«Мае здымкі – мая зброя». Дзесяць дзён вайны ў дзесяці фотаздымках фатографаў «Белсату»


Дзесяць дзён Расея бамбардуе мірныя ўкраінскія гарады і называе гэта спецыяльнай ваеннай аперацыяй. Увесь гэты час фатографы з Беларусі, Украіны і Расеі дакументуюць нашу жудасную новую рэчаіснасць. Рэдакцыя Belsat.eu і асабіста я, фотарэдактарка Саша Альтэр, бязмежна ўдзячныя ўсім аўтарам, якія нягледзячы на небяспеку паказваюць праўдзівае аблічча гэтай вайны.

Выбіраючы для вас здымкі, увесь час думала пра людзей, жыццё якіх змянілася за імгненне. Таму ў падборцы хачу звярнуць свой і ваш погляд на тых, хто не скарыўся і не апусціў рук. Як сказаў адзін з нашых фатографаў:

«Мае здымкі – мая зброя. Няхай цэлы свет бачыць, як мы змагаемся за сваю зямлю».

Ярына Арыева і Святаслаў Фурсін пабраліся шлюбам у першы дзень нападу Расеі на Украіну, а замест мядовага месяца далучыліся да тэрытарыяльнай абароны Кіева. Больш здымкаў.
Фота: МП / Белсат
Пасля таго, як Расея напала на Украіну, вялікая колькасць людзей рушыла з Кіева і ўвогуле з краіны. Частка людзей засталася ў горадзе, знаходзячы часовы прытулак у бамбасховішчах, у тым ліку ў метро. Са словаў нашага карэспандэнта, 24–25 лютага тут панавала атмасфера няўпэўненасці, людзі хваляваліся, асабліва бацькі малых дзяцей. Больш здымкаў.
Фота: Белсат
У панядзелак, 28 лютага, у Кіеве скончылася ўзмоцненая каменданцкая гадзіна, хоць горад і працягвае жыць ва ўмовах ваеннага становішча. А 8-й раніцы адчыніліся харчовыя крамы і запрацаваў транспарт – акрамя метро, якое працягвае выкарыстоўваецца ў якасці бамбасховішча. Наш карэспандэнт цэлы дзень назіраў, як жыхары ўкраінскай сталіцы спрабавалі набыць хоць якую ежу ў крамах з пустымі паліцамі. Больш здымкаў.
Фота: МП / Белсат
Маладых харкаўскіх спартоўцаў, удзельнікаў моладзевага чэмпіянату Украіны па боксе, вайна заспела ў Луцку. Замест таго, каб вярнуцца дадому, у Харкаў, да бацькоў, яны апынуліся ў Мукачаве, у клубе «Лета». Дарога заняла тры дні, хоць у мірны час адлегласць паміж гарадамі можна пераадолець за 7 гадзінаў. Больш здымкаў.
Фота: Белсат
28 лютага ўскраіны Данецку пацярпелі ад моцнага абстрэлу, у выніку якога загінуў мужчына. Ён працаваў газавіком. Хто дакладна атакаваў горад, сказаць цяжка. Расейская праўладныя медыі паведамляюць, што абстрэл Данецку арганізавала ўкраінскае войска. У сваю чаргу старшыня Данецкай абласной вайскова-цывільнай адміністрацыі Павел Кірыленка паведаміў, што па стане на 16:30 пад расейскія ўдары трапілі прынамсі дзевяць паселішчаў. Данецку і яго найбліжэйшых прадмесцяў у гэтым спісе на момант публікацыі не было. Больш здымкаў.
Фота: Stringer / Белсат
Кіеўскі батальён тэрытарыяльнай абароны дапамагае мірным жыхарам эвакуявацца з гораду Ірпінь, размешчанага недалёка ад украінскай сталіцы, які ўвесь час трапляе пад абстрэл расейскіх самалётаў.
Фота: МП / Белсат
Адзін з батальёнаў тэрытарыяльнай абароны Кіева прымае добраахвотнікаў. На здымку – гатуюць кактэйлі Молатава. Карэспандэнт «Белсату» некалькі дзён назіраў, як адзін з батальёнаў тэрытарыяльнай абароны Кіева прымае добраахвотнікаў. Са словаў нашага калегі, плынь гатовых ваяваць за радзіму ўзмацняецца штодня. Больш здымкаў.
Фота: МП / Белсат
Ольга і Рафал чакаюць дачок і ўнукаў сваёй знаёмай з Украіны. «Мы прыехалі, каб іх забраць у Кракаў, бо там іх чакае падрыхтаваная кватэра. Чакаем іх з 4-й гадзіны раніцы, калі прыехалі ў Мэдыку, цяпер тут», – кажа Рафал. За сітуацыяй на польскай мяжы сачыла наша карэспандэнтка. Больш здымкаў з рэпартажу. А тут знойдзеце пяць кранальных гісторый з польскай мяжы.
Фота: Белсат
Украінскі дакументальны фатограф з Харкава Паўло Дарагой застаўся ў горадзе і працуе пад абстрэлам расейскага войска. Дасылаючы нашай рэдакцыі гэтыя здымкі, Паўло напісаў: «Сёння ў мяне быў сеанс гульні ў «Метро-2033», толькі ў рэальным жыцці. Я зайшоў на знаёмую да болю станцыю ў цэнтры гораду і трапіў у іншы свет». Ён фатаграфуе вагоны мясцовага метро, дзе людзі хаваюцца ад абстрэлаў.
Фота: Паўло Дарагой для Белсат
«Русский корабль, иди на х*й» – надпіс на сцяне ў Кіеве. Гэтая фраза, якая, згодна з выкладзеным ва ўкраінскіх медыях гукавым файлам, была вымаўленая ўкраінскімі памежнікамі ў адказ на прапанову расейскага вайсковага карабля здацца пры атацы на востраў Змяіны падчас уварвання Расеі ва Украіну. Амаль адразу адказ украінскіх вайскоўцаў стаў не толькі інтэрнэт-мэмам, але і галоўным лозунгам пратэсту супраць расейскай ваеннай агрэсіі ва Украіне.
Фота: МП / Белсат

 

Аналітыка
Крах бліцкрыгу, бамбаванне гарадоў і беспрэцэдэнтныя санкцыі. Што адбылося за першыя 10 дзён вайны
2022.03.05 18:08

 

Саша Альтэр belsat.eu

 

Стужка навінаў