Беларусы выбіраюць рублём: суайчыннікі шукаюць магчымасці набыць тавары з Еўропы, а не з Расеі


Беларусь рэзка скараціла імпарт тавараў з заходніх краінаў, што ўжо заўважна і на паліцах крамаў – там усё болей прадукцыі расейскай вытворчасці і ўсё меней тавараў з краінаў Захаду. Гэта тэндэнцыя характэрная для бадай усіх гандлёвых аб’ектаў: буйных і малых крамаў, гандлёвых інтэрнэт-пляцовак. На гэтым фоне ўсё больш актыўным робіцца неарганізаваны памежны гандаль з Польшчай. Беларусы ўсё ж жадаюць набыць тавары з Еўропы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Віктар Драчоў / TASS / Forum

Чытачы «Белсату» распавядаюць, што беларускія крамы апошнім часам усё больш нагадваюць правінцыйныя расейскія.

«Насамрэч адчуваецца ледзь не запаланенне ў нашых крамах прадукцыі, зробленай у Расеі. Раней у дзяржаўных гандлёвых пунктах гэта ўжо назіралася. Цяпер адчуваецца вельмі востра і ў вялікіх крамах. Цэлыя паліцы з асобнымі харчамі сталі ўвогуле толькі расейскімі. Раней быў той жа алей з Украіны, слодыч. Цяпер гэтага няма. А ў крамах «Святлафор» наагул практычна ўся прадукцыя – расейская. Асобныя катэгорыі толькі імпартныя», – дзеляцца сваймі ўражаннямі чытачы «Белсату».

Іншы суразмоўца «Белсату» распавядае, што цяпер у крамах запасных дэталяў, сантэхнікі большасць тавараў – таксама расейскія.

«Апошнія дастаўкі тавараў – менавіта з «рашкі». Выглядае, што далей увогуле будзе ўсё толькі расейскае і кітайскае. Нават сіліконавыя змазкі для каналізацыйных трубаў раней былі польскай вытворчасці, цяпер жа іх прывозяць некалькі відаў, але ўсе расейскія», – распавядае наш чытач.

Hавiны
У Беларусі працягнулі харчовыя контрсанкцыі да канца года
2022.06.29 09:42

Беларусы таксама кажуць, што звярнулі ўвагу і на асартымент папулярнай онлайн-крамы «Wildberries». Большасць тавараў тут цяпер таксама менавіта расейскай вытворчасці, а раней быў значна шырэйшы выбар.

Даведка

У студзені – красавіку 2022 года Беларусь скараціла аб’ёмы імпарту тавараў на 6,1 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Іх было ўвезена ў краіну на $ 11,6 млрд.

Скарачэнне замежных пакупак адбылося па ўсіх групах тавараў, у тым ліку спажывецкіх нехарчовых на 10 % ($ 1,7 млрд), спажывецкіх харчовых – на 4,9 % ($ 828,5 млн).

Імпарт з краінаў ЕЗ скараціўся на рэкордныя 27,8 %, да $ 1,5 млрд, у той час як з Расеі ён павялічыўся на 7,3 %, да $ 7,2 млрд.

Беларусы ж насамрэч імкнуцца набыць замежныя тавары, да якіх прызвычаіліся. Расейская прадукцыя саступае ў якасці еўрапейскай. Прычым кошты на тавары з Расеі часам нават вышэйшыя за імпартаваныя з Еўропы. З гэтай нагоды расце колькасць удзельнікаў тэматычных чатаў у сацыяльных сетках і мэсэнджарах, дзе абмяркоўваецца, як можна перавезці тавары з Польшчы і Літвы ў Беларусь. Акрамя таго, выглядае, што нават урадоўцы разумеюць праблему, дзеля гэтага з 1 ліпеня ўлады адмянілі ліміт € 22 на пасылкі з замежных інтэрнэт-крамаў. Чыноўнікі кажуць, што захада скіраваная на тое, каб падтрымаць людзей і не дапусціць дэфіцыту тавараў. У выніку ліміт кошту перасылак, пры якім яны не абкладаюцца мытам, для фізічных асобаў паднялі з € 22 да € 1000. Вагу перасылкі павялічылі – з 10 да 31 кілаграма.

Што да спецыялізаваных чатаў для дастаўлення тавараў з Польшчы, то за апошнія месяцы колькасць удзельнікаў чатаў вырасла на 30 %. Колькасць паведамленняў у чатах з колькасцю ўдзельнікаў каля 12 тысячаў дасягае на працягу дня нават некалькі тысячаў.

Як працуюць чаты для перавозу тавараў у Беларусь з Еўропы

Звычайна ў чаце чалавек, які хоча набыць за мяжою тавар, скідвае інфармацыю пра сваю куплю. У апісанні карыстальнікі пішуць, аплачаны тавар або яшчэ не. Потым пазначаюць аплату, якую яны гатовыя аддаць перавозніку праз мяжу за свой тавар, або адзначаюць, што гатовыя дорага заплаціць. Звычайна перавоз тэлевізара каштуе $ 100. Перавоз буйных іншых бытавых тавараў каштуе нават і $ 120. Людзі, якія замаўляюць дастаўку, таксама аплочваюць мыта.

Даведка
Telegram-чат для абмеркавання дастаўкі тавараў з Польшчы ў Беларусь.
Фота: Скрыншот / https://t.me/DostavkaRP

Часам людзі пакідаюць абвесткі, што тавар яшчэ не аплачаны ў краме, але перавознікі гатовыя працаваць нават і з такімі абʼявамі, укладаючы пры гэтым тысячы сваіх злотых.

Значна танней каштуе перавоз невялікіх рэчаў, вопраткі. Гэтак, напрыклад, за перавоз абутку гатовыя заплаціць $ 8.

Што беларусы набываюць за мяжой

Найбольшым попытам за мяжой карыстаецца бытавая тэхніка, якую беларусы набываюць у буйных вядомых польскіх крамах. Гэта тэлевізары, камп’ютары, мабільныя тэлефоны, пасудамыйні, сантэхніка. Не менш папулярныя онлайн-купля вопраткі, абутку.

Апошнімі месяцамі ўсё часцей беларусы набываюць за мяжой аўтадэталі. Людзі скідваюць свае паведамленні, у якіх відаць, што тавары для свайго аўтамабіля яны набылі на Allegro.pl або на разборах. За транспартаванне ў Беларусь такіх вялікіх паводле памеру дэталяў кшталту лабавой шыбы або бампера беларусы гатовыя заплаціць $ 25–30. За перавоз праз мяжу алею для рухавіка, іншых невялікіх тавараў перавознікі могуць зарабіць ад $ 5 да $ 8.

Hавiны
Каля чвэрці беларусаў эканомяць на прадуктах – даследаванне
2022.06.21 11:51

Таксама на працягу апошніх месяцаў сталі зʼяўляцца такія паведамленні, у якіх аўтары шукаюць не толькі аднаразовыя перавозы тавараў праз мяжу, але і дастаўляльнікаў тавараў на сталай аснове. Найбольшым попытам у такім выпадку карыстаюцца запасныя дэталі для легкавых аўтамабіляў.

Варта таксама адзначыць, што пры набыцці тавараў у Польшчы грамадзяне Беларусі могуць атрымаць вяртанне падатку на дададзеную вартасць. Яго памер складае 23 % ад кошту тавару. Звычайна людзі, якія набываюць тавары ў Польшчы, ведаюць пра гэта і ў сваіх паведамленнях пішуць свае прапановы з улікам сумы, якую пазней у Польшчы могуць атрымаць перавознікі тавараў.

Аналітыка
Падзенне да дна… Для Беларусі замежнагандлёвы цуд скончыўся
2022.06.26 11:30

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў