Непрызнанне дыплома. Гісторыя з асабістага досведу Аляксандра Фядуты

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларусам, якія вучацца ў польскіх універсітэтах, прыйдзецца пацвярджаць свой дыплом дома.

Мне гэта нічым не пагражае. Свой універсітэцкі дыплом я атрымаў яшчэ ў 1986 годзе, скончыўшы з адрозненнем філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы.

У 1997 годзе я абараніў у Расеі дысертацыю, атрымаўшы навуковую ступень кандыдата філалагічных навук. І гэты дыплом таксама прызнаецца ва ўсім свеце.

А вось далей пачалася цікавая гісторыя.

Студэнты і выкладчыкі сабраліся каля галоўнага корпуса БДУ на мірнай акцыі пратэсту. Менск. 19 жніўня, 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.еu, 2020 г.

Мне неяк не захацелася завяршаць сваю навуковую кар’еру з «коркамі» кандыдата навук. У гэтым няма нічога ганебнага – кандыдатамі навук памерлі вялікі Міхаіл Бахцін, шмат якія іншыя выбітныя літаратуразнаўцы, якім я, шчыра кажучы, у падноскі не гажуся. Але менавіта ўсведамленне таго, што я – «не Бахцін», на жаль… – падштурхнула мяне ўсё-ткі абараніць доктарскую дысертацыю. Тым больш, што ў 2009 годзе нішто не прадвясціла бур і трывог жыццёвых у тым маштабе, у якім абрынуліся яны на мяне ў снежні 2010 года. І я падумаў: абараню я паўнавартасную доктарскую дысертацыю і, раз ужо не знаходжу прымянення сваім педагагічным і навуковым здольнасцям на радзіме, паеду куды-небудзь чытаць лекцыі і зарабляць пенсію.

«Куды-небудзь» – гэта ў Польшчу або Літву. Дзе я неаднаразова выступаў з дакладамі на канферэнцыях, публікаваў свае навуковыя артыкулы. Ну – і гэтак далей.

А дзе абараняцца? Мяне ж, з лёгкай рукі былога міністра ўнутраных справаў БССР Віктара Піскарова, ведаюць як «пушкініста», што цалкам адпавядае праўдзе: кандыдацкую сапраўды абараняў па творчасці Пушкіна. А дзе «пушкіністу» абараняць доктарскую?

Правільна. У Расеі.

Але сваіх пушкіністаў у Расеі шмат, і ўсе яны – ну, амаль усе – будуць на галаву вышэй за мяне. Ва ўсякім выпадку тыя, з кім мяне лёс зводзіў асабіста. Таму пасля абароны планаваў я ўсё ж такі зʼехаць чытаць лекцыі ў Польшчу.

І на адной з варшаўскіх канферэнцый сустрэўся я з патэнцыйным «працадаўцам» – дырэктарам Інстытута русістыкі аднаго з польскіх універсітэтаў, панам Раманам (назавем яго так). Гэта была не першая наша сустрэча, так што мы былі «на ты».

– О! Пан Аляксандр! Як справы?

– Рыхтуюся абараняць доктарскую.

– Віншую! А дзе?

Я назваў адзін з прэстыжных маскоўскіх універсітэтаў.

– Добрая школа. А выкладаць дзе збіраешся?

– У Польшчу думаю ехаць…

І тут мой суразмоўца зарагатаў:

– Пан Аляксандр, а ты пра Балонскую сістэму што-небудзь чуў? І пра Лісабонскі пратакол?

– Чуць. А… што?

– Паглядзі сайт нашага міністэрства адукацыі. Там усё напісана. Ты ж польскай валодаеш?

… Я з цяжкасцю дабег да гасцініцы і паглядзеў сайт Міністэрства народнай адукацыі Польшчы. І даведаўся вельмі непрыемную для сябе рэч.

Савецкія дыпломы ў Польшчы (і ва ўсёй Еўропе) прызнаюцца.

Расейскія, беларускія і ўкраінскія – да 2005 года. Не з-за палітычных прычын. Проста ў 2005 годзе быў падпісаны той самы «Лісабонскі пратакол», які пралангаваў узаемнае прызнанне дыпломаў. А нашы тры «разумныя» усходнеславянскія «брата» яго не падпісвалі. І ўсё, што абаранялася пазней 2005 года ў гэтых трох краінах, неабходна ў Еўропе настрыфікаваць…

Гэта значыць – забяспечваць прызнанне.

Вось цікава, навошта мне настрыфікаваць мой дыплом у краіне, дзе заработная плата навуковага работніка ў разы менш, чым там, дзе ён і так прызнаецца?

Тым больш, што ў 2017 годзе я прайшоў працэдуру габілітацыі – гэта значыць, атрымання вучонай ступені поўнага доктара навук – у адным з найстарэйшых універсітэтаў Еўропы. У Ягелонскім універсітэце. Тым самым, дзе Францішак Скарына быў бакалаўрам.

І зараз мой дыплом доктара габілітаванага гуманітарных навук па спецыяльнасці «літаратуразнаўства» прызнаецца ва ўсім свеце. І калі яго не прызнае нейкі Аляксандр Лукашэнка, то, паверце, на мой прафесійны статус у вачах калегаў гэта ніяк не паўплывае.

У Дзень ведаў на вуліцы Менска на марш выйшлі студэнты, якія перакрывалі дарогі, уцякалі ад АМАПу і не палохаліся затрыманняў. Гэтае шэсце ўжо празвалі адным з самых дзёрзкіх у пратэстнай гісторыі краіны. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv / belsat.eu

Ну, не любіць спадар Лукашэнка еўрапейскія дыпломы. Чамусьці – польскія. А германскія – любіць? А французскія? А брытанскія? А я ж ведаю маладых беларусаў, якія атрымалі дыпломы ў Дзюсельдорфе і Берліне, у Парыжы і Руане, у Лондане і – які жах! – у Оксфардзе. Іх спадар Лукашэнка таксама прымусіць праходзіць працэдуру настрыфікацыі?

Імаверна – так. Бо там не чыталі курс дзяржаўнай ідэалогіі.

Але я сумняваюся, каб выпускнік Ягелонкі або Оксфарда вырашыў настрыфікаваць свой дыплом у Беларусі. Прынамсі, пакуль словы спадара Лукашэнкі будуць яшчэ нешта значыць для чыноўнікаў з Міністэрства адукацыі. Потым – так, можа быць. Але потым такую дурасць ніхто нікога прымушаць рабіць не будзе. Мне так здаецца.

Аляксандр Фядута belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў