізаваных грамадзянаў. Але выглядае, што Савет Рэспублікі задумаў нешта новае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь. 16 ліпеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Экспертная рада пад кіраўніцтвам старшыні Савету Рэспублікі Наталлі Качанавай разгледзела праект зменаў у закон «Аб грамадзянстве», паведаміў 6 ліпеня Савет Рэспублікі. Дзеля «нацыянальнай бяспекі і стабільнасці грамадска-палітычнай сістэмы» хочуць пазбаўляць грамадзянства тых, адносна каго набыў моц прысуд, што пацвярджае «ўдзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненне ёю цяжкай шкоды інтарэсам дзяржавы, калі такая асоба застаецца за межамі Рэспублікі Беларусь».

Аляксандр Лукашэнка яшчэ год таму дазволіў пазбаўляць натуралізаваных беларусаў грамадзянства за «экстрэмізм». ГУБАЗіК у мінулым кастрычніку прапаноўваў пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія з’ехалі з краіны, але ініцыятыва не атрымала развіцця, бо супярэчыла Канстытуцыі: артыкул 10 наўпрост кажа, што ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Беларусі, і гэты артыкул у раздзеле І, які можна мяняць толькі шляхам рэферэндуму. Выключэнне для натуралізаваных грамадзянаў Канстытуцыйны Суд тлумачыў тым, што гэта не «пазбаўленне», а «страта набытага».

Што цяпер хоча зрабіць камісія Качанавай, не зразумела:

  1. З аднаго боку, гаворка ў публікацыі Савету Рэспублікі ідзе пра «экстрэмістаў» і «асобаў за межамі Беларусі» без іншых агаворак. Калі гэта не толькі пра натуралізаваных грамадзянаў, гэта супярэчыць Канстытуцыі, а гаворка ішла не пра арганізацыю рэферэндуму, а толькі пра праўку ў закон.
  2. З другога боку – гаворка пра «страту», а не «пазбаўленне», што адсылае да натуралізаваных грамадзянаў, якіх і так могуць пазбаўляць грамадзянства за «экстрэмізм».

Дзяржаўны тэлеканал АНТ у сацсетках выкарыстоўвае першую трактоўку.

Што кажа юрыст

Юрыст і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Алесь Міхалевіч заўважае ў каментары «Белсату», што пазбаўленне грамадзянства ў межах барацьбы з палітычнымі апанентамі забароненае на ўзроўні Канстытуцыяў практычна ва ўсіх краінах, і практыкавалася такое толькі пры таталітарных рэжымах: напрыклад, у Савецкім Саюзе і нацысцкай Нямеччыне.

Алесь Міхалевіч. Скрыншот: Белсат

«Хаця Беларусь не ёсць удзельніцай Канвенцыі аб скарачэнні безграмадзянства, яна ўсё яшчэ сябра Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў і павінна выконваць мэты і прынцыпы ААН, – кажа ён. – Усеагульная Дэкларацыя правоў чалавека забараняе адвольнае пазбаўленне грамадзянства, што цалкам паўтараецца ў Канстытуцыі Беларусі.

Тое, што прапаноўвае Качанава, зразумела, гэтаму супярэчыць. Выкажу здагадку, што слова «страта» выкарыстоўваецца менавіта таму. Падобная фармулёўка можа быць спробай абыходу патрабаванняў асноўнага закону».

Ён разважае, што навіна пра распрацоўванне зменаў у закон можа быць і проста сродкам запалохвання тых, хто ўжо за мяжою, або тых, хто збіраецца з’ехаць.

«Але ў выпадку, калі беларусы ад нараджэння сапраўды пачнуць пазбаўляцца грамадзянства, то яны змогуць прэтэндаваць на пашпарты тых краінаў, дзе яны фактычна застаюцца, – дадае Міхалевіч. – Замест ціску на эмігрантаў і скарачэння адтоку насельніцтва такая захада можа значна спрасціць для беларусаў працэдуру атрымання грамадзянства як мінімум у суседніх краінах – Польшчы, Літве, Украіне».

Што рабіць, калі пазбавяць грамадзянства?

Пазбаўленне аднаго грамадзянства не значыць аўтаматычнай выдачы іншага. Але існуюць працэдуры, якія дазваляюць атрымаць грамадзянства іншай краіны або іншы легальны статус.

Святлана Бабінцава, прадстаўніца Офісу Святланы Ціханоўскай у юрыдычных пытаннях.
Фота: tsikhanouskaya.org

Прадстаўніца Офісу Святланы Ціханоўскай у юрыдычных пытаннях Святлана Бабінцава патлумачыла ў эфіры «Белсату», што іншыя краіны не могуць проста «не прызнаць пазбаўлення грамадзянства», нават калі не прызнаюць ураду Аляксандра Лукашэнкі. Калі Беларусь пазбавіла чалавека грамадзянства, то пашпарт, які Беларусь выдала, не сапраўдны. Офіс Ціханоўскай у сваю чаргу цяпер не мае статусу, які дазваляе выдаць пасведчанне асобы, прыдатнае для падарожжаў (travel-дакумент).

Асобных працэдураў для беларусаў, якіх пазбавілі грамадзянства, у іншых краінах цяпер няма, але ёсць стандартныя: міжнародная абарона, легальныя статусы накшталт часовага віду на жыхарства з наступным атрыманнем грамадзянства. На думку Бабінцавай, гэтыя працэдуры для беларусаў могуць паскорыць. І Ціханоўская ставіць пытанне аб выдачы беларусам нейкіх дакументаў у іншых краінах на выпадак пазбаўлення грамадзянства або сканчэння тэрміну дзеяння пашпарту (другое – для выпадкаў, калі грамадзянін не можа працягнуць дакументаў у беларускіх консульствах і не мае магчымасці бяспечна вярнуцца ў Беларусь).

«Пытанне складанае не толькі для нас, не таму, што Офіс з гэтым не спраўляецца, – кажа Бабінцава. – Такія сітуацыі і ў міжнароднай практыцы даволі рэдкія – асобныя працэдуры для грамадзянаў адной краіны. Адзінае, што магу сказаць: праца ў гэтым кірунку ідзе».

А сэнсу пазбаўляць грамадзянства тых, хто з’ехаў?

Палітолаг Валер Карбалевіч тлумачыць «Белсату»: сама ідэя не новая, Лукашэнка яе падтрымаў, цяпер гаворка пра практычную рэалізацыю – каго гэта будзе датычыць, якая будзе працэдура. А мэты і задачы зразумелыя, кажа ён: «нанесці яшчэ адзін удар вядомым апазіцыянерам».

Журналіст і палітолаг Валер Карбалевіч.
Фота: liberalclubbelarus / Facebook

Імаверна, крымінальныя справы на тых, каго хочуць пазбавіць грамадзянства, ужо завялі, мяркуе Карбалевіч. Але гэта і папярэджанне іншым: «глядзіце, вы таксама можаце аказацца пад гэтым артыкулам, таму суцішце свае дзеянні, не вельмі актыўнічайце».

Пазбаўленне грамадзянства фактычна пазбавіць беларуса магчымасці легальна вяртацца на радзіму, бо проста не пусцяць, і пазбавіць магчымасці легальна балатавацца на розных выбарах. Гэтаму можа спадарожнічаць канфіскацыя маёмасці.

Карбалевіч прыводзіць прыклад: вось лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка (які ўжо ў «спісе тэрарыстаў» КДБ) можа захацець паўдзельнічаць у наступных выбарах у Беларусі, а яго пазбавяць грамадзянства – і ён ніяк не зможа, яго нават не прапусцяць праз мяжу.

Але калі той жа Латушка цяпер паедзе ў Беларусь, яго і так арыштуюць! І шмат каму з грамадзянаў ужо адмаўлялі ў рэгістрацыі кандыдатамі на шматлікіх мінулых выбараў – часам з абсурдных прычынаў накшталт «трохпакаёвай кватэры плошчай 18 м²». Які сэнс яшчэ і пазбаўляць грамадзянства?

Карбалевіч адказвае, што для перастрахоўкі:

«Падчас гэтых рэпрэсіяў існуе шмат двайных, трайных страховак, калі чалавека не толькі судзяць, а яшчэ пазбаўляюць маёмасці, катуюць, – тлумачыць ён. – Здавалася б, навошта катаваць, калі ўжо пасадзілі ў турму? Але ж катуюць.

Ці падчас тых жа выбараў, калі там трайная-чацвярная сістэма абароны: і ў камісію не пускаюць апанентаў улады, і не дазваляюць назіральнікам сачыць за тым, як лічаць галасы, і шмат яшчэ перашкодаў… Хаця здавалася б: навошта такія эшалоны абароны?»

Аналітыка
«Рэйкавым партызанам» пагражае расстрэл. Што вядома пра зняволеных у гэтай справе
2022.06.29 19:17

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў